1 2 3 4 5 6 7 8

Ідылія ў духу Вато

“Мадонна, мадонна”.Яе не забылі.Дагарае захад, і гэты, з такім самым тварам, трывожна глядзіць удалячынь.“Пашкадуй мяне, злітуйся, – хацелася сказаць ёй, – распляці мае косы. Вось я ўся тут, перад табой”.Але замест гэтага яна павольна пайшла па вузкіх у прыцемку алеях. Ён ішоў за ёй, баючыся згубіць яе ў шэрай імгле.І толькі каля сходаў тэрасы яна спынілася ля мармуровага льва, нахілілася над ім, глянула скоса на спадарожніка.– Гэта ты, – сказала яна.І пацалавала каменную разумную морду.Ён стаяў каля бялеючага ў змроку сфінкса.– А гэта ты , – сказаў ён.І яго рука з трапяткою пяшчотай пагладзіла мармуровую галаву.Потым яны перасеклі шасэ і ўвайшлі ў гай. Холадна свяцілі ў імгле белыя, як дзявочыя рукі, ствалы бяроз.Была ціша і спакой.Ён бачыў, што яе вочы з чаканнем глядзяць на яго. Ён адчуваў, што так больш нельга, што яна выклікае яго на канчатковае рашэнне.І ён рашуча сеў на пень.– Слухай, – сказаў ён, – ты ведаеш, чаму я сёння пераганяў хворага?– Не ведаю. Але ты быццам хацеў давесці нешта...– І не давёў.– У чым справа? Ты сёння такі дзіўны. Ты не можаш мне дараваць мінулага? А я ж...– Глупства, – сказаў ён, – ты проста нічога не ведаеш. А між тым я скончаны чалавек. У мяне ангіна пекторыс. І незвычайна моцная.– Што гэта? – спытала яна. У самых гуках гэтых слоў падалося ёй нешта пагражальнае.– Гэта хвароба. Грудная жаба. Яна звычайна ў старых. Зрэдку-зрэдку ў маладых, якія не па сіле працавалі і шмат перанеслі... І мне такая радасць. – Ён памаўчаў, потым дадаў: – Страшна. І сам гіпнатызуеш сябе...– Як гэта?– Пакуль у кішэні лекі – прыпадкі радзейшыя. Але варта забыць іх дома і толькі прыгадаць, як страх, – і амаль заўсёды прыпадак... Часам у пакоі не хапае паветра. Хочацца выбіць вокны. Напэўна, гэта адна секунда, але здаецца – вякі.– Родны мой, – яна апусцілася перад ім на калені, – гэта ўсё я вінаватая.– Пры чым тут ты?– Але ж я зараз зусім, зусім не тая.– Не трэба, – сказаў ён. – Не думай, што я складаю лапкі. Я адчайна змагаюся, я вельмі, вельмі хачу жыць...Ён маўчаў, і дзяўчыне на хвіліну здалося, што твар яго свеціцца знутры нейкім дзіўным святлом.– Я Тольку і іншым гэтага дня ў Архангельскім не дарую, – сказаў ён.– Але ты забываеш , што я з табою... Я ж кахаю цябе.– А я не магу, таму што таксама кахаю. І смерць. І ты – удава. І, напэўна, нездаровыя дзеці...– Але ж я цябе кахаю.Яна гаварыла гэта так, быццам хацела пераканаць– Я павінен працаваць, – сказаў ён. – Я і так амаль загубіў жыццё. За два гады – калі мне іх літасціва дадуць – я зраблю ўсё і тады з лёгкім сэрцам... Я не магу страціць яшчэ і гэта.Твар дзяўчыны застыў.– Любая мая, іначай нельга. Я памыліўся. Не трэба было, каб ты прыходзіла, не трэба Архангельскага, алей, гэтага дня. Не трэба было гэтага. Але што я мог зрабіць? Мне хацелася хоць адзін дзень, як усе, а потым... Я змаладушнічаў.– А мы маглі б...– Не.І, быццам баючыся самога сябе, ён устаў і пайшоў гаем да аўтобуснага прыпынку. Ён пачуў ззаду – ці гэта яму здалося – слабы вокліч.Потым яна дагнала яго і моўчкі пайшла поруч. Яны сядзелі на лаўцы, а паўз іх раз-пораз з рэвам праляталі грузавікі, вырываючы з небыцця і зноў агортваючы змрокам ствалы і шаты бяроз.– В-ву-у, в-ву-у, в-ву.Потым прыйшоў аўтобус. Пусты. І яны селі ў ім на задняе сядзенне. Кандуктар падала ім білеты, уважліва паглядзела на маладую пару і, перасмыкнуўшы, быццам з марозу, плячыма, села ў другім канцы машыны.

1 2 3 4 5 6 7 8