Званы Віцебска

Г а л а с ы. На кавалкі іх раздзерці! У Дзвіну іх!

I л я. Ды кіньце вы іх. Хай сваім смуродам дыхаюць. Бо яны ні палякі, ні русіны.

З у л і с я. Ні мужчыны, ні жанчыны. Так, невядома хто. Пасярэдзіне.

П а с і ё р а. Ну чаго ты ўстраеш? Чаго?

З у л і с я. А не лезь ты на ражон перад усімі. Ды хоць бы справай, а то... Гаворыш добра. Дзеўкі аж млеюць.

П а с і ё р а. Толькі ўжо я й на словах?

З у л і с я. Не да той ты, сокал, са справай лезеш.

Бярозанька пасячона,

Добра дзеўка пазычона.

Ой, няпраўда твая,

Заўжды лепшая свая.

П а с і ё р а. Чаго ты чэпішся, чаго чэпішся, язва?

Вальгіна (з дакорам). Зуліся!

З у л і с я. А, хадзем! Бабздыр! (Палікару.) Чаго вылупіўся?

Палікар. Я такіх, як ты, сто бачыў.

З у л і с я.

Ой, хойна, хойна,

З сотняй дзевак война.

Сотня дзевак ялавіцы,

Адна толькі дойна.

Палікар Абрагімовіч махнуў рукою і пайшоў, на чале сваіх, прэч. Да Вольхі падыходзіць Пасіёра са сваімі людзьмі.

П а с і ё р а. Здароў, Антоні.

В о л ь х а. Здароў. Здароў, браце Ропат, Матыс, Навум, Неўсця, Сымон, здаровы былі.

Р о п а т. Мы – здаровыя. А вось ты, Антоні-Лар Вольха, ці здаровы?

М а т ы с. Ён, гэта, падковы ломіць, а... ён галавою нездаровы...

В о л ь х а. Чаму гэта галавою?!

Р о п а т. А таму, што толькі торбаю стукнуты можа ў такі час убаку стаяць.

П а с і ё р а. Разлічвае сваю макітру зберагчы, на выпадак, калі нашы з плячэй паляцяць.

В о л ь х а. Ты мне сябра, Ропат? Мы сябры?

Н е ў с ц я. Яшчэ якія сябры, каток! Такія сябры, што сарочку няма калі перамяніць, ваўкі вас еш.

В о л ь х а. Дык вось, першы сябра Марцыян Ропат, і вы, сябры. Я... не веру ў праўдзівасць нашае справы. Дарэмна смуту заводзіце.

Р о п а т. Ты... ты гэта што?

В о л ь х а. Вунія – гэта мір з Польшчай, мір з каралём, мір з Рымам. Яны хрысціяне і людзі, як мы. Няўжо вам войны не абрыдлі? Няўжо ты, Ропат, не хочаш, каб скутая табою зброя мірна драмала, аж пакуль не нападуць на твой дом? Каб са шкуры, якую ты, Васка, вырабіў, не рабілі ножны, а рабілі вокладкі для кніг? А ты, Неўсця, няўжо хочаш, каб у тваіх катлах варылі ваякі апошнюю карову абяздоленага селяніна? I ты ж, Сцяпан, хочаш, каб у скрынях, што ты робіш, не вецер свістаў, а ляжала багацце, што людзі сабралі работай і сумленным гандлем? Чаго вы лезеце? Няўжо вы не прагнеце пасля войнаў, паўстанняў, плах – спакою?!

Р о п а т. Так. Але не спакою магілы.

В о л ь х а. Якая магіла? Аксціся!

Пасіёра. А вось якая. Так, яны хрысціяне. I яны хар-рошыя людзі. Можа, лепшыя за нас. Але хіба яны кіруюць? Кіруюць намі і імі, братамі, – ваўкі! I ў ваўкоў права жыцця і смерці, нашай і іхняй. Васкавы шкуры? Ён скора з Васкі і ўсіх нас шкуры здзярэ і нацягне на кнігі. Свае.

М а т ы с. Шкуру... яно... неяк у дрыжыкі кідае.

П а с і ё р а. Зброяй нашай ваўкі нашы храмы, нашы ратушы адбіваюць. У катлах нашых вараць нязгодных.

Н е ш а. Та-ак.

П а с і ё р а. Адзін Кунцэвіч замест усяго права. То нашто нам такое права?

В о л ь х а. Але ж мір. Мі-ір! Ну змірыцеся з уладай папы, і ўсё.

Навум Воўк. Ды мірыліся мы. Мірыліся і з яго ганаровай уладай, чорт з ім і ёю, калі толькі яна. Але не памірыліся мы з прыніжэннем.

Н е ў с ц я. Мовы нас пазбаўляе, як жывёл якіх. Няўжо гэтага твая галоўка светлая не разумее, каб ты здаровы быў?!

М а т ы с. Гэна... У паныласці... людзі.

П а с і ё р а. Ну так, мы ганарымся, што ў нас цярпенне першых хрысціян. Яны на вялікдзень праз прытвор удзіраюцца ў алтар...

I л я. Быдлам беларускім нас завуць. Смяюцца да гробу Панскага, плашчаніцу шарпаюць. Шкаляры ўрываюцца, паняў, каб вішчэлі, шпількамі колюць. Пад купалам стоячы, непрыстойныя гукі робяць.

П а с і ё р а. Але ёсць мера і ў нашым цярпенні. Часам нават вельмі невялічкая. Калі такія асцервяненні вуніі робяцца там, дзе людзі не звыклі да пакут і ярма. А мы, віцьбічы, не звыклі.

Праходзіць Багуся з “мамкай”.