Званы Віцебска

П а л і к а р. Ды ён і так увесь час пра смерць. Як ехалі сюды, то ён пры нас, гвардыі, з такім смакам пра тую сваю смерць увесь час казаў, што мы яго слёзна прасілі, каб ён хаця за абедам пра гэта не гаварыў.

Уваходзіць Кунцэвіч. Ён прыбраўся. Паклікаў Палікара ўбок.

Кунцэвіч. Слухай, тысячнік. Распёк я цябе за тое, што вока кідаеш на дачку нябожчыка радцы Данеля.

П а л і к а р. Ды ёй гэтая быдляціна Ропат даспадобы. Так што я ўжо і не...

Кунцэвіч (сумеўся). А што ён мне? Яму самая рацыя з войтавай дачкою ажаніцца. Багатыры. Увесь горад у кулаку. I прыблізіць праз іх – горад.

П а л і к а р (усхліпнуў). Залатая вы галава, ваша правялебнасць. А Данель той і памёр, як схізмат. Як папраўдзе, то трэба было б выкапаць з магілы дый...

Кунцэвіч. Ну-ну... рана... Вядзі сюды пасланцоў.

Палікар прыводзіць Сцяпана Пасіёру, Сымона Нешу, папа I л ю, Р опата і Вольху.

Здароў, сыны.

Маўчанне.

Р о п а т. Сыны мы табе альбо не – гэта стане ясна пры канцы размовы, ваша правялебнасць. Мы – простыя людзі. Прыйшлі прасіць вольнасці і правоў.

Кунцэвіч. Э-эх, сыны. I я ж чалавек, просты паходжаннем. Як вы ўсе. Бацька мой – шавец. Хрысцілі мяне ў беднай царкве святой Параскевы.

I л я. Якую цяпер твае хаўруснікі адабралі ды вуніі перадалі. Добра ты пачаў. Са здрады правай веры і мовы.

П а с і ё р а. Якой там “правай”? Проста “сваёй”. Мова “правай” не бывае. Яна – свая. Адна. Гэта прыказка, біскуп. Глядзі, як бы канец твой не быў ад рук з цярпення выведзенага, разлютаванага народа.

Кунцэвіч. Што ж, пакінеце мяне ў памяці людской.

Р о п а т. Права на месца ў гэтай памяці заваёўваюць не колькасцю ахвяр, не дымам пажараў, а дабрадзействамі, колькасцю дабра, паслуг, ласкі, што ты зрабіў людзям. Простым людзям.

Кунцэвіч. І я просты, сыны.

Р о п а т. Прадаў ты, святы айцец, просты народ.

Н е ш а. Вольха, падай яму.

В о л ь х а. Можа, гэта да чагосьці і прывядзе... Мы молім цябе выслухаць нас. Выслухаеш – згодныя быці з табою... Не – глядзі.

Кунцэвіч. Нешта ў цябе, паэта... язык заплятаецца.

В о л ь х а. Тое, што я паэта, – справа дзесятая. (Падае ліст.) На.

Кунцэвіч (чытае). “Не хочаш нас трымаць пры правах нашых... дазваляеш гвалты рабіць і праліваць кроў тых, хто не хоча ісці... у адступніцтва. Зараз ніхто ўжо не забяспечаны ў сваім праве і вольнасці, і ў кароткі час настане вялікая смута... крыві забітых на страшным судзе божым шукаць стану”.

У с е. Так ёсць.

К у н ц э в і ч. Але ж адзінства ўсіх?! Спакой?!

Н е ш а. Калі і зараз адмовіш – вымусіш нас разам з прарокам крыкнуць: “Судзі мя, божа, і рассудзі спрэчку маю”.

В о л ь х а. Чытай далей, біскуп.

Кунцэвіч (чытае). “Вы ад казацтва і ад нас, беларусаў, большую частку ратнікаў патрабуеце. Як мы можам выступіць у абарону вашай дзяржавы і міру яе, калі ў сваім доме міру не маем? Як будзем гасіць крывёю ваш пажар, калі полымя ў нашай хаце не гасяць? Хто ж – о божа жывы! – ясна гэтага не бачыць, якія вялікія ўцясненні церпіць наш старажытны народ? Няўжо гэта не самому богу крыўда?” (Мякка.) I вы, сыны, лічыце, што вашы пастыры хочуць крыўды богу?

В о л ь х а. Ну, досыць. Маўчаў я. Ведаем мы, якія вы. Унь хелмскі ўладыка ёсць, сведчу богам жывым, і гэта ўсім вядома, нейкі па мянушцы Пакост, бо ён аднойчы, у бурсацтве, пакостам кашу заправіў і з’еў, і ён віленскага купца сын і ў аднаго бурмістра сцягнуў сукно і, ратуючыся, пайшоў у манахі.

I, каб не ўратаваў яго манашаскі клабук,

Даўно бы ён пайшоў ужо на шыбенічны крук.

Кунцэвіч. Глядзі-і, паэта!

Р о п а т. Дый ты сам! Нашы торбы хапаеш, з нашых торбаў сала жарэш. Бо ставяць на высокія саны ўлад духоўных – выскачак, якія матку зарэзаць здатныя, ад мовы, веры, радзімы адрачыся.

Кунцэвіч. Сынок... Сыны-ы... Якую радасць вы б прынеслі богу і мне, каб ты... каб вы са мной.

Р о п а т. Каб з табою, айцец святы, здзекавацца нават з трупаў нашых аднапляменнікаў. У Вільні, у Полацку ці не вялікі ўціск? Пахаваць чалавека трэба. А вы брамы, якімі нікому не забараняецца хадзіць, якія для ўсіх людзей, немцы яны, яўрэі ці татары, – вы тыя брамы запіраеце, і вымушаны мы продкаў выносіць у тую браму, якой смрад і адну толькі нечыстоту гарадскую вывозяць. Быў бы ў цябе сын, біскуп, хацеў бы ты, каб ён вось так цябе вынес?

Кунцэвіч. О божа! Няўжо не разумееце, што я, хай сілаю, вяду вас да спакою, да адзінства? Каб не рэзалі адзін аднаго з-за догматаў, з-за таго, колькі пальцаў складаць для крыжа!

Р о п а т. Значыць, усім іншым народам набіць морду і пазбавіць усяго, каб была, значыцца, поўная ўжо еднасць.

К у н ц э в іч. Адзінства-а, разумееце вы? Справа, аб якой людства марыць.