1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17

Калядная рапсодыя

– Ламанула вас, небараку.І тады ён абняў яе доўгія моцныя ногі і прынік абліччам да яе каленяў.– Ну што, што?– Нічога, проста мне ўпершыню за апошнія месяцы амаль зусім добра.Маўчалі. Цікаў гадзіннік, і яна адчувала, як, амаль у такт яму, няўхільна адмяраючы час, калоціцца ягонае сэрца. Незваротны, хуткаплынны, няўмольны час яе і яго жыцця.Яна схілілася і прыпала галавою да ягонай галавы:– Пусціце мяне, калі ласка, мілы вы мой.– Ды не пушчу, – з уздыхам сказаў ён.І раптам яна сама адчула, што яе сэрца, спячае, нібы замарожанае, безжыццёвае, пачало калаціцца ў тым жа рытме, што й ягонае.– Вы што ж, усю ноч так і праседзіце тут?– Калі спатрэбіцца, то і ўсю ноч.– Гэтага не трэба, – з цяжкім уздыхам, нібы скідаючы нешта, сказала яна.І ўстала. Ён, нібы зразумеўшы нешта, бязважна гладзіў яе ногі.– Устаньце ж, – гудным голасам сказала яна.У гэтым голасе гучала нешта такое рашучае, што ён падпарадкаваўся. Яна прыцягнула яго да сябе і халодна прыклала вусны да яго лба.– Ну вось. Нікуды я вас не пушчу. Транспарт ужо не ходзіць. Вось ваша тахта. Кладзіцеся. Я зараз.…Ён ляжаў і абыякава глядзеў у столь. Караблі, так бы мовіць, былі спаленыя. Чуў нейкія рухі ў кухні. Пасля даляцеў голас:– Згасіце святло.Ен працягнуў руку, націснуў выключальнік, і адразу пасвятлела чорнае дагэтуль акно. На яго фоне рухаўся сілуэт.– Хадзіце сюды, – ціха сказаў ён.– Я і іду..Пачуўся электрычны нейлонавы трэск. Пасля нейкі лёгкі прывід слізнуў у цемры і крануўся яго.Ляжала, уся сціснуўшыся, са зведзенымі плячамі, нібы кожны момант чакала ўдару аднекуль з цемры: жывое ўвасабленне краху і адчаю. І ён, прынікшы да яе, пачаў укрываць мяккімі бязважкімі пацалункамі яе плечы. Нібы суцяшаў. Ды так яно і было.Ляжала з моцна заплюшчанымі вачамі, не адказвала ні на яго пяшчоту, ні на ласкавыя рухі ягоных рук, і вусны былі сціснутымі так горка і так неймаверна моцна, нібы яе катавалі.

– Бедная мая, што з табою ўчынілі … бедная мая… харошая мая… Ну, прачніся, адтань, не трэба… вось бачыш… Усё яшчэ можа быць добра.Паступова, вельмі паступова яна адтавала; правяла рукою па яго валасах, уздыхнула, абняла яго, пачала прыціскаць мацней і мацней:

– Пашкадуйце мяне, слаўны мой, пашкадуйце мяне… Мне кепска, цяжка, вельмі нядобра… Халодна… Мне цяпер няма куды… няма… няма.У яго і сапраўды было толькі шкадаванне, шчымлівае, нязноснае, страшнае шкадаванне, у чымсьці падобнае на любоў. Але яна, не ведаючы гэтага, не жадаючы ведаць, цалавала яму рукі:– Мне страшна… Мне ўсе гэтыя дні было страшна, што я не вытрымаю.І раптам заплакала. Спачатку з такім нясцерпным адчаем, што мужчына спалохаўся. Потым ўсё больш ціха і жаласна, як пакрыўджанае дзіця. Ён гладзіў яе па валасах, і яна ўжо толькі ўсхліпвала. І раптам, прыхліпваючы, сказала яму:

– Дзякуй табе. О, дзякуй табе! Я сёння не магла б адна. Ноч, песні. А тут халодны пакой, і думы, і нясцерпная абраза. І таму ўсё як з гуся вада ў гэтую ноч і ва ўсе ночы. Я не была з ім, але ён мне, але я яго…– Кінь пра яго, – жорстка сказаў мужчына.

– Не буду болей. Не варта. Ты мяне навучыў гэтаму. Дзякуй табе, што ты не пакінуў мяне адну. Нават калі ніколі болей – дзякуй. За тое, што трапіў на шляху – дзякуй, што суцешыў і даў сілы – дзякуй, за тое, што ты ёсць – дзякуй.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17