1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27

Калыска чатырох чараўніц

М а р ы с я падышла ззаду і слухае.

“Жилые и нежилые строения, кои по окончании срока аренды остаются в пользу собственника или должны быть снесены по его указанию арендатором”. Абплялі яны нас. 3 усіх бакоў. Нават бог іхнім языком загадвае, гаворыць, пагражае.

Я н к а. Гэта слова бога, у якога рогі.

М а р ы с я. А тыя рогі і зламаць могуць.

М а ц і. Хто? Стафан – найміт? (На Янку.) Гэты?

М а р ы с я. Нехта ды знойдзецца... Няўжо гэта канец, татка?

Б а ц ь к а (адыходзіць з маткай, махнуўшы рукой). Амаль, напэўна, канец... Хіба толькі... дзіва якое. (Да Янкі.) Пісьменны, скажы нам, дзе шукаць дзіва?

Я н к а. Не там, дзе шукаеце. (Марысі.) Так, да мура прыперлі. 3 усіх бакоў.

М а р ы с я. Разваліць можна.

У хату ўваходзіць С т а ф а н К а л я д а. Здалёк заўважае Марысю і Янку.

С т а ф а н. Вечар добры ў хату. Во ўрэшце абліччы божыя, а не псіныя морды.

Б а ц ь к а. А ты адкулека?

С т а ф а н. З канторы.

Я н к а (Марысі). Хіба галовы ім разваліць? Або, хутчэй, сваю падставіць?

М а р ы с я (проста). Што думаеш? Надумаешся да нечага?

Я н к а. Надумаюся. А пакуль – скардзіцца трэба.

М а р ы с я (правяла рукой яму па галаве). Ах, божанькаў лянок. Так табе і дадуць, добры да людзей... Лю-удзі. Гэты – скардзіцца, Стафан – цёмнаму лесу з-за рога сякерай пагражаць.

За вокнамі бліжэй і бліжэй ляскат колаў, тупат капытоў, дзікія галасы:

Ехалі малойцы,

Гарамі, лясамі,

Прывязалі дзеўку

Да сасны касамі.

Выкрасалі агню

Трыма палашамі,

Запалілі сосну

Зверху з каранямі.

Рогат, выгукі нешта накшталт шабашу.

А пан – ён, Казік. Ён з вамі што хоча, то й робіць.

Я н к а (сур’ёзна). Слухай, так мы не згаворымся. Я не майстра гаварыць. Толькі... ты сама, па-мойму, не вырашыла, з кім. Слова б не сказала, каб не няшчасце з бацькам.

М а р ы с я. Хто ведае?

Я н к а. Я ведаю. Дык вось, адкрый вочы. Кінем усё гэта. Ты мне – дужа харошая. Але ці не пашкадуеш? Я ўсё забуду, нават галасы. Я цяжка працаваць буду... I ты таксама. Будзе на нашых чатырох руках у мяне – маці і тры сястры. У цябе – бацькі і тры сястры. I чужыя куты.

М а р ы с я. I гэта ўсё. Унь гэты, што за акном, – той лес, зямлю за мяне падпаліць абяцае. А ты...

Я н к а. Я не абяцаю. Я гатовы рабіць.

М а р ы с я. I не знаходзіш слова? Ніводнага?

Я н к а. Нашто словы? Словы я пасля знайду. А пакуль вось гэтае маё слова і згода жыццё змяніць, загубіць голас невядомага бога, жыць з табой, надрывацца з табой, жыццё дзяліць, легчы пад адной хвояй – яно, па-мойму, вартае ўсіх абяцанняў падпаліць зямлю.

За акном галасы:

Адзін кажа: Я Марусю люблю,

Другі кажа: Я Марусю вазьму,

Трэці кажа: На каберцы стану.

Ёсць у мяне тры кані на стайні.

Адзін конік, як галка, чарненькі,

Другі конік, як голуб, сівенькі,

Трэці конік, як лебедзь, бяленькі.

Рогат. Гукі шаргунцоў.

М а р ы с я. Чуеш, бяленькі? Што мне да бяленькага-сівенькага, калі зямля пад капытам сцелецца ў чарненькага. Ну, слова скажы, скажы: “лебедзь, “галубка”.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27