Калыска чатырох чараўніц

Я н к а . Што скарга? I ў нас было тое самае за сем год да майго нараджэння.

Ч а х о в і ч. Ну тады адразу з “всеподданнейшей жалобой”. (Вочы ўсё яшчэ заплюшчаныя, але на вуснах іранічная ўсмешка). Ну, напрыклад, так: “Ваше Императорское Велнчество, Августейший Монарх, Всемилостивейший Государь. Просит такой-то отставной арендатор, жительствующий там-то. Всеподданнейшая жалоба. Правительствующий Сенат по такому-то Департаменту, рассмотрев такого-то числа... определил. Решенне это, как несогласное с обстоятельствами дела и с точным смыслом таких-то законов, я нахожу неправильным по следующим основанням... представляя при сём...»

С т а ф а н. Будзе вам цар гэткае глупства разглядаць.

Чаховіч. Угу. I таму: “Всеподданнейше прошу: Дабы повеле-но было настоящее дело передать на рассмотренне на Общее Собранне Правительствующего Сената»... Тых жа, хто пазбавіў яго шляхецтва, а цябе – зямлі... А ты – умову аб арэндзе. А ён тады – прашэнне “о взысканни арендной платы с наложеннем ареста на движимость”.

С т а ф а н. А ён куды? Цару?

Ч а х о в і ч. Будзе ён пэцкацца. “Его Высокородню Г-ну Мировому судье такого-то участка... По такому-то договору такой-то взял у меня в аренду то-то на такой-то срок, обязавшись, по истечению такого-то срока, очистить беспрепятственно оный участок н подчиняясь в противном случае неустойке по столько-то рублей в день. Обязательства сего ответчик добровольно не исполнил, по истечении срока контракта участка не очистил... Ввиду вышеизложенного, представляя при сём... договор найма... а также судебных пошлин... н сбора за бумагу”. А ты “прашэнне аб вызваленні, што заплочана”. А ён: “На основании, представляя при сём подлинный... с подписями на оном... прошу Ваше Высокородне о взыскании... с судебными и за веденне дела издержками, с предварительным обеспеченнем этого иска...”

С т а ф а н. Памрэ бацька. Хворы.

Ч а х о в і ч. “Такой-то, ныне умерший, должен мне такую-то сумму по арендному договору... Представляя настоящий иск к лицу умершего собственника на основании 215, 752, 960 ст. Устава Гражданского Судопроизводства”.

С т а ф а н. Што ж рабіць?

Ч а х о в і ч. Ведаць, што ты жывеш у вялікім імперскім свінстве (расплюшчыў вострыя вочы) “от финских хладных скал до пламенной Колхиды”.

С т а ф а н. Усё. Ды я тады – за сякеру... Ды я ім – пеўня чырвонага.

Ч а х о в і ч. Гэх, думалі б вы так сорак год назад. Не стаялі б убаку. Не верылі брахні. Былі б з намі – мокрае месца ад іх асталося б.

С т а ф а н. Застанецца.

Ч а х о в і ч. Гінулі мы тады адны. I чым я магу памагчы табе? Сагнанаму арандатару былы катаржнік, а сённяшні напалову жабрак.

С т а ф а н. Мокрае месца... Толькі зараз м ы адны згінем. Усё адно вы – паны.

Ч а х о в і ч. Чаму?

С т а ф а н. Усе адно вы – паны. Гаворыце – не па-нашаму. Пішаце – не зразумець. Праўду, відаць, ад нас пад зямлю схавалі, зааралі, каменем прыціснулі.

Выбег, ледзь не сутыкнуўшыся ў дзвярах з А к о н а м а м.

Аконам. Нех бэндзе пахвалёны.

Ч а х о в і ч. Няма за што хваліць... Ну, што там?

А к о н а м (ён споўнены самага нязноснага гонару, бо цвёрда ўпэўнены, што ўмее гаварыць па-польску). Пані скаржыся, жэ мужыцы ходзёнць па садон. Могонць држэвы обэбіць. Могонць држэвы абэнбіць, абэрваць.

Чаховіч. Ты лічыш, што па-польску “абэнбіць” – гэта па-тутэйшаму “абабіць”, а “абэрваць”, адарвацца, надарвацца – гэта “абарваць”.

А к о н а м. А ліха, пшэпрашам, паньства ведае. Вядома... Нестэты, пані...

Чаховіч. У пані – палац. У мяне – пакой у флігелі. Я не хаджу да пані. Яна – да мяне. Яны, мужыкі, – і дарэчы вось гэты “мужык”, у якім блакітнай крыві больш, чым у цябе, вялебны пане Пшыпердзіньскі, – не ходзяць параднай брамай. Яны ходзяць чорнай форткай. Як я. Так ёй і скажы.

А к о н а м. А калі яна, скажам, звернецца ды с к а ж а я ш ч э н е д з е ?

Чаховіч. У “блакітным” доме?

Аконам. У “жоўтым” доме... Пан глову сву барзо змэнціл. Тржэба пану гловон одпоцёнць.

Гэта гучыць так нясцерпна, што Чаховіч не вытрымаў.

Ч а х о в і ч. Як ты смееш, хамуйла, не ведаючы, польскую мову перакручваць ды псаваць?! Згінь, варона!!!

А к о н а м знікае.

Ах, быдла! Ах, якое паскуднае быдла!

Я н к а (крыху азадачаны). Вас так абразіла знявечаная мова польская?

Ч а х о в і ч. Ат, глупства... Аднойчы мужык у лесе ўбачыў, што маланкі б’юць у корч. Аж гэта бог ваюе з чортам, ды ніяк не трапіць. А чорт на кожную маланку – дулю, дулю ў неба. Мужык падумаў: “Трэба памагчы”. Зарадзіў стрэльбу срэбнай куляй ды я-ак пальне – чорт і пятамі накрыўся. Тут з неба голас: “Бэндзеш збавёны”. Мужык за галаву схапіўся: “Маці мая, і там палякі...” Я т у т э й ш ы – м о в ы п о л ь с к а й. А жонка мая, Анэля Арамавічуўна, з польскіх лютэранак. Рэч ненатуральная. Усе адно як шчаслівы геній, смярдзючая ружа... манарх-дэмакрат... дыктатар-народалюбца... свядомы свайго паходжання тутэйшы. Дый дзеці мае... большыя католікі, чым папа рымскі. Больш самотнага ўявіць сабе нельга. Адзін. Чужы я. Усім.

Я н к а. Таму што калісь паверылі, нібы вы з сябрамі хочаце прыгон вярнуць, зноў людзей прадаваць?

Чаховіч. I таму. Гінулі за вас. А народ паверыў агульнаму нашаму ворагу (разглядае сухія кулакі). Шкада, што ў свой час не здолелі па-сапраўднаму ўдарыць. Нават не за сябе, не за мужыка шкада. Шкада дзеля таго, што ходзяць па зямлі вось такія хамуйлы. Разбэшчаныя сваім рабствам перад моцнымі. Сваёй “уладай” над слабымі. А была ж у нас агульная справа.

Я н к а. I загінула.

Ч а х о в і ч. Так, знайшліся кнігаўкі, канюхі. Памятаеш казку: усе звяры і птушкі капалі студні, рэкі, ручаінкі, каб на зямлі была вада. А канюх сказаў, што працаваць не будзе, што яму і расы хопіць. I бог сказаў яму: хоць бы ты здыхаў, то нават у паводку будзеш прасіць “піць”!

У гэты час зноў, яшчэ больш настойліва загучаў Голас:

“...Боская кара ўсіх мусіць спаткаць

Тых, хто, баючыся цярпення і мукі,

Не хоча папраўдзе для ўсіх працаваць.

Дык ведайце ж, браткі, хто к працы вялікай

З вас рук прылажыць не захоча сваіх,

Такому бог скажа: “Піць!” Цэлы век клікай

I будзь праклінаны ад браццяў сваіх”.

Я н к а (схамянуўшыся). Вы сказалі нешта, пане Цыкмун?

Ч а х о в і ч (са здзіўленнем). Не... А... што такое?

Я н к а. Разумееце, галасы. Ні ўдзень ні ўначы не даюць спакою. Вырвацца хочуць, сказаць. Як хворы я.

Ч а х о в і ч (занадта ўважліва глядзіць на яго). Быць табе нечым або вельмі дрэнным, або надта добрым. Прапаведнікам, місіянерам сярод глухіх абэлтусаў... Паэтай.

Я н к а. Але яны... не па-польску... I... ні на якой іншай мове.

Ч а х о в і ч. А ты паляк?

Я н к а . Хто ведае. У касцёле... Дый там, як гэны аконам.

Ч а х о в і ч. Ну, гэта крый цябе божа.

Я н к а. Проста... тутэйшы я.

Ч а х о в і ч. Ну, гэта ўжо лепей. Але такога яшчэ ніхто не рабіў. Дый як рабіць? Гавораць – і я таксама – як з пушчы.