1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29

Званы Віцебска

Б а г у с я. Якога?.. I хто гэта “мы”?..

Е ў г а. Кунцэвіча Ізахвата... А мы? Са мною побач жыла з маткаю-ўдавою Кася Ляснік. У семнаццаць год прыгажэй за яе не было дзеўкі. Ну, і ён, трэба сказаць, быў зух. Не бачыла прыгажэй за яго чалавека. Быў прыказчыкам у купца. Малады, гожы, як Іосіф, спявак. На крыласе ён спяваў. Як заспявае – душа ў небе. А год яму тады было – ну, можа, васемнаццаць-дваццаць. Што табе казаць далей? Усё зразумела. Яна, Кася, не верыла нам, што ён “Змій, у ястве чалавечым, бардза моцны”.

Б а г у с я. Еўга! Зноў загаворваешся? Пацярпі!

У браме з’яўляюцца Зуліся з Вальгінай. Па выглядзе абедзве п’яныя, але часам падаюць кудысь нейкія знакі рукамі.

Вальгіна.

А пад мостам рыба з хвостам,

На вадзе лілея;

Маладая дзяўчынанька

З хлопцамі не ўмее.

З у л і с я.

Куды ж мяне ведзяце,

Таку маладую?

Ды ў папову сенажаць,

Траву зеляную.

Вальгіна.

Хоць вы мяне ведзяце,

То я не баюся;

Я гарэлкі не піла,

То не павалюся.

Б а г у с я. I гэтую спаіла. Гора такое вакол, а яны вочы залілі, сучкі.

Е ў г а. Колькі ёй гаварылі: чалавек ператвараецца ў змея. Не верыла. Хто з сапраўдных католікаў руку ўзняў на праваслаўнага? Хто з праваслаўных? Ніхто... Народжаны ў гэтым – трымайся гэтага. I будзь чалавекам. I ў Чалавека, і ў лёсу, і ў бога імя – адно. Іншыя імёны ізахваты прыдумалі. I яны ж учынілі пагром. I тады ж заплакала ў нашай хіжы дзіця. Ніхто не ведаў, што Іван тады, разам з манастыром, гатовы ў здраднікі кінуцца, што да езуітаў ходзіць. Ніхто не верыў.

Б а г у с я. Што, зусім ніхто?

Е ў г а. Ніхто. Асабліва я н а. Грамілі цэрквы – і мы касцёлы грамілі. Спачатку цярпелі, а пасля грамілі. Івана бачылі там – яна не верыла. Пасля толькі паверыла і за сябе, і за малога... Галовы...

Б а г у с я. Ды стрымайся! Кажы, кажы!

Е ў г а. Пагром... А пасля ўстаў на ногі – Адпор. Абрыдла ўдаваць першых хрысціян... Адзін аднаго былі не лепшыя. Звяры!.. Горад у некаторых вулках палаў. I тады яны – твар, як палатно: “Бяжым, Еўга, бяжым ад змея”. I пабеглі. Як перапёлкі ў жыце. Ад горада, радзімы, хаты. Т о й прыйшоў – попел. I косткі. А гэта суседкі. Схаваліся. I ён падумаў – гэта праваслаўныя, ведаючы, ч ы я кроў, нас спалілі. I з таго й пачалося.

Багуся. “Іні адзін не пусціўся ўспяць”?

Е ў г а. Так. I мяне выслалі следам. I беглі мы. I тут яна пачала паміраць. Ад любові і ад жаху да ЗМЕЯ. I тут знайшоўся чалавек, які вырашыў узяць на сябе яе, змеева, дзіця. Стаў на калені дый кажа: “Павінна быці дзіця, хаця і ў змея. То я на сябе гэты грэх вазьму”. I Кася памерла. А дзіця тут. I я над ім часам апекавалася, пакуль не ўбачыла зноў, тут, Палікара і бог, з літасці сваёй, розуму ў мяне не адабраў. Бо гэта яны ўжо т у т... А бацька названы, святы чалавек, памёр. А змей з нянавісці пайшоў у манахі, а там – у іераманахі вуніі. А там... I вось наздагнаў нас тут. Мёртвую матку, вар’ятку павітуху і жывое дзіця.

Б а г у с я. Імя... Імя айчыма... В-вольха?

Е ў г а. Адкуль? Імя айчыма – Ропат.

Вальгіна. Бабы! Чуйце! Клічце іх.

Б а г у с я. I чаго дзяруцца, п’янічкі?!

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29