Званы Віцебска

Жаўнер малюценькі

Падраў кашуленьку

Ад пят да калена,

Шукаючы прытуленя.

Прытуленя не знайшоў.

Ды заплакаў і пайшоў.

Вальгіна. Сорам дзе твой? Чаго ты як з ланцуга сарвалася?

П а л і к а р. Варта! Бі іх у маю галаву!

Невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, але ў гэты момант у суправаджэнні служак і архідыякана Дарафея выходзіць Кунцэвіч.

Кунцэвіч. Стой, народ!!!

Паўза..

Што за рокат? Хто парушыў спакой? Вы, мяшчане? Ты, Палікар? Адыдзі ад іх. Мір, людзі! Мір!

Г а л а с ы. Ізахват! Ізахват!

З у л і с я. Не Ізахват ён, а душахват.

Кунцэвіч (да Палікара). Па-дурному дражніш народ. Накладу эпіцім’ю.

П а л і к а р. За што? За тое, што ў іхнія свінячыя галовы кіем убіць хачу братнюю любоў цэркваў?

П а с і ё р а. Бачылі мы тую любоў, смярдзюк ты.

I л я. Лайцеся. Цяпер такія часы прыйшлі, што ўсё можна. Гэта не раней, што за карчомнае слова фунтам воску штрафавалі ці на званіцу садзілі сядзець.

П а л і к а р. Дарма крыўдзіш мяне, арцыбіскуп. Няма маёй правіны.

Кунцэвіч. А прагнасць нясытая, а рабункі людзей.

Р о п а т. Нібы сам лепшы.

Кунцэвіч. А любастрасце, да той дзяўчыны.

Палікар. Я сумленна хачу, каб яна прыйшла ў мой дом.

Р о п а т. Глядзі, тысячнік, язык заб’ю ў глотку.

Кунцэвіч (са страшнай пагрозай). Малады ты яшчэ, Ропат, малады. Глядзі, як бы самому без глоткі не застацца... Супраць міру, па якім народ памірае, ты ўстаў.

З у л і с я. Бач, яшчэ і пагражае...

Вальгіна. Кінь, хай ён задавіцца.

З у л і с я.

А што ў таго папа знаці,

Ды сінія порткі садраці,

Будзем хлопцам шапкі латаці,

Будуць хлопцы шапкі насіці,

За дзяўчаты бога прасіці.

Вальгіна. Зуліся, мужыкі вакол.

З у л і с я. А-а! Такія мужыкі!

Страшнае выццё, якое адразу нібы адсекла. Гэта выйшла ў кола страшная, з юродскімі вачыма, Еўга Бабук.

Е ў г а. Ды вы ўсе тут без галоў, людзі! Ходзяць, рукамі махаюць. I ўсе без галоў. Адзін Вольха ды Багуся з галовамі. Нерухомыя толькі. Каменныя. Нямы горад. Нямыя званы. I ўсе без галоў. I ты, і ты... Бачу, бачу! Сын нараджэннем забіў бацьку, а бацька, у той жа час, сына. Я ведаю. Я ў Вільні дзяцей бабіла.

Кунцэвіч. Хто такая?

П а л і к а р. Павітуха. Еўга Бабук. Яна і сапраўды дваццаць год як з Вільні прыйшла, дзяцей віцебскіх прымала. Аж пакуль чагосьці з розуму не скочыла.

Кунцэвіч. Ну то і на ланцуг бы яе. Ілжэпрароцтва.