Званы Віцебска

П а л і к а р. Пра такое данесці б трэба.

Кунцэвіч. Дано-ос. I данос на яго нічога не зробіць. “Хрыстос маліўся за ворагаў”. Я не Хрыстос! Я – меч, я – воўк ягоны! І за свайго! Хрыста я кроў піць буду, мяса рваць. Вось...

Паўза. Званы.

Ах ты, маленькі дурында, ах ты, заступнічак народны: “Вы абыходзіліся без нас: а калі трэба ўтаймоўваць смуты, што вы ўзбуджаеце ў народзе вашым бяспуцтвам, тады намі дзіры заторкваць... Калі, крый бог, айчына наша патрасецца (а вы сваёй суровасцю пракладаеце да таго торную дарогу), штo тады будзе з вашай уніяй?..” Лепш няхай патрасецца. Лепш няхай згіне. Пад дыхала б’е... “Іудзеям і татарам дазволена ў каралеўстве мець свае сінагогі і мячэці, а вы пячатаеце хрысціянскія цэрквы! Ад таго і ходзіць паўсюль пагалоска, што яны згаджаюцца лепей быці ў туркаў, чым цярпець такі гвалт... Паўсюль ужо грымяць пагалоскі, што яны назаўсёды жадаюць разарваць усякі з намі саюз”.

Паўза.

Хай разарвуць. Хай гінуць. Хай мы загінем. Хай! (Разрывае грамату.)

П а л і к а р. Гэныя... пасланцы ад віцебскага магістрата просяць прыняць.

Кунцэвіч (ярасна). Яшчэ яны! Хто?! (Пасля кожнага наступнага імя ён сячэ рабром далоні па сталешніцы.)

П а л і к а р. Сымон Неша, бурмістр, Сцяпан Пасіёра, бурмістр.

Е з у і т. Зачыншчык усяму.

П а л і к а р. Поп Іля з задзвінскай царквы-шалаша.

Е з у і т. Свавольны поп.

П а л і к а р. Марцыян Ропат, цэхавы збраяроў-мечнікаў.

Паўза. Рука Кунцэвіча замерла ў паветры.

Антоні-Лар Вольха, залатых спраў майстра.

Е з у і т. I прыдумшчык ерэтычных песенек.

П а л і к а р. То што?

Е з у і т. Хай пачакаюць.

П а л і к а р. Горад патрабуе вашай парукі, што яны выйдуць адсюль цэлыя.

Е з у і т. Горад... патрабуе? Нахабства, вартае гэтага гадзючніка, усёй гэтай віцебскай свалоты.

Кунцэвіч (нібы асеўшы). Дай слова. Нікога не чапай.

Палікар. А я думаў... Даць слова, ды... хай бы пара галоў зляцела. Асабліва каб галовы Ропата з Вольхай. Твая правялебнасць, вялікі святы. Ты загадай толькі, загадай. Не трэба табе рук пэцкаць. Я буду сячы. Я хачу адгарадзіць цябе. Каб ты гэтым не займаўся. Каб рукі чыстыя. (Упаў перад ім на калені, ловіць рукі.)

Кунцэвіч. Зробіш – няма чым будзе табе думаць. Калі паляціць хаця адзіны волас – тады твая галава паляціць.

П а л і к а р. Слухаю... Крыўдзіш адданага пса.

Кунцэвіч. Ропат – збраяр. Віцебск – памежная крэпасць. Ёй, як паветра, патрэбна зброя.

П а л і к а р. Ну то... А Вольха?

Кунцэвіч. Ён паэта. (Кунцэвіч пакутна шукае слоў.) Можа, другі на Беларусі пасля вялікага Міколы з Гусава. Чуў сёння “Куліну”?

Е з у і т. Адкуль такая павага да Беларусі і яе паэтаў?

Кунцэвіч. Я шкадую, што ўсё адкрыў вам на споведзі. Адна справа – узняць руку нават на знатнага. Такіх хоць і заўтра наробяць. Зброя пры сабе. А такіх, як ён, стагоддзямі трэба чакаць.

Е з у і т. Ого, ды вы маглі б быць хаця й вялікім князем Літвы.

Кунцэвіч. Я мог бы быць усім... Вы заразілі мяне смерцю... Я ведаю, што памру ад уласных... духоўных... сыноў. Усё так. Але гэтых... сёння... я вам... не аддам. (Выходзіць.)

Палікар. I што яму іхнія галовы? Пра сваю думаў бы.

Е з у і т. Яны яго дзеці.

П а л і к а р. Гэта... гэта як? Дачка архірэя... сын арцыбіскупа. Не разумею.

Е з у і т. Што ты за дурны чалавек, Палікар? Ён жа сам пісаў “аб чыстаце іерэйскай, жэ лепей быці бязжэннымі”. Яны яго духоўныя дзеці.

П а л і к а р. Ага-а.

Е з у іт. Вось табе і “ага”. А ў цябе адразу дрэнныя думкі. Грэшнік ты, Палікар. Яму не пра жанчын, яму пра смерць думаць трэба.