1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27

Калыска чатырох чараўніц

А к о н а м. Пане, што я чулем? Пан тыя ўчасткі спшэдалі?!

Чаховіч. Я сказаў, каб тут не смярдзела вашым духам. Вон! I без рэкамендацыі. Прахвост і без рэкамендацыі знойдзе гаспадара, якому будзе патрэбен. Кажыце дзякуй богу, што не адбіраю ў вас крадзенае. Брыдка.

А к о н а м знікае.

Я н к а. А вы ўсё ж пан. Таксама паказваеце ўладу.

Чаховіч. А над колькімі куражыўся ён? А я бяссіла глядзеў. Прыжывал, нахлебнік, аб’яўлены вар’ятам. Але гэтаму цяпер канец. Памятаеш, я казаў пра т а я м н і ц у.

Я н к а. Ну... Вы чагосьці чакалі?

Ч а х о в і ч. Чакаў. Смерці жонкі... Не глядзі на мяне, як на пачвару і страшыдла. Чакаў, абпляваны і прыніжаны ўсімі, акрамя адзінак. Але дачакаўся.

Я н к а. Чаго?

Чаховіч. Я з а п л а ц і ў с а с п а д ч ы н ы ў с е п а з ы ч к і і д а ў г і п а ў с т а н н я.

Паўза.

Я н к а. А калі б... першы пайшлі вы?

Ч а х о в і ч. Значыць, я дарэмна ўсё жыццё цярпеў прыніжэнне. Ну, цяпер нехта кіне адзін сказ. “Первшым его чынэм было сплацэне пожычэк, зацёнгнентых на цэле повстаньчэ”.

Я н к а. I што, сэнс жыцця – у а д н ы м с к а з е?

Ч а х о в і ч. Ну. Я не вінен нікому. Акрамя забітых, што самі абралі свой лёс. Паўстанне не вінна нікому. У сваёй галаве я трымаў гэты гросбух. А л е п а ў с т а н н е н е в і н н а н і к о м у. Я сплаціў ягоны і свой доўг. Ніхто цяпер не скажа пра тутэйшых, пра беларусаў, што яны не плацяць свой доўг.

Я н к а. I ў гэтым усё?

Чаховіч. А ты што думаеш? У чым сэнс жыцця? Сплаціць свой доўг народу, які цябе нарадзіў. Сплаціць да канца і памерці. Не чакаючы падзякі.

Я н к а. Праз сорак год? Многія, мабыць, памерлі?

Ч а х о в і ч. Нічога, засталіся дзеці. Унукі. Пляменнікі. Калі ёсць той свет – яны раскажуць. Калі няма – у нас застанецца чыстае сумленне. П а ў с т а н н е н і к о м у н е в і н н а. Вінныя толькі тыя, хто вешаў і ссылаў нас. Але прыйдзе час – мы станем перад Праўдай з чыстымі рукамі. А ў іх рукі будуць па локаць у крыві.

Уваходзіць пакаёўка.

Пакаёўка. Пане. Тут прыехалі купцы наконт гаю.

Ч а х о в і ч. Хай пачакаюць. Пакарміце іх.

Пакаёўка. І тут яшчэ стражнік прыбягаў на кані ў Гайну. Ад вурадніка, ад Рахцея Рахцеевіча, каб яму прычасць калом у глотцы. То ён казаў...

Ч а х о в і ч. Што?

Пакаёўка. Найміт ёсць у Валахоўскага. Каляда такі.

Янка. 3 ім нешта?!

Пакаёўка. Ды не з ім, братачка. 3 бацькам ягоным. Арандар сагнаны. Пагубіў...

Я н к а. Каго?

Пакаёўка. Не каго. Душу пагубіў. Узяў ды на браме ў Валаховіча ноччу павесіўся.

Я н к а (Чаховічу). Позна я да вас прыйшоў.

Ч а х о в і ч (да пакаёўкі). Заўважылі за ім нешта перад... гэтым?

Пакаёўка. А як жа. Удумлівы хадзіў. Бо тут яшчэ паніч з ягоным сынам за дзеўку заеліся. I сына ледзь з наймітаў не пагналі. А што дзеўка? Што ён, у касцёл з ёй пойдзе, паніч? Вось будзе яна цяпер праз слёзы бусла чакаць. Матку не слухала – бабку цяпер будзе слухаць.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27