1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27

Калыска чатырох чараўніц

ДЗЕЯ ДРУГАЯ

КАРЦІНА ЧАЦВЁРТАЯ

У цьмяным зарыве постаці ч а т ы р о х ч а р а ў н іц.

П е р ш а я. I вось ён ужо дарослы, той, ля калыскі якога мы тады стаялі.

Чацвёртая. I што паспеў зрабіць? Пахаваць бацьку, брата, дзвюх сёстраў. Папрацаваць трохі хатнім настаўнікам, “дарэктарам”... На такую працу ідуць дзеці ў трынаццаць год... Папрацаваць пісарам? Не атрымаць месца ў лясніцтве? Паслужыць малодшым прыказчыкам? Чалавекам, якому загадваюць?

Д р у г а я. Кожнаму нехта нешта загадвае. Пакуль ён не набіраецца мужнасці загадваць сам сабе. I толькі сабе.

Т р э ц я я. Пачаў спяваць. Надрукаваў некалькі вершаў.

Ч а ц в ё р т а я. Не на матчынай мове. Пасрэдных вершаў. Ці гэтага вы ад яго чакалі, вы, што судзілі яму нейкі адметны лёс? Вось ён вярнуўся на зямлю. Вось ён зноў з сахою, бараной, касою і сякерай.

Д р у г а я. Нічога. Ён будзе араць, будзе сячы сякерай.

П е р ш а я. А каса? Каса прыдасца не толькі на сенажаці.

Т р э ц я я. I яму яшчэ адзінаццаць год да ўзросту Хрыста.

Чацвёртая. Байкі. Дый што ён зрабіў?

Т р э ц я я. Калі ёсць любоў, калі ты чалавек, а не быдла – ніколі не позна.

Д р у г а я. Усё яшчэ перад ім. Дзівосныя адвечныя песні. Курганы радзімы. Магілы над Дняпром.

П е р ш а я. I ўздыме ён Слова! I кліч, што зямля жыве. I людзі зведаюць, хто яны і куды ім ісці ад раскіданых гнёздаў.

Чацвёртая. Кіньце. Каго і чаму ён будзе вучыць? Ё н с а м не верыць пакінутаму с л о в у м а ц і. Ён ведае толькі, што ён тутэйшы. Ён сам не ведае, хто ён, куды яму ісці, хаця ягонае гняздо таксама раскідана.

Т р э ц я я. Свой шлях кожны знаходзіць і вызначае сабе сам.

Д р у г а я. Словы маці ў яго душы, казкі парабкаў – у сэрцы, песні народа – у вушах.

Чацвёртая. А колькі такіх? Са словамі, казкамі, песнямі заблукалі як у лесе і швэндаюцца па плошчах сярод п’яных, нібы валачашчыя сабакі, шлях свой згубіўшы. Азірніцеся вакол. Вы сляпыя.

Таюць у цемры п о с т а ц і ч а р а ў н і ц. Пачынае гучаць усё галасней музыка. I ўрэшце яснее, і гэта ўжо

хата на хутары ў Гладышэўскіх; а ў хаце ідзе вечарынка: песні, гульні моладзі, размовы старых...

Янка сядзіць крыху ў баку і ад старых і ад моладзі.

Бацька Марысі. Піце, госцейкі, загрызайце, чым бог паслаў. Скачыце ды смейцеся, каб так...

Матка Марысі. Каб так па вашых ворагах д’яблы скакалі ды смяяліся.

Б а ц ь к а. Нічога не прапускайце. У бога ўсяго многа.

А г а т а.

Унадзіўся сівы конь,

Унадзіўся сівы конь.

Ева.

Памяў, стаптаў дзеўкам лён.

Памяў, стаптаў дзеўкам лён,

Дзеўкам лён,

Дзеўкам лён,

Памяў, стаптаў дзеўкам лён.

Ю з у к і К а т р а Г л а д ы ш э ў с к і я адышлі ад астатніх і ціха гавораць між сабой.

М а ц і. Дык што, Юзук, скажаш.

Б а ц ь к а. Скажу як у байцы: “Мядзведзь за малым не задраў твайго Юзука”.

М а ц і. Мядзведзь – стары Валахоўскі?

Б а ц ь к а. А Кабздох, што мядзведзя пакуль трымае, – Казік.

М а ц і. Няўжо і канец?

Б а ц ь ка. Па ўсім відаць. (Дастае з кішэні світкі на калку паперыну.) Праз два тыдні канец умовы.

М а ц і. Няўжо нічога нельга зрабіць?

Б а ц ь к а. А ты унь Луцэвіча спытай, што рабіць, калі канчаецца тэрмін умовы.

Я н к а (пачуў). Тады збіраюць рэчы і едуць на новае месца.

Б а ц ь к а. Калі нехта захоча.

Я н к а. А вам што шкодзіць?

Б а ц ь к а. Хто мяне, пажылога, захоча ў арандары? А дзеці – усе дзеўкі.

Я н к а. Пане Юзік, я разумею. Але кіньце. Недастойна.

М а ц і. Што ты ведаеш аб гэтым, галайстра гэткая?

Я н к а. Ведаю толькі, што галайстрам з падманшчыкамі, махлярамі, ашустамі, геморнікамі звязвацца не трэба. Кіньце і ідзіце.

Б а ц ь к а. I, як вы, усё жыццё каціполем? А мне унь у найме сказана: “Тэрмін... пяць год...” Пяць разоў перазаключалі ўмову. А цяпер я стары пёс. А як кінуць? Унь як яны, не нашага бога: “Арендатор может пользоваться лесом, растущим в имении, исключительно для нужд самого имения, но не для продажи”. А я з гэтага лесу рукамі хату ўзвёў, пуні, свірны, млын вадзяны. Я “не обращал луга в пашни и наоборот”, я... “улучшал землю”, я “арендные деньги и подати уплачивал сполна”. А вось як пішуць: “вновь возведенные постройки оставить в пользу собственника и сдать, по окончании срока, всё именне со всеми его принадлежностями в таком состоянии, в каком оно было принято мною”.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27