Званы Віцебска

Е з у і т. Біскуп не збіраецца жыць тут вечна. А скруціць іхнім ерасям галовы – хопіць і месяца.

Кунцэвіч. Што там круціць? Амаль усё ўжо рукою ўлады ўзяў. Замест цэркваў у іх два шалашы. Адзін на Задунаўскім Заручаўі, ля валатовак.

Палікар. А другі – унь ён, за Дзвіною, насупраць прачыстай і гэтага дома.

Е з у і т. Яно і добра, што на вачах.

Кунцэвіч. Астатняе ўсё запечатлелі і ўзялі. Так і адпішы. Ты што, Палікар?

П а л і к а р. Страшна.

Кунцэвіч. А падыхаць у ерасі ім не страшна? А жаніцца пад плотам, як, не раўнуючы, псам? А балбатаць, што няма і не трэба ніякай улады Адамавага сына над такім жа сынам Адамавым, што і не трэба лепшых і горшых у дзяржаве, царкве і касцёле? I што не трэба розніцы ў законе, і павінна быць усё дзеля ўсіх, а веруй, як хто хоча – гэта ім сцвярджаць не страшна? Маўляў, мы “асуджаныя праўдай вечнай”. Вось хай і выбіраюць. Або падпарадкоўвайся, або смярдзі ў гнаі, як тое падла. Або ніякіх мараў аб былой славе і што самі яны нешта азначаюць, або... як і раней, будзем вывозіць гэты здохлы смурод толькі праз тую браму, праз якую сапраўдны смурод вывозяць. Той, што ў бочках.

Е з у і т. Рацыя. Бо сіла ў адзінстве, пан Палікар, і за тое адзінства ён і ваюе. Каб усім іншым верам, якія хлусня, зламаць хрыбет.

Кунцэвіч. І да гэтага ўжо блізка. Гэта яны крычаць толькі, а на справе пікнуць ніхто не насмеліцца.

У гэты момант за вокнамі, у тупаце капытоў, грымнула песня.

Гэй, казачэйку, пане ж мой, далёк жа маеш домік свой?

За Дзвіною пры Думаю там я сваю хату маю.

Ліст зялёны, аздаблёны красным світам, густым лістам, –

То мой дом, то пакой, Куліна.

Гэй, казачэйку, пане ж мой, на чым жа будзе паязд мой?

Пасаджу ця за бядрамі, прывяжу ця таракамі.

Бог над намі, конь пад намі, ты са мною, я з табою.

Пабяжым, паспяшым, Куліна1.

Кунцэвіч. А гэта яшчэ што?

П а л і к а р. Атрады казацкія ідуць некуды пад Оршу, да панцырных баяр, на Маскоўскі рубеж.

Е з у і т. Вялікі грэх наш перад богам, што карыстаемся іхнімі паслугамі.

П а л і к а р. Гульцяі, галота. Ні бога, ні чорта, ні караля, ані нас не баяцца. Ой, грэх!

I тут раптам узвіўся Кунцэвіч.

Кунцэвіч. Грэх? Я гэтага не баюся. Я іншага баюся. Я начальных людзей баюся, якія сабе ж шкодзяць, сякуць сук, на якім сядзяць. (Хапае скрутак і кідае яго езуіту.)

Е з у і т. Гэта што?

Кунцэвіч. Ліст заступнічка. Канцлера Вялікага княства. Льва, а цяпер Леона Сапегі. Свежанькага каталічка, такога свежанькага, што яшчэ і засмярдзець не паспеў. I ён мяне ганьбіць і піша такое, што валасы ўстаюць дыбарам. I шкодзіць святой маёй справе. Горшы за іудзея ці татарына вораг Хрыста!

Е з у і т. Ну-ну, ужо і Хрыста.

Кунцэвіч. Вось, вось што піша, ушчуваючы мяне... (Чытае.) “...і я клапаціўся аб уніі... але мне... і на розум не прыходзіла, што ваша правялебнасць вырашылі прыводзіць людзей да яе столь гвалтоўнымі сродкамі... чуваць галасы, што яны лепей жадаюць быці ў турэцкім падданстве, абы не цярпець гэткі ўціск...” Туркаў канцлеру зажадалася!

Е з у і т. Ён проста кліча да большай мяккасці.

Кунцэвіч. Але вы, вы, духоўнік мой, вы як лічыце?

Е з у і т. Лічу, што ён гаворыць глупства.

Кунцэвіч. Ага!

Е з у і т. А вы робіце глупства, крычучы на ўвесь свет аб агні і мячы.

Кунцэвіч. Як жа глупства?! Як... глупства?! Вось... далей: “...злоўжываннем уладай... запалілі тыя небяспечныя іскры, якія ўсім нам пагражаюць згубным і ўсёзнішчальным пажарам...” Ён, паршывец, лічыць, што ўрад не толькі дзеля палітыкі робіць выгляд, што звяртае на беларусаў увагу. “Што датычыцца небяспек, якія пагражаюць вашаму жыццю, на гэта можна сказаць: кожны сам прычынаю бяды сваёй”. А я ж прасіў аб падмозе, хаця б духоўнай.

Е з у і т. Дарэмна. Ён не дапаможа. (Сам сабе.) I ніхто не дапаможа. Мэта не тая.

Кунцэвіч. “У вас поўныя земскія суды, поўныя трыбуналы, поўныя біскупскія канцылярыі... даносамі...” Ды як жа нашай дзяржаве без даносаў? I ён мяне яшчэ дакарае за мае словы, што вера ёсць дар божы, але каталіцкая, а не адшчапенцаў. Маўляў, апостал Павел не дадаў гэтага слова – “каталіцкая”, і хто ведае пра сябе, варты ён любові ці нянавісці. I што Хрыстос, маючы для сваёй абароны легіёны анёлаў, маліўся за ворагаў сваіх, і што і мне трэба так рабіць... Ясна, які ты каталік. Зверху ты толькі каталік, а пад гэтым ты – схізма. Таму ты й цярпімы такі, братачка, чортава мяса на смярдзючых касцях.