1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27

Калыска чатырох чараўніц

П е р ш а я. Песня і хлеб.

Чацвёртая. А я ўздыму “уголовное уложение статью сто двадцать девятую “О смуте”. За першую ж кніжку: “сочинения, возбуждающие учинению бунтовщического или изменнического деяния... к неповиновению или противодействию закону”. А гэта т р ы г а д ы ў і с п р а в і ц е л ь н ы м д о м е ц і в о с е м г о д к а т а р г і.

П е р ш а я. Я прыбяру гэты камень з яго дарогі.

Чацвёртая. Што толку ў яго пакутах, калі нават сын Чаховіча Вітальд, аддаючы зямлю ў арэнду, будзе браць слова, што шаракі не будуць чытаць і выпісваць “Нашай нівы”?

Трэцяя. А ён скажа: “I гэта сын ідэйнага бацькі”.

Чацвёртая. I судзіць яго будуць.

Д р у г а я. А ён будзе над імі вышэйшым судом.

Чацвёртая. I хлусіць на яго будуць.

П е р ш а я. А ён адкажа ім мячом праўды.

Чацвёртая. На яго будуць узводзіць паклёп і ворагі і “сябры”.

П е р ш а я. Ён будзе над светам, а імя тых забудуць людзі на зямлі. Хіба што каб судзіць або пляваць на іхнюю магілу.

Чацвёртая. I будуць войны.

Трэцяя. А ён скажа: “У мор намруцца, а ў вайну налгуцца”.

Чацвёртая, Часам ён, магчыма, і не вытрымае.

П е р ш а я. Народ запомніць яго такім, як зараз. Ён любіць багоў, калі знойдзе ў іх чалавечае.

Чацвёртая. I ўрэшце ён загіне.

Д р у г а я. Зрабіўшы найвышэйшае, што дадзена чалавеку на зямлі. А смерці яшчэ не пазбегнуў ніхто.

Чацвёртая. Усіх каменняў вы не прыбярэце. Вось гэтую маці, руку якой ён цалаваў, пахаваюць у той самы дзень, калі гэтае ягонае сэрца аддадуць агню.

П е р ш а я. I вечны будзе гэты агонь.

Чацвёртая. І ён загіне, калі зямлю ягоную будзе таптаць, пляваць на яе, зневажаць яе самы бязлітасны, самы бесчалавечны, самы хлуслівы, самы крывадушны вораг.

П е р ш а я. Вораг згіне. Незлічоная будзе сіла ягоная, – а ён згіне. Бо што сіла моцных, калі чалавек ідзе ратаваць людзей, вяртаць іх гонар? Калі ён, хай сабе адзін, за свой народ.

Зарыва. Аддаляюцца крокі. I ўжо на поўную сілу, запаланяючы ўсё, гучыць Голас:

Што я мужык, усе тут знаюць,

I, як ёсць гэты свет вялік,

3 мяне смяюцца, пагарджаюць, –

Бо я мужык, дурны мужык.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

I кожны, хто мяне спытае,

Пачуе толькі адзін крык:

Што хоць мной кожны пагарджае,

Я буду жыць! – бо я мужык!

Канец

1981 г.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27