1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29

Званы Віцебска

В о л ь х а. Багуся! Іду да цябе.

З у л і с я. Ах, Сцяпан! Ах, б’ецца! Хоць то рэчка, хоць то бэз, хоць то хлопец, хоць то пес.

Дарафей узнімае ручніцу. I тут Зуліся кінулася, закрыла сабою Пасіёру. Стрэл. Дзяўчына хіснулася.

Сцяпан! Сцяпан! (Крык такі жахлівы, што ўсё адразу робіцца зразумелым.) Ну вось. У руку. Як жа цяпер прасці табе?

П а с і ё р а. Ты што?

З у л і с я. Эх ты, “язва”, “язва”... А няхай ён целяпей, такі ўсё ж за ім ляпей.

Пасіёра. Антоні! Сцеражыся! (Кідаецца з узнятай шабляй бараніць Вольху ад Палікара і падае, паранены ў плячо.)

Скрыжавалі зброю Вольха і Палікар. Сеча. Палікар падае.

З у л і с я. Сцяпане! Сцяпане!

П а с і ё р а. Што з табой? Дзе?

З у л і с я. Нічога. Хват ты, Сцяпане! А ў горадзе крокус рос – салодка карэнне. Пацалуй жа ты мяне – дастанеш збавення.

Вальгіна. Ды ты што? Сляпы, пень?

Зуліся спаўзае па Сцяпану і цалуе яго калені.

3 у л і с я. Ачомайся, Сцяпане... Ну вось, ну вось. Цяпер – добра.

В о л ь х а. Пасіёра, што з табой?

П а с і ё р а. Нічога, на бліжэйшыя дні, відаць, адваяваўся. Гэй, людзі, кіньце гэтае напаўжывое падла ў яр!

Палікара пацягнулі на мур, разгайдалі і кінулі. I тут нехта заўважыў Іасафата. Агульны рык: “Вось ён, папежнік! Вось, душахват!”

Іасафат спакойна, безжыццёва адступае перад дзідамі ўгору па сходах. Спіною.

Наперад вырваўся Ропат з гізаўрай.

Р о п а т. Рыхтуйся адказваць за ўсё.

Кунцэвіч. Значыць, і ты. Яны цябе не забілі тады. Яны з цябе зрабілі зброю забойства. З мяне таксама. Але ты, ты – сыне мой.

Вольха адцягвае Ропата, той вырваўся. Багуся выкручвае ў яго з рук гізаўру.

Б а г у с я. Не, не! Толькі не ты, Ропат, толькі не ты!!!

Р о п а т. Чаму не я? Ёсць яна і ты, а што я?

Б а г у с я. Не! Не-е! (Выдзерла гізаўру і, дзіка агледзеўшыся, падала яе Вольху.) Ідзі!

Вольха наступае па сходах на біскупа, што стаіць ужо на гульбішчы.

К у н ц э в і ч. Дзякуй табе, божа. За ўсю маю брыду ты адплаціў мне адзінай ласкай.

В о л ь х а. Я не хацеў.

Б а г у с я. Бі, пакуль не ачомаўся т о й.

Кунцэвіч. Гэта нічога. Даруй мне, люд. Нічога, Вольха. Ад тваёй рукі мне лёгка. Бі. У рукі твае, пане, аддаю дух мой. (Стаў на калені, схаваўшыся за балюстрадай.)

Вольха з сілаю апусціў гізаўру. Глухі ўдар... I паўза. Вольха спускаецца ў цішыні са сходаў, адкідае гізаўру, моўчкі ідзе прэч.

М а т ы с. Гэ... ды ён яшчэ... жыццё падае. Не мучайся, божая душа. (Страляе ў біскупа са стрэльбы.)

Некалькі чалавек, амаль у поўнай цішыні, сцягваюць біскупава цела за ногі па сходах. Выцягваюць з двара. Крычаць над маўчаннем званы. I толькі калі труп выцягнулі за браму, тыя, што не бачылі ўсяго, выбухнулі.

Г а л а с ы. – Руку яму адсячыце, што хлусліва знаменіе ўздымала.

– Бачыш? Прывязалі, цягнуць.

– Сабаку ягонага забілі, кінулі на труп.

– Сабака на сабаку едзе!

– Цягнуць на адхон!

– Разгайдалі яго, сволач, кінулі з урвішча!

– Плыві, душахват!

– Не, рыбакі вылавілі.

– Камянёў яму за вопратку.

– Хло-опцы, вязіце яго тапіць пад Пескавацік! Там найглыбей!

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29