1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27

Калыска чатырох чараўніц

КАРЦІНА ПЯТАЯ

Бібліятэка ў Чаховічавым флігелі. Усё як раней. Толькі мэбля нібыта не такая запыленая, расчынены вокны, ды парадзелі кніжныя паліцы: частка кніг, запакаваная, ляжыць на падлозе. Ч а х о в і ч сядзіць у крэсле, перад ім А к о н а м.

Ч а х о в і ч (вочы ў яго заплюшчаныя). Далей.

А к о н а м. Бровар, пшэпрашам... Но і еншчэ грэбля для фолюша, сукнавальні.

Ч а х о в і ч. Гм, цікава. Прыбытак?

А к о н а м. Велькі.

Чаховіч. А прашэнне аб узроўні вады. Як там гэты... з... закон: “устроил на реке N фолюш и запрудою поднял воду до такой степени, что совершенно затопил прилегающие к сией реке в верхней её части луга, огороды и сады четырнадцати арендаторов, чем причинил им убыток на такую-то сумму”.

А к о н а м. Не будзе ўбытку. Іх тэрмін канчаецца. А сады? Не бачылі мы з іх кіслага яблыка.

Чаховіч. А чатырнаццаць абяздоленых. А сады, дзе яны летам вячэралі.

А к о н а м. Быў бы дзе хамут, а шыя знойдзецца.

Ч а х о в і ч. Гэта апошняе распараджэнне пані?

А к о н а м. Так.

Ч а х о в і ч (вочы ўсё яшчэ заплюшчаныя, страшным шэптам). Вон! Прэч адсюль, до яснэй холеры! Досыць ужо! Пасмакталі вы, пасмактаў ты сам крыві. Не выпэндзам, але прошэ вон! Пан цо, по-польску не розуме? Тады: “Вон, чтоб духом твоим в маёнтке не смердело”. (3 заплюшчанымі вачыма кідае ў аконама, які рэціруецца, розныя рэчы.) Я не дам, каб зямля пайшла на дно! Людзі будуць летам вячэраці ў садках, пакуль я жывы. Сагнаць арандатараў, га?! (Кідае пантофлем і трапляе выпадкова ў Янку, які ўвайшоў.)

Я н к а. Тут яшчэ адзін арандатар.

Ч а х о в і ч. Вон, смродзе!

Я н к а (з усмешкай). Дык я пайду.

Чаховіч (расплюшчыў вочы). Хто?.. Ян-нук... Малы Янук (ускочыў). Які малы?! Сынок... Бог мой!.. Вялікі Янук... Трынаццацігадовы пастушок (абдымае яго). А зараз – адбітак думкі боскай у вачах... Гатовы ўжо цалкам да чагосьці. Бог мой, узнагародзіў ты мяне за ўсё маё нявартае жыццё. Дзецко мое... Дзетухна ты мая!.. Сядай...

Усаджвае яго, завіхаецца па пакоі.

Я н к а. Нешта новае я ў маёнтку заўважыў. Ад тракту, ад касцёла да самага палаца – маладыя лістоўніцы.

Чаховіч. Я пасадзіў.

Я н к а. Чужое, не наша дрэва.

Ч а х о в і ч. Пінус ларыкс... Больш наша, чым думаеш... Ты ведаеш, якога дрэва ў імперыі найбольш?

Я н к а. Сасны?

Ч а х о в і ч. Лістоўніцы болын за ўсё. За кошт тых краёў, куды лепшых нашых людзей заганялі. Вось я і пасадзіў. На ўспамін. Я памру – а яны будуць расці. Мо і да пяцісот год, калі не знойдзецца ў дурня сякера. Людзі будуць глядзець. Успамінаць нас. Вясной шышкі чырвоныя, як наша кроў. Восенню – залаты пажар!

Я н к а (дастаючы з пляцака). Далёка стала да вас. Кідае нас лёс туды-сюды... Тут вось... шынкі кавалак... сыр... яшчэ сёе-тое. (Чаховіч хвіліну сядзіць моўчкі. У яго дрыжаць рукі. Пасля ўстае, моўчкі здымае са спіртоўкі кафейнік, дастае з шафы бутэльку і кілішкі.)

Ч а х о в і ч (глуха). Дзякуй. Акрамя некаторых, самых бедных, адзін ты быў у мяне. Я думаў, так і не аддзячу, не пачую цябе. Тым больш, збіраюся ў Вільню, паміраць. Цяпер можна.

Я н к а. Ды што адбылося?

Ч а х о в і ч. Анэля памерла. Царства ёй нямецкае. Гэта значыць лютэранскае. Цяпер аконама – вон, арандатараў – на месцы свае. Плату арэндную – знізіць. Прынамсі, пакуль я жывы. Шкада, што не ты мой сын. Гэтыя мае парасткі.

Я н к а. I вам не...

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27