1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27

Калыска чатырох чараўніц

А г а т а.

Ой, да мяне ходзіць

Малады Ясенька,

Сам бялявы, вус чарнявы,

Белае лічэнька.

Ева.

Дзяўчынанька панна,

Маё маляванне,

Падай жа мне белу ручку

Цераз дыляванне!

М а г д з я.

Ой, ручкі не дам я,

Мая ручка бяла,

Я такімі панічамі

Платы падпірала.

М а р ы с я.

Ой, ты думаў, дурню,

Што я цябе люблю,

Каля цябе стою,

З цябе смешкі строю.

К а з і к. Гэй, людцы! Усё ёсць. Поле нямеранае, грошай – сам не ведаю. Чаляднікаў – роту маю... Чаляднік! Блажэй-фурман, да яснай халеры.

Б л а ж э й (з’яўляецца і ляскае бізуном). Тут, Казю найяснейшы.

К а з і к. Бенкетоваць. Кумаёў-любаўёў заклікаць. (Да Марысі.) Ну, рончку бялу. Князёў-баяр сюды!

Б л а ж э й. Роту-пяхоту, прапышную чэлядзь!

Н а т о ў п вывальваецца са сцэны.

Л і р н і к (ціха). Я хаця і адным вокам, але святло крыху бачу. Што ты за камень у гэтае гадзючае кубло кінуў? Чаму дзяўчына так раз’юшылася?

Я н к а. Нешта кліча. Сілы ў сабе адчуваю вялікія. Не магу іх закапаць у зямлю, думаць аб зямлі, гаспадары, дзяўчатах.

Л і р н і к. Што, зусім не думаць?

Я н к а. Якраз не. Няма на свеце прыгажэйшых за нашых дзяўчат. Але, адчуваю. Здайся – і пойдзе тая самая арэнда, дзеці, гаспадарка, кавалак малой зямлі. А мне, адчуваю, і на вялікім чамусьці цесна. Жыву – нібы чакаю чагосьці. Нібы трэба кагосьці ратаваць. Не аднаго – многія тысячы. А як? Чым?.. Не ведаю. (Паўза.) І галоўнае, словы... Найлепшыя на свеце. Гучаць, гучаць у душы. А аб чым? Якім глаголам гучаць – не разумею.

I зноў увальваецца дзікі натоўп.

К а з і к. Чаму не ўсе пайшлі... у карчму... Ты, з лірай... I ты, Луцэвічаў псюк.

Я н к а (спакойна). А няма чаго туды ісці. Дзе ты – там і карчма. Хаця й не п’юць – рыгаць хочацца.

К а з і к. Цо? Цо ты гадаш? Гальцапа ты гэткая.

Я н к а. Змоўч ужо, гадота цэлага свету.

К а з і к. Ты, ты... гіцаль!

М а р ы с я. Разыдзіцеся вы, пеўні.

К а з і к (крыху адышоў). Ды я яго за шэлег куплю.

С т а ф а н. За шэлег? А я вось табе.

К а з і к. Адкасніся галадранец (хапае Янку загрудкі).

С т а ф ан. Ты на нашых хлопцаў?! На дзяўчат? За камень гарачы хапайся, а не за іх.

Б л а ж э й (спалоханы). Вураднік ідзе! Снулы!

3-за царквы выплывае ў р а д н і к з д в у м а с т р а ж н і к а м і.

С н у л ы. Тут што такое?

Б л а ж э й. Дык, Рахцей Рахцеевіч...

С н у л ы. Ерафей Ерафеевіч.

Б л а ж э й. Рах... Рахце... Пшэпрашам... Гулялі... А гэтыя да паніча біцца палезлі.

М а р ы с я. Няпраўда!

С т а ф а н. Казюк пагражаў, што ўсіх за шэлег купіць!

С н у л ы. Пло-оха. I міня?

К а з і к. Ды што вы, хіба вам шэлег цана?

Я н к а. Дарагі вы наш... дарагі.

К а з і к. I куплю! Усё куплю!

Жабракі на цвінтары.

Цяпер я багаты, бога не баюся,

Ад наглая смерці грашмі адкуплюся,

Да царства нябеснага я сам набліжуся,

А ад злога чалавека з ружжа адаб’юся.

Л і р н і к (падхапіў).

Ад лютага звера псамі адцкуюся,

Ад брата Лазара навек адракуся.

С н у л ы. Што-о. Какурат бунт?! Страж!

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27