Калыска чатырох чараўніц

Я н к а. Гавораць прыгожа. Запісаць няма як.

Ч а х о в і ч. Запісаць?.. Ну-у.

Я н к а. Пане (бярэ кнігу), а вось тут у “Філасофіі гісторыі польскай”. Нейкія лісткі невялічкія. I... неяк больш падобна як у нас людзі гавораць.

Ч а х о в і ч (бярэ лісткі). А-ёй. А я яшчэ й гадаў, куды я іх тады засунуў. Глядзі, і пры вобыску не знайшлі. Ну-у, шчаслівы мой бог. А тое б не дванаццаць год катаргі, а... (Пацірае шыю.)

Я н к а . Словы незвычайныя – мароз па скуры.

Ч а х о в і ч. Словы звычайныя. Сэнс незвычайны – таму і мароз. “I як добра слуга глядзіць худобы гаспадарскай і слухае свайго гаспадара, так добры ронд, урад, глядзець павінен шчасця людзей, слухаць народу і рабіць так, як народаві лепей... бо не народ зроблены для ронду, а ронд для народу. А ў нас, дзецюкі, чы гэтак?” Ну так, так. Суды – воўчая яма. Войска – не каб людзей берагчы, а не дазволіць народу і застагнаць... “Дзяры з нас, цар, дзяры з нас, чыноўнікі яго, хаця да астатняй шкуры; но памятайце, што і на вас прыйдзе пара...” I салдатчына (бярэ другі лісток): “Забыці там трэба, што ёсць у нас наша бацькаўшчына... I аддаць жыццё не за дабро і шчасце ўсіх, а за ліха і вечную няволю нашых братоў”.

Я н к а. Хто гэта?

Ч а х о в і ч. Гэта мой сябар. Ліцвін, сепарыста. Тутэйшы.

Я н к а. Словы. Нашы словы.

Ч а х о в і ч. Сябе не помніў ад захаплення гэтым... I быў лепшы на свеце чалавек, якога мне даводзілася сустракаць... I быў павешаны за гэта.

Я н к а . Як... за слова?

Ч а х о в і ч. За справу і слова. Кастусь-Вікенці Каліноўскі. Дваццаці шасці год.

Я н к а. На сем год старэйшы. Няўжо ў такія гады можна зрабіцца настолькі страшным?

Зноў за акном грымоты, але чуюцца стрэлы, тупат ног, гарматныя залпы. I святло маланак як пажар.

Ч а х о в і ч. Якія раннія навальніцы ў гэтым годзе. Яшчэ ж і вясны амаль няма. Грыміць і грыміць.

Я н к а. Прарочыць нешта.

Ч а х о в і ч. Што нам можа нешта прарочыць? Знову кроў... I вось нічога. Нічога мы не здабылі тады сваёй крывёй. Бо чужыя. Не душою – словам... І вось лепшым – шыбеніцы. А тым, што крыху горай, – тачкі ў рудніках. Ведаеш, што такое Нерчынскія горы? Гэта свінцова-срэбныя шахты. Вось мяне – туды. А я ж быў толькі сябрам Кастуся. І экспедытарам паўстання. А ты ведаеш, што такое свінцовае атручванне? Гэта калі дыхаеш пылам, што змяшчае свінец. Дзясны аспіднага колеру... Нудзіць... Баліць... Колікі... Эпілептычныя сутаргі... Растройства розуму... Паралюш. Чаму на золаце пад Нерчынскам катаргу адмянілі, а на свінцы – не? Таму што нармальны чалавек на свінец не пойдзе.

Я н к а. I гэта – за слова?

Ч а х о в і ч. Слова. “Спачатку было Слова. І Слова было ў бога. І бог быў Слова”. Я да свінцовага скону не дайшоў. Лічылі: ідэаліст. Але, ідэаліст. Але ідэалізм у сэнсе адданасці ідэі – гэта не матэр’ялізм напхатага пуза...

Я н к а . I вось мужыкоў зганяюць з зямлі.

Ч а х о в і ч. Кідаюць яны свае верасовыя пусткі, ідуць у свет, галадаюць.

Я н к а (дастаючы хатулёк, муляецца). Пане Цыкмун... Вось тут... Сыру крыху. Прабачце... Масла... Ну, вяндліны...

Узнятая рука старога здрыганулася. Ён адыходзіць да акна. Маўчанне. Стары маўчыць, і ў яго калоцяцца худыя лапаткі.

Ды не біце вы мяне.

Ч а х о в і ч (справіўшыся). Нічога. Нічога. Гэта прайшло. Толькі мы будзем разам. Разам.

Яны раскладаюць ежу на століку. Янка толькі робіць выгляд, што есць.

Сынок... Дзякуй табе... Гэта мне ўзнагарода... За чужую жонку. Чужых дзяцей... Чужы народ... Нездарма мы... Я... I калісьці ўсе разам за адзін стол. Я не дажыву, можа, і ты. Але разам за адзін стол...

Я н к а. Як зрабіць гэта?

Ч а х о в і ч. Не ведаю. Кожны памыляецца, і шукае, і знаходзіць сваё Слова с а м. Ва ўсякім разе памагай табе бог на тваім шляху. Табе. I Стафану Калядзе... I тысячам такім іншым... што елі сала тутэйшых і не паважалі іх. I за гэта паплаціліся.

Я н к а (глуха). Вы так бядуеце. Чаму б вам не кінуць гэтыя Бясяды, жонку, якая для вас нядобрая.

Чаховіч. Я напаўлегальны. Акрамя таго тут частка і майго маёнтка.

Я н к а. Ды нашто ён вам? Вы такі багаты. Вось гэтым (паказвае на кнігі). Тысячы людзей, тысячы сяброў. А тут... ледзь не адзін я, малапісьменны хлопец.

Ч а х о ві ч. I, можа, адзінае маё апраўданне... I яшчэ – гэта мая таямніца. Адкрыць яе пакуль не магу. Але гэта, акрамя, можа, цябе, адзінае, што трымае мяне пры жыцці. (Стары амаль велічны.) Помні, т а я м н і ц а.

Заслона.