1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29

Званы Віцебска

К о р в і н. Рэквіемы, панегірыкі, малебны ў Сафіі. I... гэтыя плахі. I ў Рыме пішуць, што труп сам прыплыў у Полацк, супраць п лыні. Забылі або і не ведалі, што Полацк ляжыць н і ж э й. Конскі каўцюх кінь у ваду – і той прыплыве.

Сапега. Сам ведаю. I ўжо як распісваюць– “велце святога, пабожнага, спакойнага чалавека акрутне на смерць забілі”. Хлусы... Я не любіў яго. Я перасцерагаў. Але ж і яны парушылі закон. I я павінен судзіць іх па ўсёй строгасці закону. I за гэты дзень на мяне стагоддзямі будуць вешаць усіх сабак.

К о р в і н. А тваё слова?

С а п е г а. Мы – дзяржава, якая шмат чым рызыкуе, калі свет даведаецца, што мы патураем забойству і ерасі...

Камісія заняла месцы за сталом.

М а м к а. Бач, зляцеліся.

С а п е г а. Камісарскі суд, а ў ім Самуэль Старасельскі, суддзя, Ян Дырмант-Сівіцкі, падсудак, Леў Гурко, пісар; суддзі: Леў Сапега, ваявода віленскі, магілеўскі і іншы стараста, канцлер; вяльможны Хрыстафор з Друцка Сакалінскі, кашталян мсціслаўскі, сурагатар ваяводства Полацкага; Аляксандр Корвін-Гансеўскі, рэферэндарый і дзяржаўны сакратар Вялікага княства; вяльможны яго літасці пан Багдан Сапега, аршанскі, чачэрскі, прапойскі і іншы стараста; і пры іх літасці, па асобым яго каралеўскай вялікасці павяленні, Мікалай Завіша, сурагатар віцебскі, – правялі следства і суд дзеля асуджэння і пакарання мяшчан віцебскіх за жорстка закатаванага імі правялебнага айца Іасафата Кунцэвіча, арцыбіскупа полацкага, і, правёўшы фармальнае жорсткае следства...

Абдзярыха. Катавалі, люцыпары.

С а п е г а. ...аб такім мяцяжы і яўным нядаўнім злачынстве, вырашылі скончыць гэтую справу без усякай затрымкі і апеляцыі. Разгледзеўшы абвінавачванні капітула, выслухаўшы скаргі тых, што знаходзіліся побач з блажэнныя памяці біскупам, камісарскі суд вінаваціць усіх мяшчан Віцебска і шматлікіх з Оршы, Магілёва, Полацка і Вільні ў тым, што наводзілі на дзяржаўную здраду народ. Што склалі змову супраць уніі яшчэ ў лютым 1621 года. ПІто, не жадаючы падпасці суду, узяліся за камяні і, скінуўшы на знак змовы і мяцяжу шапкі ў адну кучу, абразілі ў асобе войта яго каралеўскую вялікасць.

М а м к а. Інстыгатар патрабаваў, каб аддалі катаванням.

Крык з сутарэння.

Што гэта?

Абдзярыха. З Нешы прызнанне выдзіраюць.

М а м к а. I што?

Абдзярыха. Як іншыя.

М а м к а. Маўчыць?

Абдзярыха.А няўжо ж перад такімі гаварыць, любка?

С а п е г а. ...забілі. Абклалі саломаю дом біскупа і хацелі былі спаліць. Слуг – каго пабілі, а каго збілі: Дарафея Лейціковіча, архідыякана, Мікалая Акалова, Эмануіла Кантакузіна, грэка, Рыгора Ушацкага, Фаму Сяляву і іншых многіх... Усё разрабавалі, і ўбытку ад таго 3079 злотых... Напала каля тысячы чалавек, і разам з простым народам бурмістры Навум Воўк, Сымон Неша, Сцяпан Пасіёра, і ратманы, і лаўнікі многія. Таму ўсіх іх, колькасцю да ста чалавек, асудзіць завочна на смерць, дзе б толькі ні адшукалі.

Г о л а с. Што ж ты... Ізахвату адно, а мы бачым другое?! Як глядзіш ты нам у вочы?! У сабакі вочы пазычыўшы?!

С а п е г а. Тых жа, хто ў закаранеласці не ўцёк і каго, папаймаўшы, страж адправуем, у вязеню маючы: Навума Воўка, Сымона Нешу – бурмістраў, Я н а Г у ж н і ш ч а в а – які біў у ратушны звон, Грышку Скаруту, Гаўрылу Раманавіча, Іермака Гайдука, Фурсу, шапавалавага сына, Багдана Кузняца, Грышку Бібку, Гаўрылу Пушкара, Ісаака Любчына, Івана Аквіна, Рамана Даніловіча, Фёдара Казака, гаршэчніка, Фёдара Цацэку, Якава Шынкара, Сцяпана Труховіча, Васіля Фірса, Пятра Васільевіча, палачаніна, – пакараць смерцю – праз адсячэнне галавы на плошчы перад б ы л о й ратушай бясслаўнага места Віцебскага. Прысуд выканаць неадкладна.

Г а л а с ы. – Як былой?

– Ды што яны там?

– Яшчэ смуты не бачылі?

С а п е г а. Маёмасць усіх канфіскаваць.

Абдзярыха. Безгаловага жабрацтвам не настрашыш!

С а п е г а. Увесь Віцебск прызнаць вінаватым, Майдэборскага права і ўсіх увогуле правоў пазбавіць. Ратушу, у якой склалася змова, разбурыць.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29