1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27

Калыска чатырох чараўніц

А г а т а.

А ці я не дзеўка,

Ці я не паненка?

К а з і к (куражыцца).

Ронкі як бячоўкі,

Спіна як начоўкі.

М а г д з я.

А ці я не дзеўка,

Ці я не паненка?

К а з і к.

Крый, божа, сасніцца

Гэткая цяліца.

Ева.

Толку з пана Казюка,

Што з Кабздоха малака.

К а з і к.

Не наскрэбці з Еўкі

Нават на прыпеўкі.

М а р ы с я (кінулася таксама ў скокі).

А ці я не дзеўка,

Ці я не паненка?

К а з і к.

Сукеначка з радна

I з мордачкі ладна.

Марыся раптам азірнулася і ўбачыла, што Стафан набліжаецца да Янкі. Кінула скокі, якія точацца далей, і пайшла да Каляды. Той, убачыўшы гэта, таксама пацягнуўся да яе, як да магніту.

С т а ф а н. Марыся. Апамятайся.

М а р ы с я. Што “апамятайся”?

С т а ф а н. Ратуйся ад яго.

М а р ы с я. А хто тут ратунак? Хто музыкам плаціць – ягоныя й скокі. Чыя сіла – таго і халуі.

С т а ф а н (ціха, бо ўжо недалёка ад Янкі). Ён такі самы халуй, як і ўсе. I ён трымае сябе так, нібы ўсё на зямельцы належыць яму. Ён усім, хто робіць, хоча давесці, што яны – ніжэй, што яны – нелюдзі. Вось ён хто.

М а р ы с я. А ты хто? (З разлікам на Янку.) Нават не недавучка. Нават не арандатар-палавіншчык на чужой зямлі... Нават... галасоў не чуеш. Што мне? Парабчанская агульная “хата” за завескаю? А унь Казік... У іх маёнткі і фальваркі пад Радашкавічамі...

Я н к а. Шэры барон.

М а р ы с я. I пад Селішчамі, і пад Бароўцамі. У іх усё, а ў вас?..

С т а ф а н. Як табе не сорам?

Я н к а. Гэта праўда... Як табе не сорам?

М а р ы с я. Падман лепшы за вашыя праўду і сорам... Казік, “Падушачку”.

Танец пад песню ідзе павольна, але зачаравана.

С т а ф а н. Божа мой божа... Што ж тут рабіць? Праўда дзе, калі яна ў такіх?

Я н к а. Кінь. Няварта. Сёння я сам ледзь сябе не прадаў. А яна? Сама яна не ведае куды? Бачыш, вырашыла, што абышлася як лепей.

С т а ф а н. Дык падмане ж. Падмане. Куды ж яна тады?

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27