1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27

Калыска чатырох чараўніц

– Ой, як мне вясёлым быць,

Ой, як жа мне не тужыць.

Вось, вось яно. Ну, гучней. Ну, на поўныя грудзі.

I раптам хрыплы, недалёкі і нейкі асабліва дзікі пасля празрыстага хору голас:

Вядзі ў сваю хатачку,

Пацеш мамку, татачку.

Голас збіваецца на блекатанне, пачынае перабіваць сам сябе:

Ляжыць нялюбы на правай ручцы...

Адкаціся... Вуду страляці, лучаці з тугога лука...

Пасля з’яўляецца за плотам і мінае двор сілуэт жанчыны, цёмны на фоне заранкі.

М а р ы с я. “Сядлай каня, з’язджай са двара...” Не твой гэта двор, не твая зямля. Не наша яна, зямля. Чужая. Чорт Савул яе забараніў. Чаго сохне, чаго вяне? Жаласная зязюля век гаруе. I траўка памірае, і сонейка за лес коціцца. Мёртвая зямля пад мёртвымі вішнямі. Пакуту нясе, красу дарма аддае. Жыве, а не будзе жыці. Свет ёй завязалі, як мне, маладой. Сама завязала.

Выйшаў за ёю Стафан Каляда з сякераю за поясам.

С т а ф а н. Гэй, ды апамятайся. Ты, Марыся! Ды што, сапраўды свет завязаці праз гэтага прыдурка?

М а р ы с я. Розум завязаці. Не памятаць. Не, не. Вось гэты. Шэры барон. Ручкі ў касцёле вяжа. Рэчкі паўсыхалі, землі паздыхалі, добрыя паўміралі. Няма абароны! Ваўкі!.. А вы... Як я мучыла вас?! Нічога, зараз МНЕ слязьмі расіць. Адна ў чыстым полі, і вакол ворагі.

Пайшла.

Хрыплы голас:

Хаджу каля Дунаю,

Тапіціся думаю.

Я н к а. Ну, Стафан? Бачыш. Мы яе гэтаму аддалі. Ты праз нясмеласць. Я – праз свае пустыя мары.

С т а ф а н. Сагналі ўсё ж бацькоў. Казік, вірлавокі грыбазвон, не заступіўся. Расперазаўся яшчэ горш, гойсае па фальварках. А яна за ім. Ён зараз тут, і яна сюды. То нібы пасвятлее ў галаве, а тады яна сябе дакарае, і бог тады быццам злітуецца, зноў адбярэ ў яе розум.

Здалёк хмельная песня, і, нібы ў адказ ёй, вельмі далёкі голас:

Хаджу каля Дунаю,

Тапіціся думаю.

Ну, што рабіць, Яне?

Я н к а. Ведаю адно: болей так нельга.

С т а ф а н. Стой... Што там такое?

Наводдаль невыразны голас, выкрыкі. Прабягаюць паўз плот д в а м у ж ы к і.

Я н к а. Што там галосяць?

П е р ш ы. А, дзеўка ў стаў укінулася.

Д р у г і. Вар’ятка тая. Ды галавою аб камень.

Стафан памкнуўся быў за імі.

Я н к а. Не хадзі туды. Ну, убачыш абалонку без душы. Як яно і пры жыцці было ў апошнія месяцы. Аддавала душу не таму, каму трэба. I засталася без яе. Усё ясна.

С т а ф а н. Так, усё ясна. Бацька забіў сябе – усё ясна. Я раб – усё ясна. Яе забілі – усё ясна. (Кладзе руку на сякеру.) Усё, урэшце, ясна.

Пайшоў. Праз некаторы час да плота падыходзіць м а ц і.

М а ц і. Ну, вось. Вось і канец тваёй байцы. Ты ж ёй па шчырасці?

Я н к а. Па шчырасці. Ды што я мог ёй даць?

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27