1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17

Калядная рапсодыя

– Дык вось жа я. Прыехаў.– Бачу, што прыехаў. Свайго недзе не знайшоў, то прыехаў.Прыгожыя дыялогі бываюць толькі ў раманах. У жыцці яны, часцей за ўсё, грубыя, кароткія і невыразныя. Але каб вы толькі бачылі, колькі болю, пагарды і нянавісці было ў гэтых вачах.– Саступі.– Ты раней растлумач, што здарылася? Чаму не адказвала на тры мае лісты?– Тры? У каго ты вочы пазычыў? Хоць бы слова за ўвесь гэты час!– Хлусня.

– Гэта ў цябе хлусня. Ва ўсіх вас хлусня. Каляды забыў. Адрыну забыў. Такое забыў. Шэлег табе цана, ты – тхор.– Алена, гэта памылка нейкая. Немагчыма, Алена.Гаворачы нешта бязладнае, ён паспрабаваў узяць яе за рамёны, расказаць, растлумачыць нешта. Але яна раптам з усёй сілы саштурхнула яго са сцежкі. Ён не быў зломкам, але штуршок быў зусім нечаканы, і ад яго Мікола сеў у снег.І ўсё гэта бачылі людзі, а яна прайшла, не, праплыла міма, выяўляючы спінаю такую неймаверную пагарду, што Ласевічу стала холадна пад сэрцам.У ранейшыя часы ён у адказ надаваў бы ёй ляшчоў, і ўсё, магчыма, высветлілася б, але цяпер ён быў для гэтага ўжо занадта цывілізаваным чалавекам. Кепская ўсё ж, часам, рэч – цывілізацыя.Таму ён толькі выбраўся на сцежку і, абабіваючы снег, сказаў услед глухім голасам:– Ты аб гэтым, Алена, пашкадуеш. Ні каляд і нічога я не забыў. І лісты дасылаў. Дзе – не ведаю. Спытай у свайго сумлення. Можа, адказваць не хацела, то й прыкінулася. Няхай. Шкадаваць не буду. Але лісты – былі, хай так мая хата гарыць і сам я здохну.

Павярнуўся і пайшоў прэч. Аблічча было такое, што твары ўсіх, хто бачыў, пасур’ёзнелі.Ён прамінуў хат каля пяці, калі яму здалося, што нехта ззаду паклікаў яго па імю. Ён не аглянуўся, з яго было досыць гэтай несправядлівай абразы на вачах вуліцы, ледзь не на вачах усяго роднага сяла.І зноў нібы нехта паклікаў. Няголасна. Ці, можа, яму толькі хацелася ў гэта верыць? Ясна, што толькі хацелася. Напаўголаса ніхто не кліча, ні на дапамогу, ні тады, калі бурыцца свет.А свет бурыўся. Мікола ішоў, амаль не бачачы дарогі, сутаргава хапаючы ротам паветра, і ўсё ўнутры ледзь не рвалася ад абразы, кахання і ўспамінаў.…Праз месяц, у камандзіроўцы ў Пінску – Міколу часта даводзілася ездзіць сюды – ён, скарачаючы дарогу, ішоў рынкам. Быў сакавік, і неба ўжо было празрыстае і сіняе, але ўсё яшчэ марозіла, у баб былі шызыя ад марозу шчокі, мужыкі ў вайлаках пераступалі з нагі на нагу, а ўюны ляжалі на прылаўках, змерзшыся ў вялікія срэбна-карычневыя купы, і іх даводзілася раздзіраць нажом на брылы, каб адважыць колькі ўжо там кілаграмаў.“Смачная рэч уюны. Адтаяць, нацерці соллю, каб не слізгалі ў руках, калі патрашыш. Дый якое там патрашэнне…”І тут Ласевіч нечакана сутыкнуўся з Петрам Любоўчыцам, у хаце якога прыбіралі каравай. Стаяў здаравенны, чырвоны ад марозу і ад таго, што, відаць, хільнуў чарчыну, усміхаўся.Пайшлі ў сталоўку непадалёк, хаця Міколу й не хацелася. Ён увогуле амаль нічога не еў увесь апошні месяц; не хацелася жыць. Але пацягнуў Петра, гарлаючы аб тым, што ў яго такі лешч, якога Ласевічу ніколі ў жыцці не даводзілася бачыць, а ў сталоўцы ёсць піва.Лешч, сапраўды, быў такі, якога не бывае. Сантыметраў на сорак. Яны абдзіралі з яго скуру, і агалялася карычнева-чырвоная плоць, якая аж сачылася, аж спадала кроплямі тлушчу. Два заўсёднікі за суседнім сталом пазіралі на іхнюю оргію з зайздрасцю. Петра і ім адхапіў па кавалку. Ён быў добры чалавек, Петра. А Мікола засумняваўся толькі, ці павезлі б яны, едучы да Петры, скрынку піва.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17