1 2 3 4 5 6 7 8

Ідылія ў духу Вато

Ёй на хвіліну стала страшна сам-насам з гэтым хлопцам.Усю дарогу яны ехалі моўчкі. І маўчанне было цяжкім. Першай не вытрымала яна:– Ды кажы ж ты што-небудзь.І ён стаў задаваць пытанні, не чакаючы адказаў:– Ну як жывеш? Як працуецца?Гэты голас усё яшчэ гучаў у яе вушах, калі яны стаялі на прыгараднай платформе Яраслаўскага вакзала. Ён вырашыў праводзіць яе.Але лёс, здавалася, апошні раз пайшоў ім насустрач: з рэпрадуктара данёсся браскучы змрочны голас:– Грамадзяне пасажыры! Па тэхнічным прычынам адыход прыгарадных цягнікоў затрымліваецца. Тым, хто можа дабрацца гарадскім транспартам, раім скарыстаць гэту магчымасць.– Пачакаем, – упарта сказаў ён.– Дарагі мой, – ціха сказала яна, – чаму ты адмаўляешся ад кахання, чаму ты так лёгка адмаўляешся ад мяне? Я зраблю бясхмарнымі твае дні, я зраблю так, што табе будзе стакрат лягчэй. Я ўліла б у цябе ўсё сваё жыццё. Я ж кахаю. Я кахаю цябе.– Ты загубіш сабе жыццё, – сказаў ён. – А я не хачу гэтага. Таму што кахаю. Кахаў нават тады, калі мне трэба было б ненавідзець.Тагасветны голас з рэпрадуктара:– Грамадзяне пасажыры. Па тэхнічных прычынах... раім выкарыстаць гэту магчымасць.– Дарагі мой, мы паедзем адсюль. Будзе цёплае мора. Яно будзе цалаваць ногі. Мае і твае... І ты пабачыш, ты пабачыш, табе стане лягчэй.– Не трэба, – ціха сказаў ён, – не заваблівай, не дабівай.– Грамадзяне пасажыры... раім скарыстаць гэту магчымасць.Яны стаялі так каля гадзіны, упарта чакаючы цягнікоў, якія не пойдуць. І яна гаварыла, гаварыла, верачы ў магію слоў, якія ўжо нічога не маглі змяніць. І словы яе гучалі ў яго вушах пад жалобны, нечалавечы голас з рэпрадуктара:– Грамадзяне пасажыры... грамадзяне пасажыры... раім скарыстаць гэту магчымасць... раім скарыстаць...І раптам ён сказаў, гледзячы ёй проста ў вочы:– А ты мне не верыш. Ты думаеш, я проста не кахаю цябе пасля таго, што было.Яна пільна паглядзела на яго:– Не... цяпер веру.– Грамадзяне пасажыры, – бразгацеў голас у рэпрадуктары.І тут хлопец паглядзеў на дзяўчыну, быццам упершыню заўважыўшы яе. Убачыў, як яна ўся дрыжыць ад холаду. І востры, ні з чым не параўнальны жаль разануў яго па сэрцы.– Едзем да мяне. Мы сёння не дачакаемся цягніка. Пераначуеш у мяне.І амаль бягом павёў яе да прыпынку таксі, прэч ад перона.Калі яны ўвайшлі ў пакой, дзяўчына бяссільна апусцілася ў крэсла. Ён пстрыкнуў выключальнікам – і за акном адразу ўвесь свет агарнуўся змрокам і непрытульна пацямнелі ствалы напалову голых дрэў.Яна дрыжала, седзячы ў крэсле. А хлопец замкнуў дзверы, спехам уключыў рэфлектар – у пакоі было халаднавата, таму што яшчэ не пачыналі паліць, – і выцягнуў з шафы ваўняны пуловер.– Прэч гэта, – сказаў ён, стаючы перад ёй на калені.Ён адкінуў туфлі ўбок і захутаў яе ногі, з пакутлівым шкадаваннем адчуваючы, якія яны халодныя.Потым спешна наліў ёй шклянку віна, адчыніў пісьмовы стол. У пакоі адразу разліўся добры, зусім хатні водар саду. Ён выцягнуў усю шуфляду, напоўненую зеленавата-васковымі моцнымі яблыкамі, і паставіў перад ёю.– Выпі. Еж, – сказаў ён.Яны моўчкі пілі. У непрытульным змроку за акном, за шумнай цемрай парку дрыжалі гарадскія агні.І абаім здавалася, што гэта не той няўтульны і любы і пагражальны горад глядзіць у іх пакой, а проста закінуты хутар недзе на краі зямлі, і гарыць печ, і сумуе ў садзе закінуты шалаш вартаўніка, і моцны водар яблык, што аддае віном, поўніць усё вакол. Гэты прывід шчасця, немагчымага цяпер для іх, быў такі пакутлівы, што яна сказала:

1 2 3 4 5 6 7 8