1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27

Калыска чатырох чараўніц

КАРЦІНА ШОСТАЯ

Канец лета і канец дня. Гародчык, садок і плот перад хатай Луцэвічаў. Ружы, шыпшына, малады сад. Вось-вось схіліцца да гарызонта сонца. Я н к а канчае папраўляць плот і мармыча нешта сам сабе.

Я н к а. Дзве сякеры. Адну навастрыць трэба... Хай абедзве... (Адкінуў адну сякеру, другой прыбівае штыкеціну.) Вось. (Глядзіць адступіўшы.) Нішто. Прынамсі, як пайду ў свет, ніхто не ўлезе свіным лычам.

Выйшла і стала непадалёк маці.

М а ц і. Усё ж вырашыў.

Я н к а. Так, матулька. Самы час. I нельга болей цягнуць. Свет кліча.

М а ц і. Куды ж ты ў гэтым свеце?

Я н к а. Не ведаю. Па дарогах. Вучыцца б.

М а ц і. Ты ж і так самы з нашых навучаных на наваколле.

Я н к а. Беднае наша наваколле.

М а ц і. Было так і будзе.

Я н к а. Было. Не будзе. Пайду слухаць галасы. Шукаць свой Голас.

М а ц і. Дзе, сынок? Аднялі наш голас.

Я н к а. Знайду. А дзе? Не ведаю. На паромах, у грабарах, рабочым на бровары, сярод бадзяг... Дзе-нідзе – знайду.

М а ц і. А мы?

Я н к а. А вы думайце пра мяне. Сілы маёй тады прыбудзе...

М а ц і. Яначка!

Я н к а. Я вас не кіну. Кожны кавал раздзялю напалам. Але я ўжо тут не магу. Застануся – загіну. Будзе ў мяне – будзе і ў вас. Даб’юся свайго – быці табе каралевай. Не знайду – быці табе маткай бадзягі беспрытульнага. Але нельга мне тут. Ветру няма. Душыць.

М а ц і (плача). Застанься. Загінеш.

Я н к а. Як застануся – загіну. Ну, супакойся. Смеламу і лёс чуб падстаўляе. Супакойся, небачка маё яснае. Гэта ж і ты мяне клічаш. Не тая, што ў касцёле, а тая, што на полі. Твае словы клічуць, песня, бядота твая, сумленне тваё высокае. Не заваюю для іх узнагароды – шэлег мне цана, матуля.

М а ц і пайшла, плачучы. Янка стаіць і глядзіць на далягляд, і Голас пачынае гучаць у вушах:

Ці завылі ваўкі, ці заенчыў віхор,

Ці запеў салавей, ці загагала гусь, –

Я тут бачу свой край, поле, рэчку і бор,

Сваю матку – зямлю – Беларусь.

Хоць гарыста яна, камяніста яна,

Вераб’ю па калена, што сею, расце,

Дый люблю ж яе я, шкода хаткі, гумна:

О, такіх няма, мусіць, нідзе.

Голас цішэе:

Гэта ёнк, гэта крык, што жыве Беларусь!

Божа, голас! Яны ўцякаюць ад мяне. Яны хаваюцца, не хочуць. Божа, я нішто, я бездар! I я кіну гэтую зямлю? Дзеля чаго? Я ж не ведаю, як служыць ёй. Злітуйся нада мною, Голас! Адгукніся. Што ты такое? Які ты?

I тады здалёк пачынаюць весці напеў галасы:

Дубочак зялёненькі,

Іванька малодзенькі,

Ой, лі-люлі, ой, лі, ой, люлі,

Іванька малодзенькі.

Іванька малодзенькі.

Ідзе невясёленькі.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27