1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27

Калыска чатырох чараўніц

Я н к а. Сама захацела, каб падманулі. Мы з табою ёй – усё. Яна нам – нічога.

С т а ф а н. Ад адчаю яна гэта! Што ты разумееш, пісьменны? Я мудрэйшы, я за яе... я...

Казік з Марысяю:

Вазьму цябе, дзеўка, замуж

Гэтаю вясною,

На падушачцы пуховай

Будзем спаць удвое.

На пуховай падушачцы

Мякусенька спаці,

Прыгожую дзяўчынаньку

Люба цалаваці.

Страціўшы галаву, Валахоўскі прыпаў да Марысіных вуснаў.

Б а ц ь к а (перахрысціўся, і ў поўнай цішыні прагучаў ягоны голас). Пане божа, гэта як?

М а т к а (мармыча). Дзякуй, пане божа, дзякуй.

С т а ф а н. За што дзякуй? За бессаромнасць? Што падмане? Гэй, Казюк, кныр ты паганы, трымай галаву!

К а з і к (узяў з рук Блажэя шклянку, выхіліў). Змоўч, хаме. Не тваёй галаве на гэтай падушачцы ляжаць... Га-ла-ва. Угм. Якраз такая, якой зручна выбіваць вароты.

Стафан. А ў цябе галава? Якраз такая, на якой добра сячы дровы.

К а з і к. Пакуль дровы – ты адчыніш макітрай вароты. 3 маёй парабкоўскай і з майго маёнтка. Калі не помніш, што хлеб ма рогі, што пенёндз робі пенёндз. А ты робіш толькі даўгі, чуеш ты? (Наступае на Стафана.) І не для пса каўбаса. Бяры бацьку з маці на карак і – на ўсе бакі. Такіх, як ты, я па сто за шэлег куплю. I, як захачу, усіх куплю. Ідзі прэч!

Дастае з кішэняў грошы і шваркае імі аб падлогу. Пасля вытрас каліту. С т а ф а н апешыў і ў поўнай цішыні зрабіў крок-другі да дзвярэй.

Збірайце! Усе! Хто не будзе – прэч!

Юзук Гладышэўскі схіляецца і пачынае падбіраць грошы.

Блажэй, шклянку! (П’е.) А ты, Стафан, велькі пан, помні, на маёй зямлі і па ўсёй зямлі “пенёндз пшэмавя, а правда мільчы”.

М а р ы с я. Та-ат...

Я н к а (падымае Юзука). Устаньце, бацька. (Да Казіка.) I гэта адзінае, чаго ты з польскага нахапаўся, як сучка блох? Дык вось табе і яшчэ адна польская мудрасць: “У труны нема кешені”. Для іншых: “У труны няма кішэняў”.

I пасля паўзы, у злавеснай цішыні.

Падбяры грошы. Гэта наш пот – не твой.

Казік зацкавана азірнуўся, пачаў падбіраць. Маўчанне. Пасля крыху апамятаўся.

Казік (глуха). Н-ну так... У гэтым стойле быдлячым я... Панна Марыся... хадзем. Нам не месца тут.

М а ц і. Доню... до...

М а р ы с я (вагаючыся). Стафан... Янка... Стафан. Ну?

М а р ы с я. Перапрасіце гаспадароў. Што ж вы абразілі ўсіх...

Я н к а. Усіх?

У поўнай цішыні Марыся, апусціўшы галаву, ідзе да Казіка, той бярэ яе за руку, і яны выходзяць.

Стафан (амаль шэптам, разгублена). Я-ак ён мяне... Слова супраць не мог... Прападзе.

Я н к а. Калі яна так, калі з гэтым... Вялікі ты яшчэ дзіцёнак, Стафан.

С т а ф а н (глуха). Нічога. Мы без слоў. Аднялі ў нас слова. Па чужых корчмах зацягалі. Хто мы зараз? Люд свінапасаў і смецяроў. Бесславесныя – але мы затое можам трымаць у руках сякеру. Печкі няма, але ўмеем мы трымаць у руках крэсіва. Умеем. Пачакайце.

Я н к а. Хто скажа? Дапаможа? Чаховіч? Хіба ён. Далёка? Не так ужо. Зусім, мабыць, стары саслабеў ад кепскай ежы, занядбанасці... Не... Усё адно да яго.

Ідуць да выхаду.

Б а ц ь к а. Хлопцы!

М а ц і. Сынкі!

С т а ф а н. Сынкі, а не панкі.

Заслона.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27