Калыска чатырох чараўніц

Я н к а (дастае кніжку). Татка, ну што да таго, калі, скажам, дзед у ваўках за самім мядзведзем шаблю насіў. Ну, насіў. А цяпер на месяц вые.

Д а м і н і к. А я цябе ў служкі да мядзведзя не цягну. Хлеба нам, акрамя вось гэтых рук, ніхто не дасць. Я цябе да памяці клічу. Каб не забываў, што жывеш у краіне нягоднікаў.

Б я н і г н а. Ды крый цябе божа! Ды ціха ты!

Д а м і н і к. I хай запамятае... Жылі мы ва ўладаннях князя Дамініка Радзівіла (пляменніка славутага “Раnіе Kochanku”) на правах чыншавай шляхты. Засценак Луцэвічы, за трынаццаць вёрст ад Узды. Дзвесце год жылі, і не крыўдзілі яны нас. А пяцьдзесят год назад землі перайшлі да Вітгенштэйнаў, і пачалася тут у нас з імі вайна за зямлю.

Б я н і г н а. Ваявала мыш з катом.

Д а м і н і к. Ясна ж. I вось дваранская дэпутацкая зборня зацвярджала нас дваранамі ў 1802-м, 1846-м, 1849-м, 1857-м. I кожны раз сенат ці адмаўляў, ці “резолюцнй не следовало”.

Я н к а. Ці не ўсё адно, у лапцях ці ў ботах араць зямлю?

Д а м і н і к. Усё адно. Але ж С п р а в я д л і в а с ц ь на нашай зямлі свінні з’елі. Што мне ў гэтым, ці пан сам пан, ці пан у пана служыць? Ты вось мне скажы: С п р а в я д л і в а с ц ь д з е ? I вось такія, як мы, сталі адной з бочак пораху, куды толькі кінь іскру... I вось год сорак назад край паўстаў, і пачаўся бунт і мяцеж.

Яны глядзяць, нібы ў нікуды, а між тым хату і тое, што за яе вокнамі, запаўняе глухі тупат соцень ног, пошчак капытоў кавалерыі, невыразнае бразганне зброі, далёкія глухія галасы, пасля рэдкія стрэлы і рэха ад іх... I раптам зладжаны гул кананады... I цішыня.

Я н к а (страпянуўшыся). Што гэта, гарматы?

Д а м і н і к. Якія? Гэта тады былі г а р м а т ы. А гэта – г р ы м о т ы. Нейкая вельмі-вельмі далёкая навальніца.

За вокнамі сапраўды грымоты. Зрэдку яны зноў і зноў варочаюцца недзе ў небе аж да самога канца карціны.

Я н к а. А ты паўставаў?

Д а м і н ік. Ды не. Мы людзі маленькія. “Хай бог таму памагае, хто нам дабра жадае”.

Б я н і г н а. Хто паўставаў – тых на вісельню, у Сібір. Ты унь спытайся ў таго, у каго кніжкі бярэш. Ён паўставаў.

Я н к а. Чаховіч?

Б я н і г н а. Ну, так. А што з таго карысці. Жабрак пры багацюшчай жонцы.

Я н к а. Ён не жабрак. У яго – кнігі. Не можа быці жабраком, у каго – кнігі.

Д а м і н і к. То ж бо я раней ледзь не за папружку браўся, каб цябе за кнігу ўсадзіць, а цяпер хоць ты яго лупцуй, што вечна носам у кнізе, а гаспадарка хоць прападай.

Я н к а. Не тыя былі кнігі.

Дамінік. А гэта – т ы я. Бярозавы лес на лучыну звёў – чытае, месяц яму радасць – чытае. Коні на начлезе, а ён ля вогнішча чытае.

Янка. Не краду ж. Чытаю... Каб вы законы ведалі – ці ж бы вас збіла з панталыку сенацкая валакіта? Цяганіна? Блытаніна?

Д а м і н і к. Чужым вумом гаворыш. Якія законы? Проста яны за паўстанне адыграліся на нас. На малых, на бязвінных. Паўстанне задушылі, а нам каб да пачатку ўсе дакумеыты аб дваранстве прадставіць. Іначай ідзі ў мяшчане, у падатковае саслоўе. I – недавер да нас. Указ за ўказам – “не пушчаць”. А адкуль дакументы, ды яшчэ трохсотгадовыя? Касцёлы гарэлі, хаты гарэлі, кнігі і метрыкі разам з імі гарэлі. Усе даведнікі здабывай сам. А дзе іх узяць? Нельга падаваць выпісы з метрык і актавых кніг, што не захаваліся. А кнігі самі спалілі.

Б я н і г н а. Чаму і казала, што ўпарты ты ў дзеда Анупрэя. П я т н а ц ц а ц ь г о д ён са стрыечнікам абабіваў парогі. А за кожную душу, якая дабіваецца права, прынясі дзесяць рублёў срэбрам. А т ы х д у ш, р а з а м з м а л а л е т к а м і, с е м д з е с я т д з в е. А Магільнянскі касцёл, дзе дакументы, і касцёл у Мікалаеўшчыне, дзе дакументы, – згарэлі.

Д а м і н і к (непрыкметна паклаў руку на сэрца). А Вітгенштэйны да таго часу сагналі нас з зямлі. А адказы сенацкія – нічога ў гэтай канцылярыі не зразумееш.

Я н к а. “Законы трэба пісаць незразумела, каб просты чалавек звяртаўся па тлумачэнні да адукаваных паноў”. Міністр адзін сказаў.

Дамінік. Вось так. Так я і прахадзіў да трыццаці год у “панах”, а цяпер вось ужо амаль трыццаць год “мяшчук”. Угодкі сёння спраўляем.

Б я н і г н а. Звыкай. Хрыстос таксама да трыццаці год у нехрышчоных хадзіў.

Грымоты за акном.

Злітуйся, пан Езус, не тое, бач, сказала.

Д а м і н і к. Чаму не тое? Бог цябе стварыў, чалавеча, даў неўміручую душу, даў усю зямлю, сад твой. А ты... Дай шалянцу, Бянігна.

Б я н і г н а. Зноў сэрца?!

Падае адвар. Бацька п’е, паступова супакоіўся.

Дамінік. А ты што напрыдумваў, чалавеча? У каго мала зямлі, у каго няма. Справядлівасць з торбай ходзіць. Хлеба чалавек хоча – страляюць у яго. Кожнае падла самавольнічае, як ашалелае. Кожны сабе грабе. Пра паноў і не кажы.

У гэты час пачынае прыглушана гучаць аднекуль Г о л а с, які пасля будзе гучаць часта. Гэта нібы і Янкаў голас, нібы і чужы. Але хутчэй усё ж Янкаў, толькі непазнавальна амаль узмужнелы, незгінальны і непахісны:

I мужык – пан у старонцы

Гора гэта вечна бача,

Бача, што толькі ў карчомцы

I ў магіле ён не плача.

Я н к а (страпянуўшыся). Вы... чулі голас?

Б я н і г н а. Які голас?

Д а м і н і к. Ты што? (Паўза.) Не, мабыць, у цябе ўсё ж мазгі набакір. Жаніць цябе трэба.

Бянігна. I тое. Унь бяры хаця Марыську Гладышэўскую. Якраз семнаццаць. Бацька спраўны арандар. I яна ж за табою аж вачыма страляе... ну проста як на панскай ахвоце.