1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29

Званы Віцебска

В о л ь х а. Хадзем, Багуся. Хадзем адсюль. Нібы расціснуты я. Ніколі не думаў, што так... нясцерпна.

Багуся. Ясна, што нам нясцерпна. Гэта ім усё сцерпна, а нам...

Р о п а т. Ну вось. Хадзем. Цяпер толькі біцца – і ў бойцы загінуць. I забыць.

Пасіёра і Зуліся ўздымаюцца на ногі.

Пасіёра. А мне... Мне што рабіць? Божа-божа, як не пашанцавала.

В о л ь х а. Ты зараз не воін. Сваё зрабіў. А астатняе пакінь нам. I вось што... вазьмі яе з сабою.

П а с і ё р а. Гэтую язву?

З у л і с я. Сцяпанка! Сцяпанка! Набі мяне.

П а с і ё р а. За што?

З у л і с я (вядзе яго). За ўсё. Але чаму, чаму ты так доўга не бачыў?

Р о п а т. Ну вось. Ім жыці. А мы?..

Заслона

ДЗЕЯ ТРЭЦЯЯ

КАРЦІНА ШОСТАЯ

У змроку, які вельмі-вельмі павольна святлее, хаўтурныя ўдары званоў. I пад гэтыя рэдкія стогны Г о л а с чытае хроніку.

Г о л а с. Так, сказала сваё слова Справядлівасць. I хай пасля, насупер ляманту ісціны і чалавецтва, Кунцэвіч быў названы блажэнным (beatus), а потым і святым (sanktus), народ і гісторыя пакаралі ўсіх ісцінай. I пасля гэтага ўжо нічога не маглі змяніць ні іконы, ні дым міры, ні славаслоўі велічы і мудрасці, ні люты, ваўчыны, бязлітасны, крыважэрны, няшчадны, дзікі пякельны разгром Віцебска, ні злавесны і крывавы лёс сыноў горада. Чалавек быў забіты. Таму, што ён не думаў, ці можна плаціць за парадак бессаромным уціскам і расправай з іншаверцамі. А калі падумаў – было позна. I ён заплаціў за гэта цаной свайго “я”, сваім жыццём.

Толькі праз некалькі дзён забітага выцягнулі з Дзвіны, ля Пескаваціка, і накіравалі ў Полацк. Толькі некалькі дзён здолеў пратрымацца горад.

А пасля прыйшлі палкі каралеўскай пяхоты і кавалерыі. На дзевяты дзень усё было скончана.

15 студзеня суддзі прыехалі ў Віцебск. 17 пачаўся суд, 21 – вынесены “хуткі і літасцівы” прысуд. Сто чалавек было асуджана на кару смерцю, але яны, пераважна, паспелі скрыцца.

Тры дні. Суддзі, людзі, самой эпохай прывучаныя да гнюснасцей, спяшаліся, баяліся казакаў, якія, падманутыя хлуслівымі ганцамі, так і не прыйшлі на дапамогу гораду. Дзе там было разбірацца? Выслухалі толькі абвінавачанне супраць цэлага горада. I справа звялася да пакарання горада. Каб забіць самы дух ягоны. I кара пала на ўвесь горад. На шматпакутныя Віцебскія званы.

Зусім заднела. Плошча перад трохступеньчатьм гмахам старой ратушы. Перад намі, крыху лявей, шырокія сходы, што вядуць на парадны ганак. Справа і злева ад яго – гульбішчы, а над імі – вышка з галерэяй і гадзіннікам. На першым паверсе, злева ад сходаў, катоўня, з якой далятае гул полымя. Справа, пад мурам “вaжні”, уваход у цямніцы. Між ратушай і “важняй” высокі драўляны эшафот. Між ім і “важняй” укапаныя ў зямлю, амаль побач, два слупы. Плошча запоўнена народам. На ганку сталы. Ідзе па сходах, збіраючыся заняць месца за сталамі, высокі трыбунал.

Г а л а с ы. – Унь ідуць.

– А якім правам судзяць?

– Ніякім. Мы ад моцы судоў і трыбуналаў вольныя.

– Ясна: “Ніхто іншы судзіці і ўладзы над імі не мае”. Гэта наша Майдэборскае права.

Д а р а ф е й. Сціхніце вы... Дык вось, права таго ў вас ад гэтага часу не будзе. Пакутніка забілі.

Абдзярыха. Пакутнік. Толькі не з таго боку. Ад езуітаў ён пакутнік.

Д а р а ф е й. Но-но! Вы што, не чулі? Над месцам забойства – воблака, і ў ім – святло. I святло над Дзвіной паказала месца, куды кінулі.

Абдзярыха. Брахня гэта.

Д а р а ф е й. Не брахня, а тое, што святы. Вось і мы маем.

М а м к а. Калі ўжо ў нас такія святыя – ясна, што мы за царква.

В а р т а праводзіць у падзямелле Вольху і Багусю.

Вой! Павялі, павялі! Яны – пакутнікі, яны – святыя, а не ты.

В о л ь х а (праходзячы). Гэта ён святы? Дарэмна тады вы – гэй, Сапега! – дарэмна ты і твой кароль у святыя Нерона не запісалі. Невядома, хто хрысціян больш мучыў.

Іх правялі ў падзямелле.

К о р в і н (Сапегу). Робіцца нешта дзікае, вялікі канцлер.

Г а л а с ы. – Хто гэта з Сапегам гаворыць?

– Рэферэндарый і пісар княства, Аляксандр Корвін-Гансеўскі.

– Гэты, кажуць, нічога.

С а п е г а (суха). Не пакараць – значыць, кінуць цень на унію.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29