1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27

Калыска чатырох чараўніц

Адзін са стражнікаў вырывае ліру з рук старога. Янка схапіў яго, але стражнік ужо адкінуў ліру ўбок. Там яе. паддаў наском Блажэй. А пасля на яе цяжка апусціўся бот Снулага.

Я вам урэмя пакажу спяваць катаржныя свае песні.

I тут яго ўразіла дзіўная цішыня і твары людзей. Яшчэ дагасаюць енкам струны ліры.

I маўчанне страшней за крык.

Разыдзісь (голас у Снулага няўпэўнены). Ціха.

Пайшоў з плошчы. За ім паступова разыходзяцца людзі. Памкнулася была да Янкі дый пайшла М а р ы с я.

Хацеў быў сказаць нешта, ды зірнуўшы на Янку, павалокся прэч К а з і к. Янка ўзняў знявечаную ліру.

Я н к а. Ну... дзе ж цяпер шукаць апошняе слова?

Л і р н і к. Ліра будзе. А слова – у песні, у казцы.

С т а ф а н (адыходзячы). Казкі? Не, тут казкамі не пахне.

Л і р н і к. А ісці? Ісці па праўду. Жывая яна недзе ў госпада бога.

Я н к а. Мы адны. А колькі ж іх. Абыякавых, чужых, моцных.

Л і р н і к. А ты забудзь гэты дзень і сябе. Ты ідзі за ўсімі, за моцнымі. Лягчэй. Не прападзеш... Унь за такімі, як гэтыя.

Г о л а с. Божа! Гэткі свет тут

Моц стварыла твая!

Дзе ж мой дом, дзе ж мой люд?

Дзе айчызна мая?

Я н к а. Чуў голас?

Л і р н і к. Не.

Я н к а (разгублена). А я чуў (ашчаперыў галаву рукамі). Забыў. Забыў.

Л і р н і к. Каб крыніцы не былі такія запушчаныя – лячыўся б з іх.

Я н к а (амаль непрытомна). Каб крыніцы не такія запушчаныя...

I тут выбягае да іх М а р ы ся.

М а р ы с я. Янка. З Селішча Адам прыехаў. Спяшайся дахаты. З бацькам дрэнна.

Я н к а (непаслухмянымі вуснамі). Што? Што?

М а р ы с я. А, што там! Не ўмею. Памірае ён... Калі ўжо... Што ж ты?

Я н к а. Іду, сястра. Вось табе і клічы-галасы. Вось табе і ліра. Ён – у зямлю. Я – на зямлю.

Заслона.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27