1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27

Калыска чатырох чараўніц

Ч а х о в і ч. Хочаш спытаць, ці не шкадую? Шкадую. Той шкадую, з якой ажаніўся, калі ўсе – і мы – чакалі паўстання і нашай перамогі. У-у, якая гэта дзяўчына была! Адданая ўся... як сонца аддадзена зямлі. Як я – ёй... Сцеражыся слабасці, сынок. Першы крок – гэта яшчэ твой, свабодны выбар. Другі крок можа зрабіць і раб.

Я н к а. Больш за ўсё не хачу рабства.

Чаховіч. І не рабі нат кроку да яго. Іначай – прапаў... Жанчыны, жонкі. Гэта хлусня, што адны мужыкі – ігракі. Бываюць і жанчыны. Частка ставіць на свайго мужчыну сумленна, у руднік ідзе за мужам. Частка, калі ён прайграў, кідае яго. Дурныя. Хіба Каліноўскі прайграў? Я п р а й г р а ў. А горш за ўсё з ёй. 3 яе прагай быць сярод сільных. 3 такіх нараджаюцца жонкі дыктатараў.

Я н к а. А вы не з тых.

Ч а х о в і ч. Так. I... я не шкадую яе такой, якой яна стала. Мы пажаніліся ў пяцьдзесят дзевятым. У яе былі вось гэтыя Бясяды. У мяне – Мацковічы і Крашоны. Сто валок добрай зямлі. Тры тысячы маргоў. Дзве тысячы дзесяцін. I дзве тысячы сто трыццаць шэсць гэтых новых. Як іх... Гектараў. Ты ведаеш, я быў экспедытарам паўстання. I быў чалавекам захаплення, лёгка даваў кіраваць сабой. Калі белыя прыйшлі да ўлады, Кастусь паехаў камісарам на Гродзеншчыну, а я застаўся. Вось з чаго пачалася кара, з кампрамісу. Лепей бы на шыбеніцу з Кастусём... Арыштавалі... Паказанняў не даў. Зарана арыштавалі. Але частку маёмасці я, прадбачыўшы арышт, перавёў на жонку. I добра зрабіў. Бо разам з пажыццёвай катаргай мае маёнткі канфіскавалі. Прыкулі мяне ў Нерчынскіх рудніках да тачкі. Потым розныя паслабленні. Мылаварам быў у Іркуцку. Пасля ў Пермі, Смаленску, Варшаве. Каму патрэбен яшчэ адзін мылавар у Варшаве? Добра, што іркуцян і іншых паспеў крыху адмыць. Словам, амаль дзесяць год Сібіры, а пасля тут. Думаў, што ўратаваў частку майна ад канфіскацыі. А яна й на гэта лапу... Няшчасныя арандатары, няшчасныя мужыкі! Не, такую, якой яна зрабілася, я яе не шкадую.

Я н к а. I вы ўсе гэтыя гады?..

Ч а х о в і ч. Так, прыжывал. Вартаўнік пры чужым.

Я н к а. Але ж збераглі кнігі і рукапісы.

Ч а х о в і ч. Астатняга не шкада. Хай развальваецца гэта гняздо. Лепшага яно не вартае. Узнікне новае жыццё, хай варожае – у с ё л е п е й т а г о, ш т о б ы л о. Вось так часам канчаецца каханне. Ці перажыў ты такое?

Я н к а (пасля паўзы). Перажыў.

Ч а х о в і ч. Вып’ем тады за два забітыя каханні... Слухай, ідзі на маю зямлю. Толькі за падатак дзяржаве.

Я н к а. Не. У нас ужо ўмова на Бараўцы.

Ч а х о в і ч. Можа, і рацыя. Жыцця майго мала. А што пасля?

Я н к а. Хіба вось, можа... ёсць такая сям’я Стафана Каляды. I ён прападае па адной дзяўчыне.

Ч а х о в і ч (занадта ўважліва). Добра. Добра, што ты просьбіт толькі за іншых. Вып’ем з а і н ш ы х.

Я н к а. Хіба што, можа, ужо позна.

Чаховіч. А можа, й не, Мне – позна. А табе, можа, й не.

Я н к а. I мне позна. Хіба – Стафану не?

Ч а х о в і ч. Ну, давай тады проста ціха заспяваем.

Спяваюць амаль шэптам, не дужа добрымі галасамі. I менавіта гэта кранае да глыбіні душы.

– Учора не быў, сягоння не быў.

Відаць, мой міленькі мяне пазабыў.

– Я не пазабыў, не пазабуду,

Сяду паеду, сем лет не буду.

– Язджай сабе з такой бяды.

Найму молайца з чужой стараны.

Пасаджу яго ў канцы стала,

Буду глядзець, як на сакала.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Учора звячора саколка была,

Сягоння рана расстраляна была.

Вот не жаль бы быў, каб дзе на лужку,

А гэта на грудзе, на жоўтым пяску.

Урываецца а к о н а м.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27