1 2 3 4 5 6 7 8

Ідылія ў духу Вато

Ён прыхіліў яе спіною да гэтага выгнутага дрэва, прыпаў да яе, абняў, адчуваючы мускуламі пляча яе плечы, а рукамі – шурпата-атласную бярозавую кару.Паварушыцца было нельга, бо яны абавязкова ўпалі б. Ды ім і не хацелася варушыцца. Ён нахіліўся, пацалаваў яе ў прыадкрыты рот.І амаль адразу закруціўся віхор, ускінуўся над абрывам чырвоны лісцяны смерч. Хлопец падхапіў яе на рукі, збег уніз.Міліцыянер, які вечна трапляецца на вочы ў нязручны час і ў самых лепшых месцах, крыкнуў ім наўздагон:– Не дазволена туды.Куды там! Яны праімчаліся паўз яго, звярнулі, забарабанілі па мастках, якія ўрываліся ў ціхую затоку, што зелянела рэзкай асакой.Сонца сядала, сплюшчанае, чырвонае, як апельсін. Кармінам узяліся грабеньчыкі шэрага зыбу там, па-за плёсам.Плыў ценем на сонцы самотны рыбак, а яны не ведалі, што для людзей на беразе яны таксама толькі два цені, якія спляліся ў адно на фоне пунсовага дыска.Яна пырснула яму ў твар вадой. Вада пахла рыбай. Дзяўчына кінулася ад яго прэч, як спуджаная лясная каза. У лёгкіх скачках. Амаль не дакранаючыся зямлі, толькі правяраючы, ці тут яна.І ён гнаў яе, гнаў, захлынаючыся ветрам.Валасы, што лятуць па ветры, і працягнутыя рукі за імі.Потым ён кудысьці знік. Яна азірнулася на бягу, яшчэ раз азірнулася расчараваная і стала.Яго голас даляцеў зверху. Агромністае дрэва амаль лягло над вадой, звесіўшыся з нізкага абрыву. Ён стаяў на ім, недзе сярод галін, і, смеючыся, клікаў яе:– Ну хадзі сюды. Хадзі ж. Не? Ну то я сам. І лёгка збег па пахілай галіне, па якой забраўся туды.Яна кінулася была бегчы, але адразу стала, таму што ўбачыла перад сабою топкае месца. Ён не даў ёй апамятацца, падхапіў яе на рукі, у два скачкі перакрыў балацявіну, вынес на сухі бераг і наблізіў да яе вачэй жорсткія, пірацкія вочы.– Ну, – сказаў ён.– Ну, – паўтарыла яна.І раптам, адразу за гэтым, яна пабачыла ў гэтых вачах спалох, глыбокі бязвыхадны, нават яшчэ большы, чым ля санаторыя, Хлопец апусціў яе на зямлю.– Што з табой? Задыхаўся?– Пачакай хвілінку, – глуха сказаў ён.І, пасля паўзы, зусім іншым голасам сказаў:– Хадзем да аўтобуса. Там... лес па другі бок шашы.І, быццам хацеў адвесці яе ад таго, што ледзь не здарылася, дадаў:– Ён не такі людны.Надрэчная балюстрада была пустой. За роўняддзю ракі, за паплавамі з манашымі шапкамі стагоў, за сінімі хваёвымі лясамі палымнеў, барвавеў, разліваўся, прарочачы вецер, трывожны захад. Расплаўленае золата, вадкая барва ліліся на зямлю.І ў гэтай чырвані ўставалі дымныя, наскрозь залатыя і зіхатлівыя контуры нябачаных крамлёў.Дзяўчына глянула на яго і ўбачыла твар, заліты гэтым нетутэйшым святлом. І ўспамін, упершыню за гэты дзень, нарадзіўся ў яе....Капліца ў далёкім гарадку. Бронзавы анёл, што высіцца над галовамі людзей. А пад ім, проста на каменных плітах, раскладзена вогнішча. І адбіткі, дрыготкія, зменлівыя, заліваюць крывёй твар гэтага анёла, робяць яго жывым, пагрозлівым.З алтара рэзка пахне, – людзей не выпускаюць ужо некалькі дзён, – людзі сядзяць вакол апошняга вогнішча, якое ім дазволілі раскласці. І адна з гэтай купкі паклала руку на галаву дзяўчынкі, на яе галаву, і добрым, бязмерна добрым голасам кажа:– Мы з табою доўга не пабачымся, донька. Але ты ведай, свае хутка знойдуць цябе. Радзіма цябе не забудзе. Памятай, ты з Расіі. Ты – савецкая. І ў Крамлі ёсць чалавек, які цябе не пакіне.А потым чыесьці рукі, што пахнуць шорсткім салдацкім сукном, нясуць яе, а здалёк даносяцца нахабныя, грубыя галасы:

1 2 3 4 5 6 7 8