1 2 3 4 5 6 7 8

Ідылія ў духу Вато

Гэта быў ужо не бег, а палёт сярод чырвоных, быццам крывёю аблітых хмызнякоў. Галіны хвасталі іх па руках; двума каметнымі хвастамі ўзляталі за спіной у паветра жоўтыя і барвяныя лісты.І перад позіркам маладога чалавека ўстаў прывід мінулага: гон двух маладых, здаровых аленяў у нетрах асенняй пушчы. Галінастыя, закінутыя рогі аленя, белая “сурвэтка” яго сяброўкі.Трубны аленяў крык. Далёкае рэха кахання.Тады і ён паляваў. Нашто? Гэта вельмі страшна зверу: адчуваць недзе, за кожным кустом, невядомага стралка.І ўсё ж ён бег, спачатку ўніз, пасля міма спортпляцоўкі, заваленай бронзавымі лістамі, пасля ўгору, па адхоне. І паступова ўсё больш акрыленым рабіўся яго твар. І калі яны спыніліся зноў у алеі, яна, паглядзеўшы на гэтыя крылатыя бровы, на дрыжачыя ноздры, на моцныя, як кавальскі мех, грудзі, ціха сказала:– Божа, каб жа ты і тады, на тых сходах, быў такі. Ты б іх усіх раскідаў. Ты б і мяне пераканаў...– Я заўжды баяўся несправядлівасці, пасаваў перад ёю.– Ведаю. Ты яршысты і злы. І вельмі добры і безабаронны. Я рада, што зноў з табою.Яна павярнулася да маленькага бюста Пушкіна і кінула да падножжа калоны ахапак лапчастых лістоў, што адразу рассыпаліся веерам.– Дзякуй табе.Маленькая язычніца, яна быццам святкавала невядомы абрад. Ёй было ўсё адно, хто перад ёю. Ён даў ёй вочы спадарожніка, і яна была ўдзячна яму.Мокрыя лісты пахнулі віном.Хлопец сеў на кукішкі перад помнікам і прачытаў глыбока ўрэзаныя літары:Ты понял жизни цель, счастливый человек.Для жизни ты живешь.І раптам засмяяўся – так шырока і шчыра, што яна здзівілася.– А Юсупаў так і не заўважыў, што яго абсмяялі. Гэтага часта не заўважаюць.Дрэвы былі нейкія ненатуральныя. Вільгаць прасякала іхнюю кару, і яны здаваліся чорнымі, абвугленымі ў полымі ўласнай лістоты.– Глядзі, – сказала яна.Каля самога партэра было відаць некалькі дрэўцаў, лістота якіх была бледна-зялёнай, але сярод вогненнага індзейскага пажару астатніх дрэў здавалася слаба-блакітнай.– Феі скачуць, – занурыла яна галаву, – метрэскі Пана. Ведаеш, я заўсёды адчуваю з імі крэўную сувязь. Быццам гэта мяне так...І яна заспявала на матыў старога пастараля:Je vous embrasse bien tendrement1.Ён з пяшчотай, як на маленькую, глядзеў на яе.– Намалюй гэта, – сказала яна.– Ды гэта ж Вато. У горшым выпадку Сомаў... Можна і па-свойму. Ідзе алеяй такі селадон на чырвоных абцасах. Твар змаршчакаваты, прыязна-салодкі, бы арангутана. Адзін арап вядзе яго пад руку, другі ззаду нясе табакерку.– Не трэба арапаў, – сказала яна, – няхай лепей дзве жывыя красуні. Арапам што! А гэтыя дзве бачылі, як на звычайнай, добрай зямлі чужое вырастала: чужыя тэатры, чужыя палацы, звычаі. Нядобрая, чужая сіла. Страшна...– Ну, я гэтыя дзіцячыя страхі перажыў, – усміхнуўся ён, – яшчэ тады, калі ты не ведала, што робіш.Яны паснедалі у бедным кафэ, пасля бясконца блукалі алеямі, моўчкі пасядзелі на лаўцы ў парадзелым садовым цяньку.І яна сама потым не заўважыла, як перамагла, як, непрыкметна для яго, адвяла яго прэч ад людных алей.Старая царква ўрасла ў зямлю, праваленыя ямы склепаў былі напалову занесены лістотай і смеццем.А ўнізе трапятаў залатымі і зялёнымі манетамі ўвесь пранізаны касым сумным святлом бярозавы гай.З Масквы-ракі павявала журботным грыбным халадком.Яны спускаліся, несучы за нагамі цэлыя вадаспады, цэлыя лавіны лістоў. Над абрывам навісла выгнутая бяроза. І тут ён прачытаў у вачах дзяўчыны нешта такое, чаго нельга было не заўважыць.

1 2 3 4 5 6 7 8