Калыска чатырох чараўніц

С т а ф а н. У-у, Янук.

Я н к а. Здароў, Стафан.

Стафан. А я думаю: у лірнікі ты гэта пайшоў, дзе пад лагойскім багаяўленнем праўду вымольваеш.

Я н к а. 3 маім голасам? Жартуеш...

С т а ф а н. Ты дзе?

Я н к а. Ды па-ранейшаму. Бацькі ў Селішчы. Я вось вучылішча скончыў, ды да іх. А ты?

С т а ф а н. Значыць, канчай не канчай – усё адно плуг... А мы вось не вымалілі праўды. Згоняць нас вось-вось. Валахоўскі лютуе. Мы сёння пойдзем... Ну, Гладышэўскіх, можа, часова пашкадуюць. Казік у бацькі, на Марысю паглядаючы, на гадок адмоліць.

Я н к а. Жэніцца?

С т а ф а н. Гэ-э. Ён? Неба хутчэй упадзе... Слухай, Янка. Толькі ў яе і размовы, што пра цябе. А мне гэта...

Я н к а. А я ні ў чым табе перашкаджаць не хачу.

С т а ф а н. Што, не падабаецца?

Я н к а. Ды не, хутчэй наадварот.

С т а ф а н. Баішся, што бацька хворы, а ты – старэйшы з сямёх дзяцей?

Я н к а. Гэта мяне не спыніла б. Рукі моцныя – побач, сэрца добрае – ля майго. Але як быццам нехта забарону паклаў... На сем замкоў браму да яе замкнуў.

С т а ф а н. Дык ты...

Я н к а. Не бойся. Нічога ёй не скажу.

Стафан. А с а м а яна скажа?

Я н к а. I на гэта не адкажу нічога... Ты лепей унь туды паглядзі.

З’яўляецца М а р ы с я ў таварыстве А г а т ы, М а г д з і і Е в ы. Да іх павольна набліжаецца К а з і к В а л а х о ў с к і.

К а з і к. Дзень добры, паненкі.

М а р ы с я. Здароў быў, пан Казімір.

А г а т а. А гожанькі... Як макаўка.

М а г д з я. Як макаўка, калі асыплецца.

Ева. Нічога яшчэ. Пакуль каласы на палёх ды сады не асыпаліся.

К а з і к. Але ж паненкі, як кветкі ў крапіве. Што вам сярод гэтых?

М а р ы с я. Чаму? Тут не толькі яны. Тут кампанія пажондная. Унь пад багаяўленнем усе Тышкевічы ляжаць.

М а г д з я. Графы. I тут жа побач з жабраком Янка сядзіць... “Чатыры панове на адным канёве”.

М а р ы с я. Магдзя, не руш.

Е в а. I праўда. Калі з вас ніхто, то я б з ім у садочку пасядзела б. Яблык знайшла.

А г а т а. Ох, патрэбныя мы ўсе яму. Што за чалавек? Іосіф прыўкрасны? Ляксей – чалавек божы?

М а р ы с я. Смяецеся.

А г а т а. Я – не.

М а р ы с я. А ён нібыта й сапраўды нейкай сілай абраны.

К а з і к. Гэты? Н-ну... Гэта прабачце ўжо. Добры хлоп, але бардзо смердзі.

М а р ы с я. Яшчэ скажыце такое, пан Казімір,– тады ідзіце лепей.