Званы Віцебска

Е ў г а. Жар. Гарачы. Жар памятаю, Іване. У маленькай хатцы ў Вільні, у вулцы ля святадухаўскай царквы. Крык! Яна мела ў чэраве і крычала. Жанчына, адзетая ў сонца. Апакаліпсіс забыў, Іване?

В о л ь х а. Ізахвата мірскае імя было Іван.

Е ў г а. Яна мела ў чэраве і крычала ад боляў і пакут нараджэння. Памятаеш, ты з ксяндзом Ельяшэвічам на страсную суботу на храм напаў. Дваццаць тры гады таму. Помсту, помсту нарадзіў ты тады... Без галоў усе. Ходзяць... I ты.

Кунцэвіч. Ты што? Ты што гэта гародзіш?

Е ў г а. У-га, у-га. Каб не адказваць за антыхрыста перад богам – усе, усе скрыліся, схаваліся, уцяклі. Крык, боль на руках неслі. А Еўга жанчыну з зоркамі адшукала. З адной-адзінай зорачкай у свеце. Помсту, помсту нарадзілі вы з ксяндзом, безгаловыя.

Кунцэвіч. Варта, ды што ж гэта такое?

Е ў г а. А я вось на вушка. На вушка нештачка табе шапяну, пакуль вушы маеш.

Біскуп, нібы бязвольна падпарадкоўваючыся вышэйшай сіле, не хочучы, схіляе галаву, і павітуха-юродка шэпча нешта яму на вуха.

Вось так, Іване. Вось так, Ізахват.

Кунцэвіч (спалатнеўшы). Не... Цур табе! Цур, вар’ятка. Не можа быці! Не можа быці!

Чалавек у цёмным падыходзіць да яго. Гэта езуіт Станіслаў Касінскі.

Е з у і т. Ідзіце, біскуп. Вам нельга, вы зараз зваліцеся.

Кунцэвіч. Не. Не.

Е з у і т (шэптам). Імем настаўнікаў вашых, а маіх братоў па ордэну Ісуса, Валенцыя Фабрыцыя і Гаўрыіла Грушэўскага, – ідзіце. Вазьміце сябе ў рукі.

П а л і к а р. Варта. Узяць юродку і гэтых.

Кунцэвіч (амаль хістаецца). Пакіньце іх. (Нібы падстрэлены, ідзе прэч.)

Р о п а т. Што ты сказала яму, Еўга?

Е ў г а. Зведаеш, як людзі без галоў будуць хадзіць.

Д а р а ф е й (штурхае Еўгу). Ды я адным голасам цябе, старая шлюндра, да зямлі прыб’ю.

Р о п а т. Не руш старую. Не руш, кажу.

Д а р а ф е й (б’ецца). Я вас за абразу святому!

На яго наваліліся. Бойка ідзе шалёная.

У жалезы вас усіх. На ланцуг. Кляшчамі мяса рваць!

Яго выкінулі прэч.

В о л ь х а. Шалёныя. Апантаныя. Ідзі адсюль, Багуся, ідзі, сонца маё залатое-святое. Яшчэ затопчуць, ірады.

Б а г у с я. Пойдзем, Антоні. Пойдзем, любы.

Пасіёра. А заўтра мы пойдзем прасіць у яго нашых правоў. Прасіць міру. Пакуль што па-добраму прасіць. Я, Ропат, Іля і... ты, Вольха.

Р о п а т. I хай толькі паспрабуе стаць у нас на дарозе нейкі Палікар. Не будзе права – лезем на ражон.

Б а г у с я. Ропат! Ропат! Вы ж на смерць ідзяце! Вы ж і яго на смерць ведзяце. На агонь. Я не вынесу, калі яму... калі вам – смерць! Злітуйцеся ж вы нада мною!

П а л і к а р (сам сабе). Ну, Ропат, чакай. Сапраўды без галавы пойдзеш. Меч. Меч вам да апошняга.

Заслона

КАЦІНА ДРУГАЯ

Пакой у доме арцыбіскупа. Скляпенні распісаныя фрэскамі, але на іх, пісаных “па-старому”, вісяць ужо сям-там “новыя”, італьянскія іконы. Стол, завалены рукапісамі і фаліянтамі, крэслы (адно біскупскае). Двое дзвярэй і тры шкляныя акны. За імі перазвон званоў. У пакоі Іасафат Кунцэвіч, езуіт С т а н іслаў Касінскі і, у крэсле ля дзвярэй, Палікар Абрагімовіч.

П а л і к а р. Яны нават не падумалі пра тое, каб прывесці да ладу ваш палац.

Е з у і т. Ну то што?

П а л і к а р. Скупечы. Усё адно як... цара не еўшы спаць пакласці.

К у н ц э в і ч. Я не збіраюся тут жыць вечна.