1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27

Калыска чатырох чараўніц

Пайшлі. Янка толькі круціць галавою.

Я н к а. Ну, дзе-еўкі. Ну, каб ім елася хутка, работалася доўга.

Л і р н і к. Каб ім на старасць кот яйка знёс, а ваўкі па іх голас вялі.

Я н к а. Аж у пот кінула.

Л і р н і к. А што ты думаеш? У нас такі-ія.

Падыходзіць Марыся.

М а р ы с я. Адыдзем, Янка?

Янка ўстае і адыходзіць.

Сядзем? (Прыселі на выступ мура.) Што гэта ты, сугней такі, каб ты ўдзень зорак не бачыў. Хлопцы з дзеўкамі, мужыкі з бабамі ля карчмы. Музыка там, скокі.

Я н к а (на лірніка). Унь мая музыка.

М а р ы с я. А дзяўчачыя спевы табе не музыка?

Я н к а. Кожнаму дню – свая музыка. I на сённяшні дзень розная яна ў мяне і ў цябе.

М а р ы с я. Праўда?.. Да канца праўда?

Я н к а. Так. Нікога не хачу падманваць. I асабліва цябе. Як самую ўлюбёную сястру. Як і сонца і неба. Бо не ведаю, што я магу табе даць.

М а р ы с я. Усё на свеце.

Я н к а. Я не ведаю, што я ў гэтым свеце, а ты мне кажаш, што я – усё. А раптам я паабяцаю табе залаты яблык, а выявіцца, што я зацвілы сухар. Не хачу рабіць такога людзям. А табе – стакрот. Чыстымі вачыма хачу глядзець табе ў вочы. Асабліва таму, што хацеў бы глядзець доўга.

М а р ы с я. Янка... Янка... Бацькі пана баяцца... Казік толькі што сказаў, што ўтопіцца... Абяцаў – сватоў зашле... А мне гэта – атрута смяротная.

Я н к а. Найболыд сорамна – адмовіць у глытку вады. Мне – сорамна.

М а р ы с я. Ты лічыш – я прасіць падышла. Ды не, тут няпраўда твая. Мяне прасіць не вучылі. Мяне рабіць вучылі. Браць па праву заробленае.

Увальваецца ў кола дзяўчат К а з і к В а л а х о ў с к і, крыху на падпітку. З другога боку Стафан Каляда.

Унь яны – яшчэ дзве дарогі. Не на табе свет клінам.

Я н к а. Я рады... за Стафана.

М а р ы с я. А я – невядома за каго радая. Гэй, дзяўчаты, кола!

За гарою зайчыкі трубяць,

Чаму мяне дзеўкі любяць?

Злажэцеся хлопцы па грошу,

Купеце мне ленту харошу,

Буду тую ленту насіці,

Будуць мяне хлопцы любіці.

(Танец.)

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27