Калыска чатырох чараўніц

Я зёлкі ў полі збіраю,

Івана Купалку пераймаю

I ўсё гляджу ў цёмен лес.

А ў цёмным лесе агонь гарыць.

Каля агню Купалка сядзіць,

Купалка сядзіць і ўголас плачыць.

“Чаго, чаго, Купалка, плачаш?

Ці табе тут соўнінька мала?!”

Цьмянае агнявое кола. Затое слаба-слабенька ўспыхвае іскрачка блізка ля зямлі. Яна мігацее, часам ледзь не гасне, але ўсё ж паступова разгараецца ў маленькае ззянне, і тады нам відаць, што яно льецца з калыскі, якую гайдае невядома чыя рука. Ля калыскі чатыры постаці. Калі пачынае гаварыць кожная з іх, на невыразнай постаці на імгненне запальваецца слабое святло: белае – блакітнае – залацістае. I толькі на чацвёртай – бронзава-чорнае, нібы згушчаецца змрок. Галасы глухаватыя і ўсё ж выразныя.

Т р э ц я я (залатая). Сёстры. Ля калыскі кожнага нованароджанага з’яўляюцца чараўніцы і прарочаць яму ягоны лёс.

Ц ё м н а я (чацвёртая). У некаторых не з’яўляюцца.

Б е л а я (першая). У тых, хто пасля – аж да канца – пальцам не варухне дзеля брата і друга. У тых, хто толькі для сябе. У тых, хто толькі хлебаед.

Т р э ц я я (залатая). У астатніх – узнікаюць.

Блакітная (другая). I мы заўсёды стаім ля калыскі тых, хто адарве кавалак ад рота і дасць загнанаму, хто памагае не толькі людзям, хто памагае цэламу народу стаць на ногі. Каля тых – заўжды.

Ц ё м н а я (чацвёртая). Які вы судзіце яму лёс?

П е р ш а я. Самы слаўны.

Чацвёртая. Але і самы цяжкі.

Т р э ц я я. Але і самы вялікі.

Песня:

Купалінка, купалінка, Ружу, ружу поле,

Цёмная ночка, Белы ручкі-ручачкі коле.

Цёмная ночка, Кветачкі рве, кветачкі рве,

А дзе ж твая дочка? Вянкі звівае,

Мая дочка у садочку Вяночкі звівае,

Ружачку поле, Слёзкі пралівае.

Чацвёртая. “Слёзкі пралівае...” I праўда, што за жыццё без слёзак?.. Нішто-о, гэтым дабром я яго забяспечу. Шмат чаго я нарабіла ягонаму роду ў мінулым. А ён сербане больш за іх усіх разам.

Т р э ц я я. Што ж, сэрца мудрых у доме плачу.

Чацвёртая. Ён будзе гадамі блукаць упоцемку.

П е р ш а я. I выйдзе на святло.

Чацвёртая. I аслепне ад яго.

Д р у г а я. I выведзе на яго іншых.

Чацвёртая (амаль у ярасці). Ён памрэ далёка ад роднай зямлі.

П е р ш а я. I вернецца ў яе. I давеку застанецца з ёю.

Далёка-далёка плывуць дзявочыя сілуэты; амаль згасла кола ў паветры. I невядома, адкуль робіцца святлей у тумане: ці ад прадчування заранкі, ці ад вельмі слабага святла з калыскі.

Песня:

Ой, рана на Йвана (2)

Проці Івана ночка мала

Ой, рана на Йвана (2)

Ой, рана на Йвана (2)

Дзе купала начавала?

Ой, рана на Йвана (2)

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Начавала ў чыстым полі.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Ў чыстым полі, ў густым жыце.