1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29

Званы Віцебска

З у л і с я.

У Ізахвата – ку-ку,

Зарэзалі суку,

Павесілі на браме,

Расцягалі зубамі.

З’яўляецца ў браме Іасафат Кунцэвіч. Зараз гэта руіна, хай сабе і магутная, былога волата.

Кунцэвіч. Усё распавяла?

Е ў г а. Усё.

Кунцэвіч. Ачомалася, значыць... Што ж, раней можна было цябе літаваць. Хто зразумеў бы, не ведаючы? Цяпер – канец адзін. Хай памру. Хлопчык усё ж будзе вялікім панам над гэтым быдлам. Гэй, варта...

Але яшчэ раней за варту і Палікара з Дарафеем вырвалася з дзвярэй кухаварні м а м к а.

М а м к а. Ав-вой, мае галубочкі! Ав-вой, што робіцца, скрыдлатачкі мае! Гаспіды гэтыя папа Ілю, каб ім давеку скрогат зубоўны! Крывішча па ўсёй кухаварні хвастала. На сцены, каб ім яго ніколі не абараніць, на печку, каб яго там сто год пяклі ды не дапяклі, на катлы, каб яго там д’яблы на лой варылі – сатане боты мазаць.

П а л і к а р. Браць ведзьму!

У гэты момант першы, магутны ўдар скалыхнуў паветра. Другі, трэці. Яшчэ і яшчэ. Запалалі агні, узвілося за прачысценскай царквой магутнае полымя. Раве, здаецца, увесь свет.

Кунцэвіч. Што гэта такое?

Б а г у с я. Гэта набат. Віцебскі набат.

Е ў г а. Гавораць Віцебскія званы.

За частаколам паасобныя крыкі: “Папа Ілю ўзялі”, “Трупы людзей з магілаў павыкідалі”, “На сметнік”, “Сабакі па сметніках людзей за валасы цягаюць”, “Біць”, “Забіць!”, “Смерць Ізахвату!” Крыкі зліваюцца ў агульны, дзікі рык ярасці.

Б а г у с я. Вось. Вось і яно прыйшло, ты...

Па двары кідаюцца служкі, мітусяцца Палікар з Дарафеем, мільгае зрэдку цень езуіта.

Е з у і т (з мура). Божа мой! Людзі непабожныя! Свавольства паспалітае з пасадаў! Шляхта са шляхецкіх гаспод!

М а м к а. Дзіва што! Тых шляхецкіх слобад большая палова места. Круціся, круціся на сваёй патэльні, уюн. Сам агонь расклаў.

Е з у і т. Унь з вышняга. I з ніжняга замкаў. Колькі іх! Тысячы! Да ратушы ірвуцца.

Магутны, на ўвесь свет, удар.

Кунцэвіч. Усё. Ударылі ў ратушны звон. Цяпер канец усім думкам. Хлопчык... Хлопчык... Чаму не загаварыў са мной?!

У двор удзіраецца чалавечы натоўп, дарослыя, старыя, жанчыны, узброеныя чым папала. Выбілі дзверы кухаварні, схапіліся з вартаю, выцягнулі скрываўленага Ілю.

В о л ь х а. Ну што? Пагаварыў з імі?

I л я. А чаго? З імі размаўляць мо-ожна. Але толькі на той мове, якую яны разумеюць. (I “ўрэзаў” Дарафею ў зубы.)

К р ы к і. – Забойцы!

– Саломы, саломы сюды!

– Спаліць гэтае кубло!

Чыніцца дзікае збіццё гвардыі. З абодвух бакоў падаюць мёртвыя і параненыя. Мільгаюць гізаўры, дзіды, доўбні.

Е з у і т (Кунцэвічу, які моўчкі, як статуя, стаіць на сходах). Рабіць? Рабіць што?

Кунцэвіч. Разважаннямі пра бога займаўся, за мной сачыў... Цьху... Вынось адсюль ногі, гніда.

З акенца-байніц – стрэлы. Пасля адтуль вылятаюць шыбы: відаць, і там кіпіць бойка. Е з у і т, па-за спінамі, выслізнуў з двара. Але астатнім не ўдалося. Натоўп прарваў ланцуг гвардыі. Наперадзе арудуе гізаўрай Р о п а т, побач з ім круціць шабляй В о л ь х а.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29