Калыска чатырох чараўніц

Я н к а. Ды я пра гэта не думаў. Што ж мне, ускінуць на хіб яшчэ й гэта? Сагнешся... А я адчуваю сілу на нешта іншае, велькае... Вось не ведаю толькі, на што... А голас.

Д а м і н і к. Галасы толькі юродцы гэтай, Анелі Вітгенштэйнавай, чуюцца. Не наша гэта справа, галасы чуць... Панская гэта, ад залішняга туку, справа.

Б я н і г н а. Ну, і паны бываюць розныя. Унь у Бясядах пан, што Янучку кнігі дае. Вось гэта пан, дарма што паляк.

Д а м і н і к. Такі ён паляк, як я Беркаў Зяма. Толькі што ў адной карчме. Я пію, ён падносіць.

Я н к а. Дык хто ж мы?

Д а м і н і к. Тутэйшыя. Веры польскай, то, кажуць, і палякі.

Б я н і г н а. Не, ты не кажы. Ён пан сардэчны, пісьменны.

Дамінік. Ну і што? I багаты, і адукаваны, а што з таго... Усё жончына, ягоныя толькі кнігі. А імі сыты не будзеш. А жонка пана Цыкмуна надгаладзь трымае.

Бянігна. І як быццам ён ад людзей хаваецца. Ці яго хаваюць. I... начальства ведае, але праз пальцы глядзіць. Кажуць, ён цяпер бяспечны, Чаховіч.

Д а м і н і к. Кажуць – значыць, на іх і небяспечны.

Я н к а. Ды што вы, урэшце? Хто ён? Я ж яго як вас бачу.

Д а м і н і к (амаль шэптам). Бунтаўшчык. Яшчэ з таго паўстання. Начальства казала: паны прыгон вярнуць хацелі, і таму паноў лавіць і вешаць трэба. Ды толькі не мужыкі іх вешалі, а яны самі. Начальства.

Далёкія грымоты.

Значыць, нейкая хлусня ў тых чутках была.

Б я н і г н а. Ты б радзей да яго хадзіў. Усё ж стра-ашна.

Я н к а. Дачытаю вось кнігу – пайду.

Дамінік. Упарты. Але і кніга не выручыць... Зямля адна выручыць... Зямля.

Янка расчыняе акно. Аднекуль здалёк вядзе песню дзявочы голас.

Б я н і г н а. Марыся вядзе. I галасістая ж на нашы песні. Глядзі-і, Янка.

Голас Марысі.

I ўчора ня быў, і сёння ня быў,

Відаць, мой міленькі мяне пазабыў.

– Ой, я не пазабыў, не пазабуду,

Сяду паеду, сем год не буду.

Д а м і н і к. Хай чужая – зямля.

Я н к а. Не хачу чужой зямлі. Мая гэта зямля.

Заслона.

КАРЦІНА ДРУГАЯ

Бібліятэка ў флігелі Зыгмунда Чаховіча ў Бясядах. Простыя беленыя сцены, паўкруглыя зверху вокны, канапа, пацёрты дыван, столік, крэслы. Адзіная раскоша – мноства кніг, і патрапаных, і старадаўніх скураных, і ў ціснёных золатам вокладках. Астатняе – пацёртае і нібы прыцярушанае пылам. Янка Луцэвіч толькі зайшоў у пакой з пакункам кніг. У пакоі два чалавекі. Сядзяць ля століка. На крэсле малады хлопец Стафан Каляда. У фатэлі, накрыты пледам, сам Зыгмунд Чаховіч. Яму каля сямідзесяці год.

Ч а х о в і ч (не расплюшчваючы вачэй). Пачакай, Янка. Вось пагаворым са Стафанам, тады ўжо і з табой. Лезь у кнігі... Ну дык і што, пане вялебны Стафан Каляда?

С т а ф а н. Валахоўскі стары як ашалеў. Як ваўкалак яго пакусаў. Сабак і тых, здаецца, грыз бы. Сагнаў арандатараў у Ліпаёве, Шульжыцах, яшчэ “запашнікаў” чалавек дзесяць. Цяпер прыходзіць, відаць, чарга на нас.

Чаховіч. А Гладышэўскія?

С т а ф а н. Наўрад ці Казік, сынок ягоны, заступіцца. Той па дзяўчатах, відаць, так да сівых валасоў і гойсаць будзе. А цяпер гэты Казік... як паказіўся на Марысьцы Гладышэўскай.

Ч а х о в і ч. То хай бы і жаніліся. I Гладышэўскім спакой.

С т а ф а н. Угу. Гэта ён проста капытамі б’е. Так ён з ёю і ажаніўся, з арандатаравай дачкой. А тады і згоніць... А можа, і раней згоніць, бо тая Марыся ні на яго, ані на каго іншага і пляваць не хоча (пакасіўся на Янку). Ёй іншы ў галаве. Валахоўскім толькі і ў галаве, што людское шчасце. Авечкі, бульба, бровары ім у галаве. Словам, нам раней у парабкі, Гладышэўскім – пазней. Цаной ганьбы... Што рабіць, дзядзька Цыкмун?

Ч а х о в і ч. Што ж я магу табе зрабіць, хлопча? Хіба скаргу за цябе напісаць?

С т а ф а н. Каму?

Чаховіч. У сенат.