1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29

Званы Віцебска

В о л ь х а. Працуйце, хлопцы. Не хапала яшчэ, каб столькі людзей...

Б а г у с я. Мы даруем вам. Мы выпрасім вам дараванне.

Муляры, калоцячыся, пачынаюць працаваць.

В о л ь х а. Ну-ну. Досыць калаціцца. Няхай – яны.

П а л і к а р. Пасля, калі задыхнуцца, – абскрабіце лішкі цамянкі і зрабіце якабы два балваны. I хай стаяць, на пострах усім, колькі будзе трэба.

В о л ь х а. Галовы адсечаныя не прыставіш, лепшых сыноў горада, лепшых братоў – не вернеш. Але горш за смерць нашу – смерць залатой волі Віцебска. Нічога, яна ўстане. Не можа не ўстаць. З тым і памром. З горыччу, але і з надзеяй на святло. Званоў нашых не заглушыць. Кішка ў іх, паршыўцаў, слабая.

П а л і к а р. Ну то стойце і слухайце. Дзе яны, вашы званы?

В о л ь х а. Мы будзем стаяць. Помнік Віцебску, які ты думаеш, што забіў. I які нельга забіць. Як увесь наш бедны, наш моцны край.

Паўза. Цамянка ўжо да калень.

Бывай, Багуся.

Б а г у с я. Нічога, мы пастаім. Толькі на пострах табе, а не людзям, іуда. Антоні... “У ложу тваю...”

В о л ь х а. Я цябе кахаю.

Багуся. І я цябе кахаю. I мы ўрэшце разам. Разам ва ўсе дні да сканчэння свету.

Цемра. Надрыўны свіст ветру. Потым нібы крыху святлее. Стылая, аранжава-жоўтая, разгараецца над горадам стужка зары. На плошчы, у слабой пляме святла, два грубыя ізваянні з закарэлай цамянкі. На плошчу няцвёрда выходзіць П а л і к а р у суправаджэнні т р о х вартавых.

П а л і к а р. Рукі... Рукі.

З’яўляецца С а п е г а. За ім с л у ж к а нясе ліхтар.

1 - ш ы в а р т а в ы. Хто ідзе? Божа, канцлер. Куды ў такую ноч, ваша высокая мосць?

С а п е г а. Сёння ад’язджаем. (На Палікара.) Што гэта з ім?

1 - ш ы в а р т а в ы. Баімся ўсе, што звіхнецца. За шаблю некалькі разоў хапаўся.

2-гі вартавы. Ходзіць, мармыча: “Рукі-рукі”. I ўсё яго сюды верне. Стане і слухае, слухае.

3-ці в а р т а в ы. Войт так і сказаў: “Сачыце за ім хлопцы, бо як бы не спяціў. Бо вось так яно ў розуме і псуюцца”. Слухае.

С а п е г а. Чаго слухаць? Маўчыць горад. Раб, у гразь кінуты, – цяпер горад. Без голасу, без званоў.

1 - ш ы в а р т а в ы. Добра хаця, што парадак у дзяржаве захавалі.

С а п е г а. I тое праўда.

П а л і к а р. Маўчыць... Рукі-рукі. (Да “статуй”.) Што, і вы маўчыце? Сцішыліся. Мерцвень, халодная, як гэтая цамянка, як тое вапно, як тая заранка, стылы лёд. Дзе тваё сэрца, Багуся? А цёпленькае было. I магло б жыці, песціцца. А тваё дзе сэрца? А гарачае было. Як пажар. То ж бо! Дзе яна цяпер, ваша сіла? Стаіце балванамі на скрыжаванні. А маглі б жыць, каб саступілі, каб трысціначкай, якую вецер не ломіць. А рукі? Маўчыце? Ну вось. Перамог усё ж я. Мёртвы горад. I стаіце вы балванамі, помнікамі на яго магіле. Вось. Во-ось.

Пляма святла пашыраецца, і раптам мы бачьм, што на месцы ратушы, пад аркадамі і перад імі, моўчкі стаяць людзі.

Вы што тут? Вы што тут кожную ноч? Плачаце моўчкі? Моўча, а дума воўча? Маўклівая непавага да ваявод, кашталянаў, старастаў, сурагатараў? Ты вось што?

Е ў г а. Слухаем.

П а л і к а р. Што?

Е ў г а. Тое, што грукоча.

П а л і к а р. Што? Што грукоча, я цябе пытаюся? Няма чаму грукатаць. (Прыслухоўваецца.) Ну дзе, ну? Што?

Е ў г а. Грукоча. Там.

П а л і к а р (слухае). Нічога не грукоча. Ці мо грукоча? Дзе? Там? Ага, нешта нібы цюкае. (Ходзіць, прыслухоўваючыся да нечага, нібы вынюхвае.)

У цішыні, спачатку амаль нячутна, а пасля ўсё мацней і мацней, пачынаюць аддавацца ўдары сэрцаў: тук-тук-тук-тук. Мацней, мацней і мацней.

Грук-грук-грук. Дзе? Ага, тут. (Ён кідаецца да ізваянняў і прыкладае да іх вуха.)

А грукат ужо нясцерпны, і вось ужо ў ім нешта нават металічнае, і невядома, што гэта: неймавернай сілы ўдары сэрцаў ці набат.

Грукоча-грукоча-грукоча. Не, не могуць. Яны ж мёртвыя, халодныя. (Адарваў руку ад цамянкі.) Гэта я, вось гэтымі рукамі, забіў іх. Гэтага не можа быць. Грукоча-грукоча. Ды змоўчце вы! (Выхапіўшы шаблю, б’е плазам.)

Грукоча. Званы! Званы! Званы Віцебска! Набат! Набат! Набат! (Падае на калені. Заціскае вушы. Але ўдары ўжо нясцерпна запаланілі ўвесь свет.) Сціхніце-е-е!

1 - ш ы в а р т а в ы. Ну, гэты гатовы, Толькі на ланцуг.

С а п е г а. Што ж, усё скончана. Пасля таго, што здарылася, – гэта канец. Не цяпер, то ў чацвер. Гэтыя што? Гэткіх не замуруеш. А мы?

Удары – удары – удары.

П а л і к а р. Галава-а расколваецца. У галаве б’е. Грукоча – грукоча! Набат! Набат! Гру-ко-ча-а-а! Наба-а-ат!

Заслона

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29