Калыска чатырох чараўніц

Ой, рана на Йвана (2)

Д р у г а я. Чуеце, спяваюць. Нам скора знікаць. У туманы, пушчы, да зор.

Т р э ц я я. Прыйдзем, калі з дзіцяці вырасце юнак.

Чацвёртая. Ці вырасце? I ці тое, чаго вы хочаце?

П е р ш а я. Вырасце. I імя яму будзе Ян.

Т р э ц я я. Янаў на Беларусі тысячы.

Чацвёртая. Якой такой Беларусі?

П е р ш а я. Прызабытай. Але ён будзе з тых, хто нанава, з пустэчы і папёлаў, з занядбання створаць яе... Ян...

Чацвёртая. Гэта азначае работнік і дурань... Ян.

П е р ш а я. Па-старадаўняму гэта азначае “раскоша божая”... I скіне ён ланцугі з душы простых і дасць ім разуменне.

П е р ша я. Ян! Сын Дамініка!.. Унук Анупрэя! Прапраўнук Яна. Нашчадак...

Д р у г ая. Адама. Ты чуеш нас?! Уставай! Адгукніся!

У тумане над ценямі, над згаслым колам гучыць крык немаўляці.

Заслона.

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

КАРЦІНА ПЕРШАЯ

Хата Луцэвічаў у Селішчы. Звычайная вясковая хата, хіба што пад комінам гарыць не лучына, а каганец, стаяць дзве драўляныя канапы ды побач з іконамі на сценах (католікі) вісяць лубачныя малюнкі. У гарлачы на акне пара “казімірак”. На стале лямпа з прыкручаным кнота.м. М а ц і падкладае ў грубку дровы, і зменлівыя адбіткі скачуць па яе твары. Б а ц ь к а ля стала працягвае новы раменьчык-абору ў адрапараваны хадак. Змярканне.

Д а м і н і к. Ну вось, вельцэшаноўная пані Бянігна-Багуміла Луцэвічыха, урадзона Валасевічуўна, вам пасталы, хадакі тэж. Як навенечкія. Сырамяціна – хоць магната, проша пані, за крадзёж хвастаць.

Б я н і г н а. Ах-ах. Завшэ тэн пан Дамінік кампліментуе. Гэта ж мне цяпер што ў касцёл ці да просяка выйсці – усе свінні паглядзець збягуцца.

Уваходзіць Я н к а. Кладзе сякеру пад зэдлік ля парога, вешае на калок шапку.

Я н к а. Усё. Апошні сажань прыкончыў.

Бянігна. I што ўжо так дзерціся. Цёмна ж на двары, як у войтавай душы.

Д а м і н і к. Кінь. Ён упарты. Ужо як вырашыў нешта зрабіць, то па крапіве босы пойдзе. I ў каго такі?

Бянігна. У дзеда Анупрэя. Ды яшчэ ў стрыечніка ягонага Людвіка Францава... Есці будзеш?

Я н к а. Не, намахаўся. Уначы, здаецца, гэтыя трэскі сніць буду.

Д а м і н і к. Не будзеш есці – не трэскі табе будуць сніцца, а старцы ды яшчэ цыганы... Чаго смяешся?

Я н к а. Сяку ў сне дровы. Падыходзіць цыган з мядзведзем: “Давай падмагу”. Я яму: “Ды пакарміць цябе пасля няма чым”. А ён: “Нішто, бацю, мішкам закусім”.

Б я н і г н а. Цьху, даруй, пане божа. Хіба мядзведзя можна есці? Мядзведзі ж, кажуць, гэта людзі, што ў лес уцяклі, каб на чужога дзядзьку не працаваць.

Я н к а. Мядзведзі разумныя.

Д а м і н і к. Мядзведзі разумныя. Мы – дурныя. Увесь век арандары за палову ўраджая. Увесь век на чужога дзядзьку. Мядзведзя нельга есці – нас можна жэрці. 3 мядзведзя нельга дзерці шкуру – з нас хоць сем... Вось так, пані Бянігна, а мядзведжыя хадакі цяплейшыя былі б. Дый мацнейшыя.

Б я н і г н а (бярэ пасталы). Што вы, пане Дамініку, і так естэм бардзо задавалёна. Гэткія ладненькія. Хоць пані Вітгенштэйнавай квас піць.

Д а м і н і к. Не памінай ты нанач гэтых падлаў.

Я н к а. Так і свецяць хадакі, так і паляць. Ажно ў касцёле некаторыя распранацца пачалі.

Д а м і н і к. Дзіўны ты. Ну зусім не падобны ні на сёстраў, ні на братку. Нібы не ад чалавека. Нібы чараўніцы цябе прынеслі і ля калыскі стаялі.

Я н к а. Гэта вы сёння дзіўныя. 3 чаго гэта раптам “панькаеце”, нібы ў касцёле? Чаго касцёльнай мовай кідаецеся? Што я вам – ксёндз, віленскі дэкан? Пры чым тут дзед Анупрэй... Людвік... Вітгенштэйны?

Д а м і н і к. Ды ў нас сёння свята. Нешта накшталт угодкаў, юбілею нашаму мяшчанству. А праўдзівей, нашаму халопству. (Пасур’ёзнеў.) Ды што ж, ты чалавек ужо дарослы. Дзевятнаццаць год. Можна і расказаць.

Б я н і г н а. Ды ўжо чаго там. Атручваць яшчэ й яго той несправядлівасцю.

Я н к а. Хай. Адной болей, адной меней.

Д а м і н і к. Ніякі ты не мінскі мяшчанін. Хаця я ару, а ты сячэш. Ты роду Луцэвічаў, а герба Навіна. I, значыць, не ніжэй... Вітгенштэйнаў.

Я н к а. I так ясна. Усе Адамавы дзеці.

Д а м і н і к. Ды не ўсе з падатковага саслоўя, у якое нас кінулі. Не ўсіх можна без пакарання абразіць. А між тым, твой продак у восьмым калене Стах валодаў маёнткам Кукялёўшчына з вёскамі Слабодка і Цярпілаўка. Галіна сына ягонага Івана ў 62 годзе, за год да паўстання была зацверджана сенатам у дваранстве, а галіна сына Васіля, брата, праз сенацкія рагаткі не здолела прабіцца... Твой продак у пятым калене Юры меў ад Аўгуста III ў 1734 годзе прывілей на чын паручніка войск Вялікага Княства. Прапрадзед валодаў вёскай Слабодка, выконваў у Радзівілаў службу дазорцы маёнтка Святы Двор.