1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27

Калыска чатырох чараўніц

Я н к а (пасля паўзы). Лічы, што я з табой у таварыстве. Хай не з сякерай.

За сцэнай частыя крокі. Янка бярэ Стафанаву сякеру і кідае яе за плот, у копанку. Там плюхнула. Увагнаў у слуп адну са сваіх сякер.

Вось цяпер твая.

Уваходзяць с т р а ж н і к і на чале з у р а д н і к а м С н у л ы м.

Стражнік. Ну дык вось ён. I бегаць далёка не давялося.

Я н к а. Ды ў чым справа, панове?

С н у л ы. Убейства паніча, падпал Валахоўскіх.

Я н к а. Бачыў нехта?

С н у л ы. Нет. Але прычына. Распутны чалавек. Дзеўка тут утапілася. Бацька п’яны сябе прыкончыў. Ну і, какурат, азліўся на ўвесь свет.

Я н к а. А калі гэта ён?

С н у л ы. Толькі што-с.

Я н к а. Ды Рахцей Рахцеевіч...

С н у л ы. Ерафей Ерафеевіч.

Я н к а. Памылка тут нейкая, васпане. Ён ужо... гадзіны дзве, як тут.

С н у л ы. Што рабілі?

Я н к а. Праходзіў, спыніўся. Плот мне дапамог скончыць, каб свіння розная ля маёй хаты не лазіла.

Стражнік. Мо й сапраўды не ён?

С н у л ы. Разбяромся. Ідзі, Стафан.

Я н к а. Стафан-першапакутнік. Народзіны – другі дзень калядаў. Як здзек. На каляды – Каляда.

С т а ф а н. Ды хіба я першапакутнік? Я без ліку які замучаны.

Я н к а. Вазьмі с в а ю сякеру, Стафан-першапакутнік.

Стафан узяў. У яго хочуць адабраць.

С т а ф а н. А што? Лес валіць. Ды хіба адзін лес? (Размахвае сякерай.) Добра. (Аддае яе стражніку.) Трымайце пакуль.

Стражнік. Крыві няма. Стружкі-габлюшкі (нюхае). Дрэвам пахне.

С н у л ы (спахапіўшыся, да Янкі). А твая дзе?

Я н к а. Вось. Мы ў дзве. Спарней.

С т р а ж н і к і, у р а д н і к і С т а ф а н пайшлі.

С т а ф а н. Бывай, Янка!

Я н к а. Бывай, першапакутнік. Так, пайсці. Імя змяніць нават. Каб нічога ад шляхты, нічога ад мяшчан, нічога ад раба. Першамучанік Стафан, народжаны на каляды. А я – Янук. Народжаны на купалле, Купала. Ян Купала.

М а ц і выносіць торбу.

М а ц і. Вось. Бацька кінуў. Дзве дачкі. Сын. Цяпер ты.

Я н к а. Ну, калі застануся. Памром – скажуць: здохла яшчэ некалькі бедных.

М а ц і. Яны памерлі.

Я н к а. Вось за тое, што ты адна, я і іду. Пер’е з іх яшчэ паляціць, такога ворага яны сабе прыдбалі са сваімі паночкамі ды гаспадамі суддзямі.

М а ц і. Лёс не блаславіць цябе, што кідаеш зямлю.

Я н к а. Я кідаю, каб прыйсці да яе. Я іду да гэтай зямлі.

М а ц і. Чаго?

Я н к а. Сплочваць доўг.

М а ц і. Не было ў нас даўгоў.

Я н к а. Нязмерныя нашыя даўгі. Усіх, хто ўмее пісаць і думаць.

Голас здалёк:

Паймі! Пачуй! Сон наш і свой стрывожы, –

Закон і суд свой праведны пашлі!..

Вярні нам Бацькаўшчыну нашу, божа,

Калі ты цар і неба, і зямлі!

Нічога, я не буду ад адчаю, што вы не даецеся мне, біцца галавою аб вугал хаты. Я вас калісьці ўлаўлю, радкі! Я схаплю цябе, Голас. Рана ці позна. Сёння ці заўтра. Ніколі не позна аддаць доўг.

М а ц і. Што ты? Загаворваешся?

Я н к а. Пажадай мне ўсім сэрцам... міру маёй ярасці супраць гэтай зямлі... Зямлі паноў і рабоў. Міру майму лютаму ўтрапенню.

М а ц і. Яно пройдзе.

Я н к а. Хіба з маёй смерцю. А калі раней – гэта будзе значыць, што ўсё дарэмна. Бывай, маці.

Схіляецца і цалуе ёй руку. На імгненне ўсё цямнее, а пасля ў далёкім зарыве з’яўляюцца сілуэты ч а т ы р о х ч а р а ў н і ц.

Т р э ц я я. Ён пайшоў. Тысячы перашкод.

П е р ш а я. Ён пераможа, раз вырашыў ісці да канца.

Чацвёртая. Вы ведаеце, ш т о я пастаўлю на ягоным шляху? Працу чорнага вала.

Д р у г а я. Здужае. Нездарма ён герба Навіна. Ён новы. I новае прынясе на зямлю беларускую. I там ужо ніхто не асмеліцца, не прыкрываючыся хлуснёй, назваць чалавека рабом.

Чацвёртая. Ён адмовіўся ад герба. Ён мужык.

П е р ш а я. Вечны мужык. Усе вымруць і пойдуць. Але застанецца чалавек, у далоні якога хлеб.

Т р э ц я я. I песня.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27