Калыска чатырох чараўніц

КАРЦІНА ТРЭЦЯЯ

Ранняя вясна. Каля муроў цвінтара Багаяўленскай царквы ў Лагойску – нядзельны кірмаш. Але ён шуміць недзе наводдаль, а тут толькі стаяць некалькі распрэжаных вазоў, ды на цвінтары жабракі і жабрачкі спяваюць “Лазара”;

Як жыў сабе Лазар, чалавек убогі,

Ён лезны – балесны, сільна ўрадлівы.

Як пайшоў ды Лазар к брату-багачу,

Брату-багачу пад ягонае вакно.

“Ня ёсць ты мой брат, а ёсць люты пёс, –

Ёсць у мяне браткі – не роўня табе,

Ёсць у мяне браткі – у кроплю як сам,

Такія як сам – найраскошны пан”...

Ў гнаю ляжаў Лазар трыццаць тры гады,

Перад брамай багатавай братавай.

I яшчэ сядзіць ля мура Л і р н і к, спявае “Плач Адама”:

Ужо ж мы не бачым

Прасветлага раю,

Ужо ж мы не чуем

Янгальскага гласу!

Вочы нашы – ямы,

Руцы нашы – грабы:

Што вочы забачуць,

То руцы заграбюць,

Што маем, то мала,

Ажно ўсяго многа

Пад небам высокім

У госпада бога.

На камені сядзіць Я н к а і слухае Лірніка.

Я н к а. Ну і што з таго, што ўсяго многа, дзеду?

Л і р н і к. Усяго многа. Праўды мала... Усё жыццё пра тую праўду і я і унь яны, на цвінтары, спяваюць, а не вымалілі яе.

Ж а б р а к і.

Не было ў тым доме набожнай душы,

Балеснаму Лазару хлеба-солі даці,

Сваёй душы царствія ўратаваці.

Толькі былі ў тым двары два лютыя псы:

Яны па падстоллю заўжды хадзілі

I дробныя крошкі сазбіралі,

Балеснаму Лазару у гной насілі

I тым яго душу-цела заўжды жывілі...

Я н к а. Толькі яны?

Л і р н і к. Толькі. I няма яшчэ голасу гэткага моцнага, каб вымаліць праўду.

З’яўляецца Стафан Каляда.