1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29

Званы Віцебска

В о л ь х а. Азадак твой яго памятае. А забудзеш – ён табе напамяне яшчэ.

П а л і к а р. Не напамяне. Нічога ён ужо нікому не напамяне. Шкада, схібіў я, прамахнуўся. Думаў, у пары з ёю – ён. Ну і зрабіў падаруначак да...

Б а г у с я. Не слухай.

Палікар. ...да вызвалення ад дыбы, ад... Выгнанне цябе ўсё ж чакае. I я табе скрутачак адзін такі ў дарогу дам... Круглы.

Б а г у с я. Вольха! Брэша!

В о л ь х а. Не, тут нешта не тое... Гэй, люд, Ропат дзе? Ропат дзе, кажу?

Г о л а с. Толькі што адсеклі галаву Ропату, Антоні. Прызнаўся, што гэта ён секануў гізаўрай.

Вольха. Гэта... Гэта як жа?.. А я? У мяне чаго не спыталі?

Г о л а с. Маўчы, Вольха. Маўчалі ж месяцы. Цяпер ужо нічога не папішаш.

Абдзярыха. Сцісніся.

М а м к а. Маўчы, мы бачым.

П а л і к а р. Ну, ясна. Ці мог ён, каб яна твар у твар з дыбай. Ясна, не мог.

В о л ь х а. Усё.

П а л і к а р. Гэх ён, бацьказабойца. Паказаць сябе захацеў: “Бабу, маўляў, пусціце”.

М а м к а. Забіты ён. Сцісніся. Усё адно.

Б а г у с я. Усё адно.

В о л ь х а. Не, дзяўчынанька, не. Не ўсё адно. Я краў, я і адказ трымаць буду. Названага брата кінуць аднаго не магу. Душа ягоная там плача. А калі няма дзе ёй там плакаць – а відаць няма дзе, – калі паўсюль на зямлі такое паскудства, дык хаця не дазволю, каб пэцкалі ягоную памяць бацьказабойствам. На нас і без таго да восьмага калена будуць ліць гразь, яны гэта ўмеюць. На наша з табою імя – хай сабе. Але пэцкаць дваццаць пяць вежаў горада яшчэ і такой маною – такога я ім не дам. Адвярні морду, ты... (Абдымае дзяўчыну). Бывай, маё шчасце. Думаў я, што не так. Думаў, хата... “за стол твой, мой каханы, ланенкаю”.

Б а г у с я. “У ложу тваю, мой каханы, маленькаю”... Вазьмі мяне з сабою.

В о л ь х а. Не трэба, маленькая. Ты яшчэ пажыві, колькі хочаш, павесяліся з сонцам. А я парадуюся на цябе, пакуль разам не... (Адарваў яе ад сябе. Ідзе да эшафота.) Людзі! Народ віцебскі! Богам клянуся, засечаны толькі што Марцыян Ропат не вінен. Гэта мая рука апусціла гізаўру. Вось гэтая! А той, той хрыстапрадавец, той здраднік свайго народу аддаў смерці бязвіннага. Толькі таму, што гэтай гадзюцы здалося, нібы Ропат адбіў у яго дзяўчыну, якая на такога разлезліка, як ты, Палікар, і пляваць не хацела. Ясна, такі, як ты, трупы па начах сніць не будзе. Але паглядзі, паглядзі на рукі, Абрагімовіч. Яны ў цябе ў нявіннай крыві. Паглядзі.

Той машынальна паглядзеў, захістаўся. Гул натоўпу.

М а м к а. Ды што ён, п’яны?

Абдзярыха. Ён заўсёды п’яны. Дзе не крывёю, там гарэлкай. Такі халуй за чарку ад пана ад Варшавы да самой Масквы, па іржышчы, голым носам вош пагоніць.

Змрочны, пагрозлівы смех натоўпу.

Во л ь х а. Г-га-ха-га! Дык вось, ты іх не адмыеш, ты, што бацьку, родны свой горад, пазбавіў языка, што матцы, зямлі сваёй, чэрава ўспароў. Цьфу! (Ідзе паперадзе варты.)

Палікар дзіка агледзеўся. Кінуўся да Багусі.

П а л і к а р. Слухай, я адкладу, нібы на даследаванне. Даб’юся. Мы дамо яму ўцячы. Я не магу болей. Пагарда вакол. Не адштурхні мяне, апошні мой бераг, апошняе маё спасенне... Бачыш, рукі...

Б а г у с я. Ты іх паспрабуй адмыць спярша, рукі.

П а л і к а р. Застанешся адна.

Б а г у с я. Не, Палікар, адна я не застануся. (Плюе.)

Страшнае маўчанне народа.

Антоні, чакай мяне, я іду за табой. Яшчэ сёння ўзрадуемся разам на небе.

П а л і к а р. Ты што? Ты што? Хто карае жанчын? Ты ж і рукі не ўздымала! Людзі, не слухайце яе.

Б а г у с я. Гэта я прынесла гізаўру. Гэта я загадала, каб ён ж-жахнуў таго цмока па галаве. I, хай мяне пярун шасне, калі я не бачыла, як у яго з галавы – з-пад сякеры – палілася атрута і вылецеў у паветра д’ябал.

П а л і к а р. Яна нагаворвае на сябе. Заторкніце вушы, людзі!

Б а г у с я. Хто бачыў? Ага, вось ты, баба Еўга.

Е ў г а. Ага, ага, бачыла, бачыла. Гэта яна падала. Варта было. Ён людзей выкопваў. I д’ябла бачыла. Чорны такі анёлачак. Рожкі, як у козкі. Зубкі, як часначок. Хвосцік, як памялцо.

П а л і к а р. Не слухай вар’яткі, народ!

Вартавы прабіўся да яго праз натоўп. За ім яшчэ двое – цягнуць мяхі.

Гэта яшчэ што такое? Якога д’ябла?

В а р т а з ы. Гадзіну назад убачылі, як невядомыя з урвішча кінулі ў Дзвіну два мяхі. З таго месца, адкуль і... Выявілі. Вось што ў іх.

Палікар аслупянела глядзіць на твары Дарафея і Касінскага.

П а л і к а р. Дарафей... Езуіт.

К о р в і н. Боская адплата.

П а л і к а р. Стойце... Прыпыніць страту...

Б а г у с я. I гэта нашы сябры зрабілі... Я іду да цябе, Антоні. Цяпер мы будзем спаць спакойна.

П а л і к а р. Цяпер усё. (Пасля паўзы, здаўленым голасам.) Прывязаць іх да слупоў.

Варта прыкручвае Вольху і Багусю да слупоў, плячом да пляча.

Муляраў сюды. Сякера занадта хутка скончыць з імі.

М у л я р. Што?

Палікар чэрпае кельмай цамянку і плюхае на ступакі прывязаных.

П а л і к а р. Рабіць далей.

Муляры муляюцца.

I, клянуся першамучанікам Ігнатам, і святым Васілем, і Янам Ксціцелем клянуся, што калі адмовіцеся – загадаю пасадзіць на палі азадкам не толькі вас, не толькі сямейных вашых, але і ўвесь Задунаўскі канец. Ну!

Варта насоўваецца на муляраў.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29