1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17

Калядная рапсодыя

І вось у гэтым тлуме – гаспадара затрымалі ў бюро, і госці былі амаль усе ў зборы – Мікола амаль адразу ўбачыў тую, з чамаданам. Сябар, не слухаючы нараканняў жонкі, цягнуў Міколу знаёміць. І вось наблізіліся. Стаіць з келіхам у руцэ, глядзіць адчужана і няўхвальна.– Марыначка, лапачка, вось табе наш інжынер, заапякуйся.– Мікола Ласевіч.Пазнала. Але хаця б цень нейкай збянтэжанасці, нейкай няёмкасці ў вачах. Той жа суровы, пахмурны позірк.– Марына Леантовіч!– Го-го-го-го! – выбухнуў сябар. – Вось гэта дык удала. Нават манагрaм на насавіках мяняць не давядзецца, як сказалі б старарэжымныя божыя абдуванчыкі. Яна глянула на яго так, што ён, як кажуць, “зашыўся”. Прамармытаў нешта і адышоў.– Пагаварылі, – усміхнуўся Ласевіч.– А іначай, відаць, і гаварыць не варта, – суха сказала яна. – Ні з кім. Менш будзе асечак, расчараванняў, непатрэбных думак.За сталом іх пасадзілі побач: зноў нехта пастараўся. Хаця Міколу зусім не даспадобы былі яе рэзкія, калючыя манеры і словы – ён не любіў вечна ўсім на свеце незадаволенных людзей, – дый яна, відаць па ўсім, была незадаволена гэтым суседствам. Сядзіць простая, нібы тычку з’ела, вусны падціснутыя, вочы пагардлівыя. Анічога з таго, што ён так цаніў і любіў у жанчынах: мяккасць, іранічнае какецтва, вясёлая зменлівасць, дасціпнасць і гнуткі, такі адменны жаночы розум.Сумесь воблы, ваўчаняці і лютай тыгры. Шчыра кажучы, ён куды з большай ахвотай знаходзіўся б зараз у кожным іншым месцы, абы не тут.– Вы інжынер? – Бо трэба ж падтрымліваць хоць нейкую размову. – Цікава.“Нічога ёй гэта не цікава”.– І любіце сваю працу?– Я не люблю сваёй працы.Ён сапраўды не любіў яе. Паступіў калісьці на энергетычны толькі таму, што гэта хаця й нялюбае, але, прынамсці, “сур’ёзнае”, і яшчэ таму, што страшэнна не хацелася вучыцца на трактарыста ці яшчэ на кагосьці такога. Граў на баяне ў студэнцкім аркестры, вывучыў самастойна ноты да таго, што самае складанае мог бы бегла чытаць з ліста, пачаў учашчаць на канцэрты. І раптам зразумеў: тое, што ён з самага дзяцінства мармытаў сабе пад нос, – гэта таксама музыка. І не проста музыка. Ягоная музыка. Яна і зараз спявала ў ягонай душы, і ён параўноўваў яе з тым, што чуў, і казаў сам сабе, што ў яго часам – не горш. Можа, нават лепш.Дзень, калі ён усведаміў сабе гэта, быў самы благі, самы паршывы дзень у ягоным жыцці. Гэтае ўсведамленне няшчасця, усведамленне таго, што ўсё існаванне ягонае, усё, дзеля чаго ён быў, магчыма, пушчаны лёсам у свет, было адабрана ў яго толькі таму, што да бліжэйшага піяніна было дваццаць вёрст, а да бліжэйшай музычнай школы – каля трыццаці. І жыццё ягонае было прынесена ў ахвяру нялюбай справе толькі таму, што яму недзе было зразумець і зведаць музыку, недзе было нават зразумець, што ён яе любіць, што гэта і толькі гэта – ягоны шлях.Заставалася, праўда, і магла б яшчэ тады дапамагчы яму ўсвядоміць сваю любоў палеская песня, якую ён патаемна любіў, але нікому не прызнаваўся ў гэтым, бо дзяўчаты і хлопцы, па дурасці, песні гэтай саромеліся, а замест яе спявалі розную модную гарадскую лухту, якая хутка прыходзіла і гэтак жа хутка знікала ў нябыт. Саромеліся аж да таго, што калі бабы, бывала, завядуць у застоллі старую песню, нехта з маладых абавязкова кіне:– Ну-у, завялі. Староцце гэтае.Цяпер ён са спозненым болем успамінаў самы нязначны паварот гэтых мелодый… Нібы абразіў маці, якая даўно памерла.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17