1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29

Званы Віцебска

П а л і к а р. Муляраў сюды.

Пасля некаторага замяшання і збянтэжання варта выводзіць д в у х м у л я р а ў, што нясуць насілы з цамянкай.

К о р в і н. Што там за шум?

П а л і к а р. Гэта я падбаў. Каб бачылі. Каб ужо сёння пачалі замазваць усе прадухі ў склепе. Бурыць пачнуць, а там жа ўсё канфіскаванае майно. Не трэба, каб яго дождж або снег псулі. I унь на камені выбітыя аршыны і сажэні: звяраць. Замазаць іх. Зныня і назаўсёды гандлю ў горадзе – канец.

К о р в і н. А-а. Прадбачлівы ты, прадбачлівы.

С а п е г а. ...разбурыць да грунту.

Няўцешныя рыданні ў народзе.

Зняць вечавы звон – знак прывілеяў і волі горада.

На катках варта вывозіць на плошчу звон.

Саборную прачысценскую царкву, пры якой зроблена злачынства, зламаць, а замест яе пабудаваць для уніятаў, за кошт гараджан, новую, у большым памеры і велікапышнасці. I на званіцу яе павесіць звон, адліты з былых званоў, з вечавога звона і тых, якімі білі ў набат падчас мяцяжу. А на ім зрабіць надпіс, што змяшчае кароткую аповесць пра забойства.

К о р в і н (ціха). Кароткую аповесць пра забойства горада.

С а п е г а (ціха). Воля дзяржавы павінна быць няўхільная.

Пачалі выводзіць асуджаных. Некаторыя ледзь ідуць, але галовы трымаюць высока.

Я даў ім магчымасць, асуджаным.

К о р в і н. Якую?

С а п е г а. Калі прыме хто езуіцкага духоўніка, а там і лацінства, то памілаванне.

К о р в і н. I што?

С а п е г а. Усе выбралі смерць.

Асуджаныя падымаюцца на эшафот.

Г о л а с. Хлопцы, трымайцеся! Хлопчыкі! Віцебск з вамі!

Навум Воўк. Быў у нас герб. У блакітным полі – Спас Збавіцель, а ніжэй – голы крывавы клінок. Вось яно, іхняе прароцтва! Вось што яны нам рыхтавалі!

П а л і к а р. Ты так на чыстую веру?

Навум Воўк. Настолькі яна ў вас чыстая, што аж смярдзіць.

Д а р а ф е й. Ды людзі! Ды што ж гэта такое? Усе чулі: падчас забойства сын Яна Леўшы, уніята, прачнуўся і з плачам крычаў: “Тата, бога забілі”.

Н е ш а. Не верашчы. Бога тут сёння і сапраўды забілі.

Д а р а ф е й. Ён пакутнік.

Н е ш а. Так, пакутнік. Толькі не ад нас, а ад вас.

С а п е г а. Ціха! Больш гаварыць няма аб чым.

К о р в і н. I аднак мы так і не ведаем, хто з іх забіў. Ніхто не бачыў. Усе маўчаць. Ну ніхто з катаваных не сказаў, хто нанёс удар.

Вывелі Марцыяна Ропата.

Ну, гэтаму глупства. Выгнанне. I Вольху – пасля катавання. I яшчэ пяцідзесяці.

С а п е г а. Хто з вас бачыў смерць непасрэдна? Хто нанёс удар гізаўрай?

Маўчанне.

П а л і к а р (Ропату). Дастукаўся, Марцыяне. Скажы, хто ўзняў. Атрымаеш дараванне. I не адзін, а з сябрамі. Унь Вольху з Багусяй катаваць агнём павялі.

Р о п а т. Іх? Катаваць?

Паўза.

Адпусціце тых. Ты памыліўся. Біскупа забіў гізаўрай я.

Уздых жаху.

М а м к а. Нашто ж ты прызнаўся? Нашто прызнаўся, сынок?

Р о п а т. Я не хачу жыць. Адпусціце тых.

П а л і к а р (унутрана трыумфуючы). Ёсць адзін. Што ж, размова кароткая. За чуб ды на пень.

Р о п а т. Рана ты радуешся, поскудзь.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29