1 2 3 4 5 6 7 8

Ідылія ў духу Вато

– Пакажы мне свае работы.Ён нават з нейкай радасцю адшмаргнуў шторы.І яна міжвольна падалася назад: з палатна, што стаяла перад ёю, лілося такое трывожнае чырвонае святло, што хацелася закрыць вочы.Яна зразумела, што гэты водбліск пагрознага не мог быць звычайнай зарой.Усё было проста: насычанае чырвоным неба, барвовы адбітак у спакойнай вадзе, схіленая пад уласным цяжарам вадзяная чарацінка, што перакрэсліла палосу. Рабілася шкода чагосьці, нешта пагражала, нараджалася ў сэрцы няўмольная любоў.– Гэта называецца “радзіма”, – сказаў ён.– Так яшчэ ніхто не рабіў, – сказала яна.– А вось яшчэ.Яна ўбачыла пакрыўлены рог дома, акно, з якога, як сцяг, вырывалася фіранка, – відаць, па пакоях гуляла пройма – і двух сабак, якія пілі ваду пад дзіраваю рынай. Убаку трэці пёс, пужліва азіраючыся, капаў сабе ў зямлі нару.– Гэта называецца “вайна”? – спытала дзяўчына.- Так.Потым была бязмежная роўнядзь вады, сусветны патоп, а над ёю юнак, што ўздымаў на руках непрытомную дзяўчыну. Вада ўсё прыбывала, і на твары юнака можна было чытаць:“Любая, дыхай, пакуль мае вусны не зніклі пад вадой”. І яшчэ нібы чыталася: “Я не баюся цябе, бог! Таму што я чалавек. Нават перад смерцю”.Яны глядзелі далей. Перад дзяўчынай праходзілі людзі – людзі са спрацаванымі рукамі, людзі шахт, людзі непалітых ніў, маладыя альбо старыя, добрыя ці благія, але ўсе чалавечныя.– Я ненавіджу смерць, – сказаў ён, – я ненавіджу яе.– А як ты змагаешся з ёю?– Глядзі.На новым палатне быў лес, светла-зялёная, пранізаная сонцам папараць. І ў ёй, бы ў зялёных аблоках, быццам зусім не дакранаючыся да зямлі, сутыкнуліся два магутныя кані, счапіліся ў апошняй стычцы два коннікі.Гэта было зроблена з такою дзікай экспрэсіяй, з такім драматызмам, што міжвольна прыходзіла думка: адзін з іх, той, што ў чорным, нікуды не ўцячэ.Гэта Ян Прыгожы дабіваў Балотнага Уладара.Дзяўчына ўздыхнула:– Ты ведаеш, што ты геній?У мяне няма часу на тое, каб стаць ім.І, апусціўшы штору, быццам адрэзаў:– Спі.– Пачакай, я яшчэ пабуду з табою... Трошкі. Я не хачу спаць.– Добра, – у яго загарэліся вочы. – І я таксама.Яны яшчэ каля гадзіны гаварылі. І гэта былі ўспаміны, словы аб мінулым каханні, аб тым, што кожны з іх перажыў потым.Пасля гэтага ён адкінуў рог коўдры, паправіў халаднаватую прасціну, узбіў падушку.- Кладзіся. Я ў суседа, за сцяной. Яго няма. Трэба будзе – пастукай.Яна запытальна глядзела на яго. Ён паставіў на начны столік графін з вадою, талерку з яблыкамі.– Піжама ў шафе, калі хочаш.Твар яго здаваўся каменным. Ён узяў з шыфаньера прыбор для галення, развітаўся і выйшаў.Яна ляжала ў ложку і доўга чакала. Ён не вярнуўся.А ў гэты час ён пастукаў у пакой трэцяга суседа і сказаў яму:– Ты прасіў у мяне брытву?Добрыя блакітныя вочы пад белымі вейкамі заміргалі:– Калі? А-а... добра, мне якраз патрэбна.І хлопец пайшоў у суседаў пакой.Ён пагасіў святло, выцягнуўся пад коўдраю, адчуваючы сябе, як зрынуты волат.У цемры праплыў перад яго вачыма белы твар, прызыўныя цені вачніц, голыя рукі паўзверх коўдры.“Вось яна лягла. Вось упалі на падлогу туфлі. Вось яе глыбокі ўздых. Божа, як я кахаю, як жадаю яе!”Ён да болю сціснуў зубы.“Кахаю... І забіваю? Не, яна маладая, здаровая. Гэтыя гады праляцелі над ёй краем. Яна яшчэ можа быць шчаслівай, знойдзе сябра, дзяцей...”Зноў вырастаў у душы страх.“Як быццам прыпадак? Выбіць акно? Не. Памыліўся. Горш за ўсё, што яго так і не было за гэты дзень. Толькі прадчуванне. Можа, я перабольшваю? Можа, пайсці да яе?”

1 2 3 4 5 6 7 8