1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17

Калядная рапсодыя

Раніцаю будуць сядзець адно супраць другога ў крэслах, паклаўшы ногі ў крэсла таго, хто сядзіць насупраць, прыхлёбтваць віно, слухаць музыку, чытаць, і зрэдку ён будзе браць яе ладныя моцныя ногі і грэць іх у сябе на каленях. І за ўсе гэтыя дні аж да вечара ён ані на хвіліну не выйдзе з цёплай хаты на люты мароз. А можа, і вечарамі не заўсёды выйдзе.

…Пазнаёміліся яны на вакзале, калі гэта можна было назваць знаёмствам. Ен тады ўпершыню прыехаў у яе горад. Здарылася буйная непрыемнасць: пажар на электрастанцыі. Галоўнаму інжынеру пагражаў суд. Добраму, страшэнна сумленнаму ў працы чалавеку, спецыялісту, якіх пашукаць. Усе ведалі гэта і шкадавалі. І таму паслалі тэхнічным экспертам менавіта яго, Міколу Ласевіча; ведалі таксама і пра добрыя яго адносіны да інжынера, і пра поўную ягоную бесстароннасць, і пра тое, што ў аўтаматыцы ён разбіраецца, як ніхто: большасць аўтаматаў упраўлення на электрастанцыях рэспублікі ставіў і наладжваў або ён, або ягоныя людзі.

Выйшаў тады на ранішні замглёны перон, убачыў, што з цягніка злезла хіба што з дзесятак людзей і сярод іх ідзе дзяўчына з дужа цяжкай валізкай. Злосная, відаць, з гэтай прычыны. І яшчэ таму, што недаспала. Дагнаў, узяўся за ручку:– Мілая дзяўчына, якім гэта манерам даехаць на вуліцу Міцкевіча?Тая тарганула чамадан на сябе. Зрэнкі пашырыліся ад раптоўнай ярасці.– На таксі!– На гэткія пытанні дакладна так адказваюць ерэванскія міліцыянеры.– Слухайце, адкасніцеся ад мяне, – у яе неяк дзіўна, нібы праз стрыманыя слёзы, заблішчалі вочы.– Здарылася нешта? – са шчырым спачуваннем спытаў ён.Але яна не адчула ў глыбокім ягоным голасе гэтай шчырасці.– Адыдзіце, – праз сціснутыя зубы, з непрыхаванай нянавісцю сказала яна. – Ведаем мы вашу спагаду, добранькія вашы вачаняты… Ну!Паціснуўшы плячамі, ён пусціў ручку.…Справа ягоная і сапраўды не вартая была выедзенага яйка. Ніхто не быў вінаваты. Проста супала адразу некалькі прычын, якія, па тэорыі верагоднасці, маглі супасці – ну, раз у тысячу год. І здарылася аварыя. Затое цяпер інжынеры ўсёй Зямлі тысячу год маглі спаць спакойна.Ён хацеў у той жа вечар ехаць дадому, але сутыкнуўся на вуліцы з сябрам – архітэктарам, і той, не слухаючы ніякіх пярэчанняў, увогуле нічога не жадаючы слухаць, пацягнуў яго да сябе “на каляды”. Адзіным довадам у яго было тое, што “нельга ж правесці ка-ля-ды ў дарозе”.Гэта былі гарадскія каляды. Як ва ўсіх такіх сем’ях, што (асабліва ў апошнія гады), раптам спахапіўшыся, пачынаюць вешаць на сценкі сялянскія посцілкі і вярэнькі для хлеба, ставіць на паліцах, пафарбаваных “пад старое дрэва” фарбай “Ван Дзік”, побач з мадэрновымі вазамі вясковыя карцы і каўшы або нават – яшчэ горш – шыць сабе з неацэнных палескіх ручнікоў, па-варварску перакройваючы і рэжучы іх, сукенкі.Кактэйлі каля самаробнага хатняга бара, міксеры, здабытыя чорт ведае дзе, досыць смелыя, хаця й прыстойныя дэкальтэ, размовы: спачатку пра высокія матэрыі, а пасля…І толькі распісная міска з куццёй, на якую ніхто не звяртае ўвагі (З рысу. Куцця з рысу – цьху!), ды жмуток сена, падкладзены пад ражок абруса (пад увесь нельга: келішкі будуць стаяць няроўна, паб’ецца крышталь), сяк-так нагадваюць у першыя хвіліны, што гэта не проста “міжсабойчык”. Потым абавязкова знойдзецца госць, які прыкінецца п’яным да быдлячага стану і пачне тое сена жаваць, чым і выкліча ўхвальны смех і воплескі.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17