1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17

Калядная рапсодыя

У бэзавым прыцемку, які пачаў асядаць на зямлю, зноў таргануліся колы. Павольна паплыў перон. Цягнік, нервова здрыгануўшыся на першым стыку, сказаў: ”Так”. І паплыў, паплыў назад ужо не перон, а ўвесь Пінск з ціхімі вулачкамі, заінелымі вербамі, з прадаўнімі дзікімі вежамі званіц, што з чыгуннай суровасцю перакрэслівалі акаём.

Вячэрняя зара разлілася на паўнеба, стылая, дзіка-чырвоная, пагрозлівая.

“Будзе люты мароз”, – падумаў мужчына год трыццаці. Ён паклаў на столік старую кнігу, закінуў чамадан на паліцу і зноў глянуў у акно.

Чырвань была такая сцюдзёная, што ён сцепануўся, нібы гэта яго ўжо зараз марозіла. Наліў на дно шклянкі каньяку, выхіліў, але зноў адчуў, што мурашкі бягуць па скуры, хаця ў купэ было хутчэй горача.

“Божа мой, які страшны, які бязлітасна-мерзлы захад! Як, ты скажы, космас на зямлю прарваўся!”

У чалавека было харошае, крыху нервовае аблічча. Калісьці, відаць, дужа простае, палеска-сялянскае, цяпер – адзначанае заўсёднай, у кожную хвіліну , магчыма, нават у сне – думай.

Вельмі густыя бялявыя валасы. Сінія, дужа добрыя і стомленыя вочы рэзка кантраставалі з прыгожымі вуснамі. Псаваў аблічча хіба што няправільны нос, крыху занадта задзёрты ўгору. Ды не, не псаваў. Пасаваў. Быў дарэчы на гэтым абліччы: замяні грэчаскім, а пасля плюнь.

Нервовыя, моцныя пальцы рук. Словам, наўрад ці знайшлася б дзяўчына, якая на яго запрашэнне не пайшла б з ім на танцы.

Толькі зараз гэтых дзяўчат не было. Мужчына ехаў адзін не толькі ў купэ, але ці не ва ўсім вагоне.

Было Палессе. Былі каляды.

“Божа мой, гэта ж якраз заўтра каляды!.. І вакол Палессе. Маё Палессе. Не Брэстчына, не лясістыя, лістоўныя ўзгоркі Мазыршчыны. Маё. А я ж сто год не быў на радзіме. І вось ужо хутка мой паўстанак. Палову хвіліны стаянкі. Потым удараць у пазелянелы медны звон, і цягнік кіне мяне на рэйках .

А там яшчэ дваццаць вёрст – і вось мае маленькія Ласевічы, загубленыя сярод бясконцых лясоў, дрэмлючыя ў снягах пад начную пераклічку ваўкоў у палях і сабак у сяле…

…А я наштосьці еду на сто вёрст далей. Да жанчыны, пра якую не ведаю нават, кахаю яе альбо не”.

Балаты, азёры пад ільдом, лясы, мора снягоў. А ўлетку мора вады.

“Усё нібы змяшалася ў гэтых успамінах. Не толькі поры года, але і прыцемак з днём і ноччу. Заплюшчыш вочы, і вось усё паплыло, паплыло перад вачамі”.

Вось сітнягі, што ўмерзлі ў голы сіняваты лёд. Суха пяюць пад калючым ветрам. Выцягнеш з пелькі кошык з сенам і вытрасаеш з яго на лёд гнуткіх, як змейкі, жвавых уюноў. Пальцы ад вільгаці і марозу чырвоныя і кепска гнуцца.

За акном вагона рэдкія аазісы вёсак і першыя агні ў хатах.

“А я еду да той, пра якую нават не ведаю, кахаю яе альбо не”.

Цёплая хваля коціцца па сэрцы толькі пры думцы аб прытульнасці яе гнязда. Увойдзеш, кінеш чамадан, і яна выбежыць насустрач табе, у халаціку, заспаная, цёплая са сну, чарнявая дужа мяккімі густымі валасамі, вельмі белая абліччам, абаўе цёплыя рукі яму вакол шыі, павісне.

Потым яны лягуць. І яна, муркаючы, будзе тычыцца носам яму ў плячук, уладкоўвацца, як зручней.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17