1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27

Калыска чатырох чараўніц

Я н к а. Кінь. Бацькі яе і прадалі. Не людзі – саладуха пракіслая. Рабы. Каб хаця свяшчэнніка, а то яны бога вакол пальца абвесці хацелі, душу запрадаць.

Ч а х о в і ч. Яшчэ што?

Пакаёўка. У карчме, кажуць, казаў: “Вязуць дарогамі паваленыя дрэвы з майго калісьці гаю, воўну з авечак, што пасвіліся на маёй калісьці, адабранай зямлі. Зрабілі з мяне нішто. То ўжо хай бог ці д’ябал і гэтае нішто забіраюць...” I аб чым гэта ён?

Ч а х о в і ч (глуха). Ідзі.

Пакаёўка выходзіць.

Ну вось так. Спазніліся. I ты і я... Вып’ем яшчэ за тры пагубленыя, бесславесныя душы. (Паўза.) Ну як, галасы чуеш?.. Гэ-эх, у іншай краіне быць бы табе паэтам. А ў нас паэтаў, відаць, чорт выпалаў.

Я н к а. Я спрабую. Пару вершаў нават надрукавалі. Польскіх.

Ч а х о в і ч. Польскіх? Пасля Міцкевіча. Хаця і ён адсюль. Ну, прачытай, калі не жартуеш.

Я н к а.

Czarnych swarow dalecy

Ludzie prawdzie nie zdradza

Mozni, biedni, kalecy

Rece sobie podadza.

Ч а х о в і ч. Падалі рукі. Валаховіч і Каляда. Яшчэ нешта.

Я н к а.

Miluje jak jestes szeroka i dluga,

Pzed laty dwochsetnie liczacej sie miary,

Gdy bil ci poklony i wladca i sluga,

Gdzie sloncem, gdzie gromem srumialy sztandary.

Чаховіч. Гм-м.

Я н к а . Кепска?

Ч а х о в і ч. Кепска. Злоўжыванне высокімі словамі і сто разоў паўтораным. Для Сыракомлі, можа, й добра было б. Але калі ён пісаў? Дый ён спрабаваў па-іншаму.

Я н к а. Я чуў. Але ж гэта па-тутэйшаму.

Ч а х о в і ч. Кастусь пісаў па-тутэйшаму. Хто ведае, можа, яны мелі крыху праўды. (Паўза.) А твой голас якімі словамі гаворыць?

Я н к а. Не ведаю. Толькі ад іх сэрца рвецца.

Ч а х о в і ч. Ад гэтых – не. Ідзі за голасам. (Задумаўся.) Пушкін, як сваю, ведаў французскую. А што ён на ёй? Можна, пачынаючы, ведаць толькі некалькі слоў. Але гэтыя словы... Але гэта будуць гучаць у табе Галасы Забытай Крыві... I паслухаць іх ніколі не позна... Слухай, вось тыя кнігі – мае ўлюбёныя. “Дон Кіхот”, “Мантэнь”... Божа, а Кнігі і няма. Ніводнай Кнігі ні для цябе, новага, ні для мяне, абноўленага... Стой, а можа... (Дастае з паліцы кніжачку.) Пра яе я й забыўся. “Братцы мілыя, дзеці зямлі-маткі маёй... Наша мова для нас святая, бо яна нам ад бога даная... Не вялікая, не малая, не чырвоная, не чорная яна была, а белая, чыстая”. Бог мой, як я забыць мог?! Прыжывальства памаракі забіла старому дурню... Вось жа яно... “Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек, перад скананнем катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!” “Язык і ёсць адзёжа душы”. (Працягвае кнігу.) На. Астатняе здабудзеш сам. А тое, што пісаў дасюль? Не такімі вершамі сплочваюць доўг. Замучанаму бацьку і забітаму Калядзе, тваёй хворай маці і ўдаве Каляды. I зямлі. Мы не разумелі гэтага. Многія. Камусьці трэба пачынаць плаціць.

Спаўзае з крэсла. Янка кідаецца да яго.

Нічога... Ні... Я яшчэ пакуль не памру... Я... дачакаюся, пакуль пачнеш плаціць ты... Як позна я... Ты вінен і за мяне таксама. Бо я дурны. Хто ведае, ці не пакарае мяне пекла... За тое, што я так доўга не мог... знайсці яе. Нічога. I д з і т ы. Можа, твая доля – сплаціць за іх...іхняй мовай. Перастанем быць як яны – тады канец.

Заслона.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27