1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27

Калыска чатырох чараўніц

М а ц і.

А яшчар-паночак,

Проша мне аддаць вяночак,

Я па расе хадзіла,

Па красачцы збірала.

Пагубіла душу. I, можа, не толькі сваю.

Я н к а. Я пайду адсюль. У свет. (Упарта.) Яшчэ раз кажу: суджаны мне рубель – палова ваша. Суджана памерці ў астрозе ці пад плотам – ты даведаешся сэрцам. Усё адно жабракоў яны з нас зрабілі. Сорам, калі людзі твае, кроў твая – адно жабракі. Без славы, без слова, без гонару.

М а ц і (плача). Дык хто ім гэта верне? Ты? Бедны, як вавёрка вясной, недавучаны.

Я н к а. Лёс дапаможа мне. Боль іхні мяне спадобіць. Адбярэцца ў сільных сіла іхняя і дадзена будзе – нам. Сірым, гнаным, непісьменным, без хлеба... Не плач, маці. Нас гоняць, як ланяў, але мы не памрэм. Нас па пальцах можна пералічыць, але з намі наш край. 3 намі яна, вялікая Маці-Праўда.

М а ц і пайшла. Захад згасае, але робіцца нібы святлей, усходзіць месяц. I зноў гучыць аднекуль Голас:

Пад навалай крыўдаў многія сталецці

Мы няслі пакорна лямку беспрасвецця.

Мы няслі – ўсё ныла, гінула памалу,

Аж не нашай наша бацькаўшчына стала.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Усё спаганяць людзі, покі ноч шалее,

Вырвуць веру ў шчасце, веру і надзею,

Ды таго не вырвуць, што напела маці

Ночкай над калыскай роднаму дзіцяці.

Зноў знікае некуды. Але нічога... Урэшце пачуе, і ты не знікнеш.

З’яўляецца К а л я д а. Кідае ля Янкі сякеру. Лязо цёмнае.

Я н к а. Гэта што?

С т а ф а н. Кроў.

Я н к а. Чыя?

С т а ф а н. Пакуль не мая... Можа, хаця нехта, калі не пасаромеецца, дык падумае, перш чым зачапіць праўду.

Я н к а (хутчэй сцвярджае). Казік.

С т а ф а н. Хай яна будзе апошняй ягонай ахвярай. Украў ён у мяне бацьку, працу, страху над галавой. Ён украў у мяне мой гонар. За ім стаяла багацце. За ім стаяла царства. За мною – нікога. Больш ён не будзе ні ў каго красці. (Чырванее край неба.) Памятаеш, мы на гульні ў маёнтку глядзелі. Агні пацешныя ў небе. Хварварк. Вось ім, хе-хе, і хварварк і асвятленне.

Я н к а. Гэта што?

С т а ф а н. Валахоўскае гняздо гарыць. I няма аніводнага іхняга птушаняці.

Я н к а. Ты? Адзін? Ці нейкі ў вас хаўрус?

С т а ф а н (паказвае на агонь). Унь ён, мой хаўрус, мая, хм, кунпанія.

Я н к а. Згасяць.

С т а ф а н. Яшчэ запалім.

Я н к а. Ссылка... Вісельня.

Стафан. І ў Сібіры зямля. А вісельня? Няма ў мяне нічога. Голаму дождж не страшны.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27