1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27

Калыска чатырох чараўніц

Я н к а. Няма ў нас слоў. Пасля знайду.

М а р ы с я. А пакуль?

Я н к а. Жыці... памерці з табой.

М а р ы с я. А пакуль словы ды песні т а м?

Я н к а. Т а м хлусня.

М а р ы с я. А з табою? Няўжо скончыць, як бацькі сёння?

Я н к а. Можа, рай створым. А можа, і як яны. Хіба мала? Кепска хіба?

М а р ы с я. Н-не ведаю... Кепска. Гляджу на іх.

Я н к а. Яны разам затое нажывалі зморшчыны... А я хлусіць табе не магу. Што я? Недавучка, вечны арандатар-палавіншчык на чужой зямлі. Няўдалы пісар, няўдалы прыказчык, няўдалы паэта... Але я – вось ён я. Проста я. З табою.

М а р ы с я. Проста... Ён можа нявестай-паненкай ахвяраваць.

Я н к а. А я – жыццём, усім жыццём. Я чую ў сабе голас, але не ведаю пакуль, хто ён.

М а р ы с я. А Казік ведае свой голас (гэта ўжо з раздражненнем).

Я н к а. Ягоны голас – баязлівец і слабак. I таму ён зрывае злосць на тых, хто ад яго залежыць, прыніжае і крыўдзіць іх... Сцвярджа-ае сябе. А мой голас... I я не дам яму волі з-за цябе... Вось мая ахвяра.

М а р ы с я. Хлусіш... Дасі волі... I, думаю, горанька ты пашкадуеш.

Я н к а. Аб чым?

М а р ы с я. ПІто слухаўся голасу, а не мяне.

Я н к а (страпянуўшыся, нібы скінуў нешта). Дзякуй.

М а р ы с я. Гэта яшчэ за што?

Я н к а. За жорсткасць, з якой нагадала мне, хто я. За праўду, што не хочаш такога дня, як сёння ў бацькоў. I яшчэ за адно... я даў сабе волю. Забыўся.

М а р ы с я. I яшчэ што?

Я н к а. I раз ужо так, то я ўспомніў: я не народжаны, каб рабіць няшчаснымі іншых.

М а р ы с я. Каго?

Я н к а. На Стафана зірні. Глупства казаць такое, і ты, пачуўшы, засмяешся мне ў твар. Але гэты знойдзе словы, ён слязе тваёй не дасць упасці, ён кахае цябе і ў крыўду цябе не дасць. I яго нічый голас не кліча, акрамя твайго.

М а р ы с я. Ну, дачакалася я ад цябе слова малітоўнага... за іншага.

Я н к а. Я аддаю табе ўсё – ты не бярэш. Тады – яго вазьмі, абы не Валаховіча. Іначай...

М а р ы с я. Іначай?

Я н к а. Іначай ён наробіць страшнага. У яго няма голасу, але ў яго ёсць рукі.

М а р ы с я (з невымоўнай пагардай). А-ат. У яго рукі... парабкаваць. I ў цябе рукі – крэмзаць цёмныя глупствы.

Я н к а. Я не вінаваты, што пакуль цёмны. Але ты прыслухайся. У яго сэрца нібы звон на пажары...

У хату ўвальваецца на чале некалькіх хлопцаў К а з і к.

К а з і к. Пахвалёны ў хату! Музыкі! Хто прыйшоў і як сустрэць трэба?!

М у з ы к і (спачатку нязладжана, а пасля, калі Казік кінуў на бубен грошы, ладна завялі).

Ой ясным-ясна сонейка ў небе,

А ясней таго Казік у таткі.

К а з і к. Стоп! Гэх “А ці ясен месячык на зары, А ці весел хлопчычак на кані”. Чуеце: вясельная. Захачу, то будзе й вясельная, і папам дзеля пазвону, і ксяндзам дзеля амбоны, і цару на карону.

Я н к а. I людзям для праклёну.

Фурман Блажэй пакасіўся на Янку, але нічога не сказаў.

К а з і к. Музыкі. Кожнаму пад пяту – рубель! I дзеўкам – рубель! Рубеце кадрэль!

Музыкі рванулі “Кадрыль”. Скачуць некалькі параў.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27