1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27

Калыска чатырох чараўніц

Аддаляюцца.

С т а ф а н. Бачыў?

Я н к а. Бачыў.

С т а ф а н. Галаву я яму развалю, бабздыру.

Я н к а. Кінь, Стафан, не чапай гною.

С т а ф а н. За што ж такая дзяльба ад бога? Разлезлік, гад, няроба – і ўсё ў яго. А ў нас усіх мазалі з рук не злазяць, а мы сярод жабракоў.

Я н к а. I адны лірнікі за нас... Куды ж ты зараз?

С т а ф а н. Не ведаю. У салдаты – за трыццатую гару загоняць. У найміты – зноў нейкаму Казіку кланяйся. У разбойнікі – багатыя галаву здымуць. У стражнікі – сволаччу станеш, беднага пакрыўдзіш, братам будзеш чужы... Не ведаю.

Л і р н і к. Праўду ідзіце шукаць.

Я н к а. Дзе? Нават дзе была яна – няма. Дзе былі дабрыня, шчырасць, вера ў людзей – балота лягло безнадзейнае. Баяцца, хлусяць, ваўкоў хваляць – а мо воўк яго апошняга зарэжа?

Л і р н і к. I тое. Вось тут па Гайне-рацэ крыніцы былі. Пахнулі – як з пекла, жалезам ды серай. I прыводзілі ўтрапёных, і расслабленых, і паралюшных, і былі ім палёгка і вылячэнне. А зараз? Гразь адна.

Я н к а. Па ўсім тутэйшым наваколлі – гразь.

Набліжаюцца Агата, Магдзя і Ева.

С т а ф а н. Зноў сарокі гэтыя. А Казік недзе з ёй. Пайду я.

Ідзе. Дзяўчаты прыблізіліся.

М а г д з я. Пане божа. А мы глядзім, хто гэта. А гэта ж Яначка-закутнічак.

Е в а. Не, дзяўчаты, гэта вы дарэмна. Гэта ён так, а ў душы ён да дзяўчат лісцімон. (Наіўна.) А я б і не лаялася, каб ён ля мяне лісцімоніў.

Я н к а. Славяда ты. Авечка закруцістая. Ты ж мазгі ўсім закруціш. Хоць касмылі прычашы.

М а г д з я. Ы-ы, ы-ы, атрутнік гэны. Яшчэ хваліцца, што з лавы валіцца.

Я н к а. Агонь бы вас, дзеўкі, вымачыў, вада б выпаліла. Замуж бы вам далёка выйсці.

А г а т а (з раптоўнай сур’ёзнасцю). А сяя-тая можа й далёка выйсці....

Я н к а. Куды?

А г а т а. Дзе звону касцёльнага не чуваць.

Я н к а. Мне што?

Е в а. Пагаварыць трэба.

Я н к а. Я нікуды не ўцякаю. Толькі... дарэмна гэта. Хочаце, каб Стафан да вечара не дадыхаў.

Е в а. Не выдумвай.

М а г д з я. Каб твайму Стафану сто гадоў жыць і сто гадоў ногі валачыць. Няўклюда гэткі.

Е в а. Дык помні.

Я н к а. А што, калі забуду, дык мяне рак убрыкне?

М а г д з я. Качка цябе тады ўбрыкне, а камары затаўкуць.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27